ТЫШКЕ́ВІЧ Юрый Віктаравіч (8.3.1929, Мінск — 27.10.1983),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працаваў у розных тэхніках і жанрах станковай графікі (каляровай і чорна-белай лінагравюры, аўталітаграфіі. афорта і інш.). Творы вызначаюцца яркай вобразнасцю, лаканічнасцю кампазіцыйных рашэнняў, дакладнасцю і выразнасцю ліній: «Магілёўская шаша» (1959), «Красавіцкае сонца» (1960), «Кастрычнік». (1962), «Праталіны» (1964), «Хата Я.​Купалы» (1974), «Беларускія далі» (1980), «Дарогамі Беларусі» (1982) і інш. Аўтар серый: «Цаліна індустрыяльная» (1964), «Мужнасць» (1967), «На радзіме Я.​Купалы» (1968), «Гарады і гады» (1968—69), «Мой горад Мінск» (1970—73), «Беларускі трактарны» (1980), трыпціха «Белая бяроза» (1966).

Л.​Ф.​Салавей.

Ю.Тышкевіч. Красавіцкае сонца. 1960.

т. 16, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЛА-ВАЛО́ Алексантэры (Аляксандр Пятровіч; нарадзіўся 27.1.1900, С.-Пецярбург),

мастак. У 1919—30 жыў на Беларусі. Працаваў у газ. «Беларуская вёска», час. «Беларускі піянер», «Беларуская работніца і сялянка», «Плуг» і інш.; сатыр. малюнкі змяшчаў у час. «Дубінка» (1927). Аформіў кнігі Я.​Коласа «Новая зямля», А.​Александровіча «Угрум», П.​Труса «Ветры буйныя», А.​Вольнага «Табе», М.​Нікановіча «Вясновы прамень», К.​Чорнага «Хвоі гавораць» і інш. Аўтар станковых лінарытаў «Ахвяра віна» (1921), «Кастрычнік у космасе» (1925), «Атэлье» (1927). Мастак-канструктар павільёна Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі (МОПР) для 1-й Усебел. выстаўкі сельскай гаспадаркі і прам-сці (1930, Мінск). Жыве ў Фінляндыі.

Л.​Дз.​Налівайка.

А.Ахола-Вало. Вокладка кнігі П.​Труса «Ветры буйныя».

т. 2, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЛЯКІ́ (Suillus),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. балетавых. Каля 50 відаў, усе ядомыя. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі 5 відаў М.: балотны (S. flavidus), летні, або зярністы (S. granulatus), лістоўнічны (S. grevillei), позні (S. luteus), шэры (S. aeruginascens). Трапляюцца пераважна ў хваёвых лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца з мая па кастрычнік.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 5—10 см, гладкая, ліпка-слізкая, белаватая, шараватая, бурая, жоўтая, жоўта-бурая. Ножка суцэльная, цыліндрычная, часта з кольцам. Спараносны слой трубчасты, прырослы. Мякаць тоўстая, мяккая. з прыемным пахам і смакам. Споры эліпса-верацёнападобныя, гладкія, светлыя, жаўтавата-бураватыя.

С.​С.​Колас.

Маслякі: 1 — шэры; 2 — лістоўнічны; 3 — позні; 4 — летні.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЕ́НЧЫК Мікалай Яфімавіч (н. 15.10.1953, г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (2002), дац. (1993). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1979). Настаўнічаў. З 1984 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, з 1988 выкладчык, дацэнт Бел. пед. ун-та, з -2000 заг. кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Бел. тэхнал. ун-та. Даследуе гісторыю партый, прафес., нац. арг-цый і рухаў у час Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый 1917, перыяду акупацыі Беларусі ў 1918—20.

Тв.:

Грамадска-палітычнае жыццё ў Мінску (сакавік—кастрычнік 1917 г.). Мн., 1994;

Грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый (сакавік 1917—сакавік 1918 гг.). Ч. 1—2. Мн., 2001.

т. 18, кн. 1, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУМАЖКО́Ў Ціхан Піменавіч (2.7.1909, г. Дальнярэчанск Прыморскага краю, Расія — 23.9.1941),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Палескай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў Мінскі хіміка-тэхнал. тэхнікум. З 1935 працаваў дырэктарам з-да, старшынёй Петрыкаўскага райвыканкома, з 1939 1-ы сакратар Акцябрскага РК КП(б)Б Палескай вобл. У пач. Вял. Айч. вайны ўзначаліў барацьбу працоўных раёна супраць захопнікаў, стварыў (разам з Ф.І.Паўлоўскім) партыз. атрад «Чырвоны Кастрычнік», які з часцямі Чырв. Арміі 18.7.1941 разграміў штаб ням. дывізіі ў в. Воземля Акцябрскага р-на, захапіў палонных і шмат баявой тэхнікі, аператыўныя дакументы і інш. У жн. 1941 накіраваны на Паўд.-Зах. фронт. Загінуў у Палтаўскай вобл. У г.п. Акцябрскі пастаўлены помнік Бумажкову.

Ц.П.Бумажкоў.

т. 3, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАЕ́ВІЧ Галіна Анатолеўна (н. 30.1.1922, г. Віцебск),

бел. мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1951). У 1957—85 гал. мастак Мін-ва прам-сці буд. матэрыялаў БССР. Распрацоўвала ўзоры вырабаў са шкла і хрусталю, якія вылучаюцца тонкай каларыстычнай гамай і вытанчанасцю форм («Прыцемкі», 1968; «Цюльпаны», 1969; «Лета», 1971; «Вячэрні», «Святочны», абодва 1972; «Вясна», 1973; «Зарыва», 1975; «Святлафоры», 1976; «Серабрысты іней», 1980; «Зімовая казка», «Папараць-кветка», усе 1982). Туалетны набор «Фіялетавы» (1957) адзначаны бронз. медалём на міжнар. выстаўцы ў Бруселі. Тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам: «Ураджайная» (1957), «Кастрычнік» (1967), «Дружба народаў» (1974), «Беларусь» (1977), «Урачыстасць» (1982), «Слава гераічнаму Мінску» (1983). Аўтар жывапісных работ «Іслач», «Траццякоўшчына» (абедзве 1955), «Родная Беларусь» (1958) і інш.

Г.Ісаевіч. Дэкаратыўны набор «Лета». 1971.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕВА Ганна Андрэеўна (29.1.1930, г. Істра Маскоўскай вобл. — 19.4.1990),

бел. спявачка (драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1962). Працавала ў т-рах оперы і балета Новасібірска і Саратава. У 1968—87 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала добра пастаўленым голасам прыгожага тэмбру, драм. выразнасцю. Сярод партый на бел. сцэне: Жонка («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера), Наталля («У буру» Ц.​Хрэннікава), Мзія («Міндыя» А.​Тактакішвілі), Марыя («Кастрычнік» В.​Мурадэлі; спявала ў спектаклі Вял. т-ра ў Маскве), Ліза («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Артруда («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Аіда, Леанора («Аіда», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні), Сантуца («Сельскі гонар» П.​Масканьі).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́ШКІН Аляксандр Георгіевіч (21.3.1892, с. Багародскае Макшанскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 3.8.1938),

расійскі пісьменнік. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). Удзельнік літ. груп «Кастрычнік», «Перавал». У ранніх апавяданнях (1914—15) паказваў змрочную і ціхую павятовую глухамань. Рамант. аповесць «Падзенне Даіра» (1923) пра грамадз. вайну. Раман «Людзі з глухамані» (1937—38) пра паслярэв. змены ў рас. глыбінцы. Аўтар аповесцей «Вакзалы» (1923), «Севастопаль» (1929—30, поўн. 1931), кн. апавяданняў «Лютаўскі снег» (1928), «Апавяданні» (1931), вершаў, кінасцэнарыяў, артыкулаў і інш. Асобныя творы М. на бел. мову пераклала Г.​Шаранговіч.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1978;

Севастополь;

Падение Даира;

Вокзалы. Куйбышев, 1988;

Люди из захолустья. М., 1988.

Літ.:

Хватов А.И. Александр Малышкин: Жизн. путь и худож. искания писателя. Л., 1985.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 10, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦВЕ́ЕЎ Аляксандр Цярэнцьевіч (25.8.1878, г. Саратаў, Расія — 22.10. 1960),

расійскі скульптар. Засл. дз. маст. Расіі (1931). Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1902). У 1906—07 працаваў у Парыжы. Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва», «Блакітная ружа», Т-ва рус. скульптараў. У 1918—48 выкладаў у Ленінградскай АМ (у 1932—34 дырэктар), у Маскоўскім маст. ін-це (1940—48). У 1900—10-я г. звяртаўся да аголенай чалавечай фігуры, прадстаўленай у стане прасветленага спакою, гармоніі духоўных і фіз. сіл (надмагілле В.​Барысава-Мусатава, 1910). Пошукі яснасці вобраза, архітэктанічнай абагульненай формы ў партрэтах Барысава-Мусатава (1900), А.​Герцэна (1912), А.​Чэхава (1945), аўтапартрэце (1939), групе «Кастрычнік» (1927). Працаваў у галіне дробнай пластыкі.

А.Мацвееў. В.​Э.​Барысаў-Мусатаў. 1900.

т. 10, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік» 3/110, 116, 121, 355; 12/302, 685

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)