ЛЕ́БЕДЗЕВА (Ганна Андрэеўна) (29.1.1930, г. Істра Маскоўскай вобл. — 19.4.1990),

бел. спявачка (драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1962). Працавала ў т-рах оперы і балета Новасібірска і Саратава. У 1968—87 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала добра пастаўленым голасам прыгожага тэмбру, драм. выразнасцю. Сярод партый на бел. сцэне: Жонка («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера), Наталля («У буру» Ц.​Хрэннікава), Мзія («Міндыя» А.​Тактакішвілі), Марыя («Кастрычнік» В.​Мурадэлі; спявала ў спектаклі Вял. т-ра ў Маскве), Ліза («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Артруда («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Аіда, Леанора («Аіда», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні), Сантуца («Сельскі гонар» П.​Масканьі).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)