МАГЕЛА́Н, Магальяінш (партуг. Magalhães, ісп. Magallanes) Фернан (каля 1480, г. Саброза, Партугалія — 27.4.1521), партугальскі мараплавец, экспедыцыя якога ажыццявіла першае кругасветнае плаванне. У 1519—21 узначаліў іспанскую экспедыцыю (5 суднаў, 265 чал.) у пошуках зах. шляху да Малукскіх а-воў. Абследаваны паўд. берагі Паўд. Амерыкі, адкрыты праліў паміж Вогненнаю Зямлёю і мацерыком (гл.Магеланаў праліў), 3 астравы з групы Марыянскіх (у т.л. в-аў Гуам), перасечаны Ціхі ак. (1520, назву далі спадарожнікі М.). Экспедыцыя М. назірала зорныя сістэмы (гл.Магеланавы Воблакі) і сузор’е Паўд. Крыж; даказала шарападобнасць Зямлі, наяўнасць Сусветнага ак., атрымала ўяўленне пра памеры Зямлі. М. забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам в-ва Мактан (Філіпінскія а-вы). У Іспанію вярнуўся адзін карабель пад кіраўніцтвам Х.С.Элькана.