гаспадарка грамадзян на прысядзібных участках. У СССР пасля калектывізацыі лічылася неперспектыўнай і цярпела істотныя абмежаванні (вял. падаткі, забарона на набыццё коней і тэхнікі на ўласныя патрэбы, абмежаванне на ўтрыманне жыўнасці і гэтак далей). З ажыццяўленнем зямельнай рэформы ў час пераходу да рыначных адносін ствараюцца больш спрыяльныя ўмовы для яе развіцця: участкі зямлі для асабістай дапаможнай гаспадаркі павялічаны да 1 га (з правам іх прыватызацыі), дазволена трымаць коней, набываць с.-г. машыны, наймаць сезонных работнікаў, наладжаны выпуск малагабарытнай тэхнікі і гэтак далей. У 1994 на Беларусі было 1 млн. 905,6 тыс. асабістых дапаможных гаспадарак. Займаючы 15,1% усіх с.-г. угоддзяў, яны далі 85,3% бульбы, 22,1% мяса (у забойнай вазе), 35,8% малака, 42,6% яек, 67,1% воўны ад агульнарэсп. іх вытворчасці. З павелічэннем зямельнага надзелу, павышэннем узроўню тэхн. аснашчанасці і таварнасці асабістыя дапаможныя гаспадаркі фактычна набліжаюцца да сял. гаспадарак. У міжнар. стандартах статыстыкі і аналізу прыняты больш шырокі тэрмін — дамашняя гаспадарка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКА-РЭ́ЧЫЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск Беларускага фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 10—30.11.1943 у Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць гомельска-рэчыцкую групоўку праціўніка, вызваліць міжрэчча Сажа і Дняпра, заняць зручныя пазіцыі на зах. беразе Дняпра. Удзельнічалі 3, 11, 48, 50, 61, 63, 65 і 16-я паветр. арміі. Ім процістаялі 2-я, частка сіл 9-й і 4-й ням. армій групы армій «Цэнтр», пазней 7 пях. дывізій і брыгада СС. У ходзе аперацыі сав. войскі ва ўзаемадзеянні з партызанамі Палескай, Гомельскай і Магілёўскай абл. вызвалілі Рэчыцу (18 ліст.), фарсіравалі Бярэзіну, вызвалілі Прапойск, Карму, Журавічы (25—26 ліст.), Гомель (26 ліст.). У выніку аперацыі злучэнні Бел. фронту прарвалі абарону праціўніка ў паласе шырынёю 100 км, прасунуліся на 130 км, стварылі пагрозу паўд. флангу групы армій «Цэнтр» і не далі магчымасці нанесці контрудар па злучэннях 1-га Укр. фронту. 23 часцям і злучэнням нададзена ганаровае найменне «Гомельскіх», 22 — «Рэчыцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ ХІ́МІЯ,
раздзел тэарэт. хіміі, у якім вывучаюцца будова і ўласцівасці хім. злучэнняў, іх рэакцыйная здольнасць, кінетыка і механізм хім. рэакцый на аснове ўяўленняў і з дапамогай метадаў квантавай механікі.
Развіццё К.х. пачалося ў 1920—30-я г., калі былі прапанаваны метады апісання будовы электронных абалонак малекул: метад валентных сувязей (В.Гайтлер і Ф.Лондан далі квантава-хім. тлумачэнне кавалентнай сувязі ў малекуле вадароду, Дж.Слейтэр і Л.Полінг развілі іх падыход) і метад малекулярных арбіталей (асновы метаду распрацавалі Ф.Гунд, Р.Малікен, Д.Хартры і інш.), які стаў асноўным для апісання будовы электронных абалонак любых малекул, колькаснага разліку малекулярных структур, а таксама вызначэння сувязі паміж будовай малекул і іх рэакцыйнай здольнасцю. Квантава-хім. ўяўленні і метады выкарыстоўваюць пры вывучэнні высокамалекулярных злучэнняў і ў малекулярнай біялогіі.
Літ.:
Фларри Р.Л. Квантовая химия: Введение: Пер. с англ.М., 1985;
Современные проблемы квантовой химии: Методы квантовой химии в теории межмолекулярных взаимодействий и твердых тел. Л., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (26.7.1918, в. Закружка Мінскага р-на — 2.7.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1939). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1935. У першай аповесці «Чужы грунт» (1939) выкрываў прыстасавальніцтва і падхалімства. У зб-ках апавяданняў «Шырокія азёры» (1951), «Рына-Марына» (1958), «Як вясну рабілі» (1985), аповесцях «На крутой гары» (пач. назва «Да ясных вышыняў», 1950—51) і «Сям’я Вішнёвых» (пач. назва «Далі сабе слова», 1968—70) і інш.асн. тэмы — вайна, пасляваен. аднаўленне, сяброўства, каханне, праблемы горада і вёскі. Апавяданні Грамовіча для дзяцей сваёй рамантычнай прыўзнятасцю, арнаментальным стылем нагадваюць вершы ў прозе (кн. «Першага верасня», 1949; «Сонца скрозь воблакі», 1964). У сатыр. і гумарыстычных творах (зб-кі «Нарасць», 1961; «Вадалей—гэтакдалей», 1975; «Залатая бранзалетка», 1977) асуджаў мяшчанства і бескультур’е. Аўтар успамінаў пра дзеячаў культуры і л-ры «У сховах памяці і сэрца» (1983), нарысаў, публіцыст. артыкулаў, сцэнарыяў фільмаў. Пераклаў на бел. мову асобныя творы У.Кочатава, М.Носава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ,
анты феадальнае выступленне сялян Камянецкай воласці Мазырскага пав. ў 1750-я г. Выклікана прыгнётам мясц. адміністрацыі. Хваляванні пачаліся яшчэ ў 1736. Пад уплывам паўстання гайдамакаў у суседняй Жытоміршчыне ў 1754 перараслі ва ўзбр. выступленне. Для падаўлення паўстання 7.9.1754 загадам М.К.Радзівіла ў Камянецкую воласць накіраваны 2 харугвы. У кастр. 1755 харугвы пасланы зноў супраць новага выступлення сялян, а ў ліст. — яшчэ 4 харугвы (70 коннікаў). Да студз. 1756 паўстанне ахапіла ўсю Камянецкую воласць (больш за 700 сял. двароў). Сабраўшыся каля мяст. Славечна, паўстанцы далі адпор харугвам і прымусілі іх да ўцёкаў. Некалькі тысяч сялян стварылі ўмацаваны лагер і пакляліся змагацца да апошняга. У сак. 1756 урадавае войска (400 чал. і гарматы) рушыла да Славечна. Пасля таго як сяляне адмовіліся ад капітуляцыі, жаўнеры кінуліся на штурм лагера і ўзялі яго. Паўстанцы страцілі 60 чал. забітымі. некалькі дзесяткаў чалавек патанула ў балотах, каля 60 чал. узяты ў палон. Многія ўдзельнікі выступлення пакараны смерцю, іншых білі бізунамі, 4 кіраўнікоў выступлення пасадзілі на кол, 10 сял. важакоў адасланы ў Нясвіж на суд да Радзівіла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́ШКІ,
шляхецкі род бел. паходжання герба «Рох III». Першы вядомы прадстаўнік роду Фёдар памёр да 1509. Яго сын Канстанцін (Касцюшка), быў дзякам велікакняжацкай канцылярыі, суддзёй і гараднічым у Камянцы, валодаў маёнткам Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н), ад назвы якога род часам называўся К.-Сяхновіцкія. Сыны Канстанціна Іван і Фёдар далі пачатак 2 галінам К.-Сяхновіцкіх: Іванавічаў (старэйшай) і Фёдаравічаў (малодшай). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Фёдаравічаў:
Амброжы Казімір (1667—1722?), пісар земскі брэсцкі, падчашы оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Фаўстын Бенядзікт (1672—1755), падстолі, стражнік брэсцкі, харунжы кіеўскі. Людвік Тадэвуш (?—1757), палкоўнік войска ВКЛ, мечнік брэсцкі. Бацька А.Т.Б.Касцюшкі — апошняга прадстаўніка галіны Фёдаравічаў. Ян Непамуцэн (каля 1720 — пасля 1788), харунжы кіеўскі, мечнік оўруцкі (1764), пісар земскі жытомірскі, радца Барскай канфедэрацыі (1769). Юзаф (1743—89), абозны брэсцкі, суддзя Трыбунала ВКЛ (1766, 1771). Найб. вядомыя прадстаўнікі галіны Іванавічаў: Міхал (?—1708), стольнік оўруцкі, войт кобрынскі і гарадзецкі. Павел, пісар гродскі, лоўчы брэсцкі (1699). Інш. галіны К. былі вядомы ў Гродзенскім пав., Навагрудскім, Мінскім, Мсціслаўскім (К.-Валюжынічы), Полацкім ваяв., Інфлянтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕДА́НТА (санскр., літар. канец ведаў),
рэлігійна-філасофская сістэма ў інд. філасофіі. Узнікла на аснове абагульнення каментарыяў да тэкстаў Ведаў (упанішад; гл.Веды) і часткова эпічных тэкстаў («Рамаяна», «Махабхарата», «Бхагавадгіта»). Уключае ўласна веданту, некаторыя вучэнні вішнуізму, шываізму, а таксама неаіндуізму. Асн.філас. катэгорыі веданты: брахман (касм. душа), атман (індывід. душа), пуруша (абстрактны духоўны пачатак), пракрыці (абстрактны матэрыяльны пачатак, прырода), артха (сэнс, значэнне), джняна (веды), авастха (псіхічны стан) і мая (ілюзія). Вышэйшая рэальнасць і прычына ўсяго існага — вечны Брахман. Мэтай быцця веданта лічыць «вызваленне», дасягненне адзінства з Богам шляхам поўнага адыходу ад рэальнасці і паглыблення ў чыстае мысленне.
Мяркуюць, што мудрэц Бадараян (каля 4—3 ст. да н.э.) сістэматызаваў вучэнні ў «Брахма-сутры» («Веданта-сутры»), што існавалі ў 7 ст. да н.э. Каментарыі да іх далі пачатак школам веданты — Шанкары, Рамануджы, Мадхвы, Валабхі, Німбаркі і інш., якія разыходзяцца ў поглядах на індывід. Я (джыву) і Брахман. Веданта значна паўплывала на індуізм. Прадстаўнікі неаведантызму 20 ст. Р.Тагор, С.Радхакрышнан і інш.
Літ.:
Чаттерджи С., Датта Д. Введение в индийскую философию: Пер. с англ.М., 1955;
Боги, брахманы, люди: Четыре тысячи лет индуизма: Пер. с чеш. М., 1969;
Костюченко В.С. Классическая веданта и неоведантизм. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІМІКРЫ́Я (англ. mimicry ад грэч. mimikos пераймальны),
адзін з тыпаў ахоўнай афарбоўкі, формы і паводзін; імітацыйнае падабенства неабароненага арганізма да абароненага або неядомага. Узнікненне М. шляхам натуральнага адбору звязана з выбіральным знішчэннем арганізмаў інш. арганізмамі, якія ў пошуках корму карыстаюцца зрокам.
У жывёл М. выяўляецца ў знешнім падабенстве неабароненых жывёл з прадметамі навакольнага асяроддзя і раслінамі (мімезія), або з неядомымі ці абароненымі жывёламі (міметызм). Адрозніваюць 2 формы М., названых па прозвішчах вучоных, што далі іх апісанне: Г.Бейтса (1862) і ням. заолага Ф.Мюлера (1864). Пры бейтсаўскай М. ядомыя і неядомыя для драпежнікаў жывёлы маюць падобную афарбоўку, як, напр., матылі бялянкі Dismorphia astynome i Perrhybris pyrrha падобны да неядомых ярка афарбаваных матылёў сям. геліканід, што маюць непрыемны пах і смак. Пры мюлераўскай М. некалькі абароненых відаў жывёл маюць падобны выгляд, імітуюць адзін аднаго па афарбоўцы і форме і ўтвараюць «кольца» М. (напр., восы, ядавітыя жукі і інш.). У раслін М. служыць пераважна для прываблівання або адпужвання жывёл і звычайна тычыцца асобных органаў, а не расліны цалкам.
Да арт.Мімікрыя: А — бугай, непрыкметны ў чароце (мімезія); Б — таракан прозаплекта семперы (1), падобны на божую кароўку (2; міметызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУЧА́ННЕ,
празаічны твор павучальнага характару. Узнік у стараж. л-ры пад уплывам візант. і балг.царк. прамоўніцкай прозы. Існаваў у форме дыдактычнага «слова», пропаведзі, прамовы. Ствараліся царк. і свецкімі аўтарамі. У Кіеўскай Русі вядома з сярэдзіны 11 ст.Найб. папулярнымі на бел. землях былі «словы» Іаана Златавуста (зб-кі «Златавуст», «Златаструй»), у якія пазней былі ўключаны «Словы» Кірылы Тураўскага, што далі матэрыял для стараж.-рус. зб-каў «Ізмарагд» і «Златыя чэпі», якія распаўсюджваліся (перапісваліся і друкаваліся) на Беларусі ў 12—18 ст.
Вылучаюць урачыста-ўзнёслыя і дыдактычныя П. Урачыста-ўзнёслыя П. апавядалі пра магутнасць рус. дзяржавы, яе князёў і г.д. («Слово о законе и благодати» мітрапаліта Іларыёна, «Словы» Кірылы Тураўскага). Дыдактычныя П. — «настаўленні ў веры», у якіх у даступнай форме, без рытарычных акрас апавядалася пра хрысціянскія ісціны або абрады (творы Лукі Жыдзяты, Феадосія Пячэрскага). Лепшыя ўзоры П. выходзілі за межы рэліг.-царк. дыдактыкі, у іх ставіліся пытанні грамадскага значэння, асветніцтва, гуманізму (творы Грыгорыя Цамблака, Сімяона Полацкага, Георгія Каніскага). Асобна вылучаліся П.-звароты да сваіх дзяцей з мэтай перадачы ім жыццёвай і дзярж. мудрасці («Павучанне Уладзіміра Манамаха»). П. аб павазе да кніг змешчаны ў Ізборніках Святаслава 1073 і 1076.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ МЕХА́НІКА,
раздзел механікі, у якім рух сістэм матэрыяльных пунктаў (цел) даследуецца пераважна метадамі матэм. аналізу. Вывучае складаныя мех. сістэмы (машыны, механізмы, сістэмы часціц і інш.), рух якіх абмежаваны пэўнымі ўмовамі (гл.Сувязі механічныя).
Галаномная сістэма (мех. сувязі залежаць толькі ад каардынат і часу) у патэнцыяльным полі характарызуецца функцыяй Лагранжа
, дзе T — кінетычная і U — патэнцыяльная энергія сістэмы. Калі вядома канкрэтная залежнасць L=L(q,q́,t), дзе q — абагульненыя каардынаты,
— абагульненыя скорасці, t — час, то пры дапамозе прынцыпу найменшага дзеяння можна знайсці дыферэнцыяльныя ўраўненні руху мех. сістэмы. Іх інтэграванне пры зададзеных пачатковых умовах дазваляе вызначыць закон руху сістэмы, г.зн. залежнасці qi=qi(t), дзе i=1, 2, ..., S, S — лік ступеняў свабоды.
Асн. Палажэнні аналітычнай механікі распрацаваў Ж.Лагранж (1788), значны ўклад зрабілі У.Гамільтан, М.В.Астраградскі, П.Л.Чабышоў, А.М.Ляпуноў, М.М.Багалюбаў, А.Ю.Ішлінскі і інш. Метады аналітычнай механікі далі магчымасць выявіць сувязь паміж асн. паняццямі механікі, оптыкі і квантавай механікі (оптыка-мех. аналогіі). Абагульненне варыяцыйных прынцыпаў механікі на неперарыўныя квантава-рэлятывісцкія сістэмы склала матэм. аснову тэорыі поля. Дасягненні аналітычнай механікі садзейнічалі развіццю балістыкі, нябеснай механікі, тэорыі ўстойлівасці, тэорыі аўтам. кіравання і інш.
Літ.:
Кильчевский Н.А. Курс теоретической механики. Т. 2. М., 1977.