эстэтычная катэгорыя, якая служыць для ацэнкі мізэрных з’яў быцця і маст. выяўлення бездухоўнасці ў грамадскім жыцці. У дачыненні да чалавечых учынкаў з’яўляецца крайняй ступенню агіднага і мае выразны маральна-этычны змест. Суадносіцца з камічным, процілеглае ўзнёсламу.
Для стараж., у т. л. антычнай, маст. свядомасці ўзнёслае і Н., як прыгожае і агіднае, мелі абс. характар, які пазбаўляў іх дынамікі і ўзаемапераходнасці. Сярэдневяковая хрысц. эстэтыка выпрацавала іерархію эстэт. каштоўнасцей: на яе вяршыні змяшчаўся боскі свет, а каля яе падножжа — нізкае матэрыяльнае быццё. Чалавек у гэтай іерархіі займаў прамежкавы стан, і ў яго душы адбывалася барацьба паміж узнёсла-духоўным і матэрыяльна-нізкім. Рэнесансавае мастацтва праўдзіва адлюстравала складанасць жыцця, у якім узнёслае і Н. нярэдка суіснуюць або мяняюцца месцамі. Тэарэтыкі класіцызму абгрунтоўвалі паняцце высокага і нізкага стыляў, якія былі маст. адпаведнікамі «высокага» (арыстакратычнага) і «нізкага» (простанароднага) ладаў жыцця. У л-ры крытычнага рэалізму значнае месца заняло праўдзівае выяўленне пачварных, нізкіх з’яў грамадскага быцця.
У гісторыі бел.маст. культуры катэгорыя Н. разам з камічным і агідным выявілася ў фальклоры, у чарадзейных казках. Фальклорны прыём травестацыі (зніжэнне афіц. высокага, перавод яго ў «матэрыяльна-цялесны план» па-майстэрску выявілі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». В.Дунін-Марцінкевіч, пісьменнікі рэв.-дэмакр. кірунку (Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас і інш.) напоўнілі паняцце Н. глыбокім сац. гучаннем, выкарыстоўвалі яго для крытыкі негатыўных з’яў у жыцці грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́СЕЎ (Аляксей Фёдаравіч) (22.9.1893, г. Новачаркаск, Расія — 24.5.1988),
расійскі філосаф і філолаг. Праф. (1923), д-рфілал.н. (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1915). Працаваў у Ніжагародскім ун-це (з 1919), Маскоўскай кансерваторыі (1922—29). У 1930—33 рэпрэсіраваны. Пасля вызвалення выкладаў ант. л-ру і стараж. мовы ў правінцыяльных ВНУ. З 1942 у Маскоўскім ун-це і пед. ін-це. У працах 1920-х г. шляхам своеасаблівага сінтэзу платонаўска-гегелеўскага дыялектычнага ідэалізму, ідэй рус.рэліг. філасофіі пач. 20 ст., фенаменалогіі Э.Гусерля імкнуўся пабудаваць універсальныя мадэлі быцця і мыслення («Антычны космас і сучасная навука», «Музыка як прадмет логікі», «Філасофія імя», усе 1927; «Дыялектыка міфа», 1930). Даследаваў ант. міфалагічнае ўспрыняцце свету ў яго структурнай цэласнасці («Нарысы антычнага сімвалізму і міфалогіі», т. 1, 1930). Сярод асн. прац «Гісторыя антычнай эстэтыкі» (1963—94), «Эліністычна-рымская эстэтыка I—II стст. н.э.» (1979), «Эстэтыка Адраджэння» (1982) і інш. Сцвярджаў выразны эстэтыка-касмалагічны характар стараж.-грэч. і эліністычна-рым. культуры, што дазволіла яму лічыць гісторыю ант. эстэтыкі гісторыяй ант. філасофіі. Даказваў ант. вытокі рус. філасофіі. У шэрагу позніх прац спрабаваў наблізіць сваё філас. вучэнне да марксізму, што не прывяло да арган. сінтэзу з прычыны жорстка ідэалагізаванай сістэмы апошняга. Дзярж. прэмія СССР 1986.
Тв.:
Владимир Соловьев и его время. М., 1990;
Из ранних произведений. М., 1990;
Философия. Мифология. Культура. М., 1991;
Бытие — имя — космос. М., 1993;
Жизнь: Повести, рассказы, письма. СПб., 1993;
Миф — число — сущность. М., 1994;
Проблема символа и реалистическое искусство. 2 изд. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЯ́МАНТ НА СМЕРЦЬ ЛЯВО́НА КАРПО́ВІЧА»,
«Лямент у света убогих на жалосное преставление святобливого... отца Леонтия Карповича», помнік бел. літаратуры 17 ст. Паэма, напісаная невядомым аўтарам і апублікаваная Віленскай брацкай друкарняй у канцы 1620. Прысвечана памяці бел.царк.-рэліг. дзеяча і пісьменніка-прапаведніка эпохі барока Л.Карповіча.
Складаецца з «ляманту»-плачу па нябожчыку і маналога-суцяшэння ад імя Карповіча праваслаўнаму насельніцтву Вільні, дзе ён жыў і працаваў. Твор элегічна-панегірычны. Аплакванне смерці Карповіча перарастае ў паэме ва ўслаўленне яго як чалавека высокіх маральных якасцей, дзейнага, мужнага і самаахвярнага змагара за веру сваіх продкаў. Вобраз гал. героя пададзены ў духу жыційнай л-ры і ўзняты да ўзроўню ідэальнага хрысц. святога. Заключная частка «Ляманту...» мае выразны публіцыстычна-дыдактычны характар: ад імя нябожчыка паэт заклікае жыць сумленна і высакародна, свята берагчы нац.-рэліг. традыцыі свайго народа. Паводле агульнай накіраванасці паэма была вельмі надзённай, сугучнай часу — перыяду цяжкай барацьбы бел. народа з феад.-каталіцкай рэакцыяй, што набліжае яе да твораў палемічнай літаратуры. Твор вызначаецца глыбокай эмацыянальнасцю і пранікнёным лірызмам, яркай, паэт.-вобразнай мовай. Яму ўласцівы некаторыя рысы барока: спалучэнне ўзнёслага і будзённага, кніжнага стылю з жывой бел. мовай, вобразаў ант. і біблейскай міфалогіі; выкарыстанне тыпова барочных эпітэтаў, метафар і параўнанняў. Напісана 13-складовым сілабічным вершам з выразнай тэндэнцыяй да танізацыі, якая выяўляецца ў прыкметна харэічнай яго аснове.
Літ.:
Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.Мн., 1992. С. 76—92, 150—164.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. modulatio мернасць) у музыцы, змена танальнасці з перамяшчэннем танальнага цэнтра — тонікі. Паняцце М. найб. часта звязваюць з гукавышыннымі адносінамі. Асн. віды М. — танальная (змена вышыннага становішча тонікі) і ладавая (змена нахілення). Сярод разнавіднасцей танальнай М. найб. пашырана функцыянальная М., калі пераход у новую танальнасць адбываецца праз пераасэнсаванне ступеневага значэння прамежкавага (агульнага) акорда, выбар якога рэгулюецца гарманічнай роднасцю танальнасцей. Новая танальнасць устанаўліваецца характэрным для яе гарманічным зваротам, які ўключае мадулюючы акорд з альтэрацыяй, адпаведнай новай танальнасці. У залежнасці ад месца ў форме і ступені замацавання новай тонікі вылучаюць М. дасканалую (з канчатковым ці адносным замацаваннем новай танальнасці) і недасканалую (замацоўваецца менш устойліва). Да недасканалай М. адносяцца адхіленне (са зваротам у асн. танальнасць) і праходная М. (з далейшым мадуляцыйным рухам). Спецыфічную выразнасць мае энгарманічнаяМ., звязаная з лаканізмам мадуляцыйнага моманту і раптоўнасцю пераключэння ў новую танальнасць; пераход пры ёй адбываецца за кошт энгарманічнага пераасэнсавання структуры агульнага акорда. Для мелодыка-гарманічнай М. характэрна сувязь танальнасцей з дапамогай плаўнага голасавядзення без агульнага акорда, для меладычнай М. — праз аднагалосую звязку. Увядзенне новай танальнасці без падрыхтоўкі, непасрэдным зацвярджэннем тонікі — якасць М.-супастаўлення. М. можна лічыць і ўсякую змену структуры сродкаў муз. выразнасці, у т. л. формы, жанру, фактуры, метра і інш. М. — важны формаўтваральны сродак, які ўплывае на дынамічныя працэсы і цэласнасць формы, узбагачае маляўніча-выразны бок гармоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМАРФІ́ЗМ (ад полі... + морфа) у біялогіі, наяўнасць у межах аднаго віду раслін або жывёл двух (дымарфізм) ці больш вельмі непадобных груп асобін. Уключае адрозненні ў знешнім выглядзе асобін з адной ці розных папуляцый. Характэрны для многіх відаў флоры і фауны, у т. л. на Беларусі.
Унутры папуляцый адрозніваюць некалькі тыпаў П. Узроставы П. звязаны з чаргаваннем пакаленняў (напр., у ржаўных грыбоў, прахадных рыб, насякомых, якія развіваюцца з метамарфозам). Палавы П. звязаны з неаднолькавай марфалогіяй і экалогіяй асобін рознага полу (у насякомых, птушак, млекакормячых). Функцыянальны П. адлюстроўвае ўзроставыя палавыя адрозненні і найб.выразны ў жывёл, якія развіваюцца з метамарфозам (напр., маляўкі рыб, лічынкі земнаводных і насякомых, функцыянальна нераўнацэнныя дарослым). Фазавы П. абумоўлены шчыльнасцю папуляцый, якая выклікае т.зв. фазавую зменлівасць (напр., у асобін адзіночнай і статкавай фаз у саранчовых). Генетычны П. звязаны з вар’іраваным уздзеяннем натуральнага адбору ў розных умовах, і з павышанай адноснай жыццяздольнасцю геннай структуры арганізма. Розныя тыпы ўнутрыпапуляцыйнага П. могуць быць узаемазвязаныя і сумяшчальныя ў часе. П. ускладняе і робіць больш разнастайнымі сувязі арганізма з асяроддзем, стварае аснову для відаўтварэння шляхам дывергенцыі ў працэсе эвалюцыі.
Полімарфізм у біялогіі: 1 — у розных папуляцыях хвой (хвоі, якія раслі ў розных умовах: а — у лесе, б — на адкрытым месцы, в — на балоце); у межах адной папуляцыі: 2 — генетычны (спадчынныя формы мухі дразафілы: а — самец, б — самка, в, г, д, е — розныя формы патомства); 3 — палавы (мурашка рыжая лясная: а — самка, б — самец, в — рабочая асобіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́МЕР (Альфрэд Ізідар) (16.4.1832, Вільня — 24.1.1897),
жывапісец, графік, медальер, мастацтвазнавец. З роду Ромераў. Творчасць звязана з маст жыццём Беларусі і Літвы. Першапачатковую адукацыю атрымаў у К.І.Русецкага; вучыўся ў Парыжы ў Л.Бана і ў Мюнхене ў А. фон Рамберга (1869—74). З канца 1850-х г. жыў у маёнтку Крэўна (цяпер Уценскі пав. Літвы). За ўдзел у паўстанні 1863—64 на Беларусі зняволены. Пасля вызвалення працаваў у Мюнхене, Кракаве, Парыжы. З 1874 у маёнтку Каралінова (цяпер Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.), з 1884 у Кракаве. Пісаў партрэты, пейзажы, тэматычныя кампазіцыі з жыцця народа і на рэліг. сюжэты. Творам уласцівы дакладны выразны малюнак, свабода і натуральнасць кампазіцыі. Сярод работ: партрэты маці (1872), бацькі, жонкі, Э.Ромера (1873), партрэт паўстанца 1863 года (1870-я г.), К.Русецкага, К.Эстрэйхера, Ф.Даноўскага, У.Лушчкевіча, скульпт. Яцунскага, жывапісца Швайніцкага і яго жонкі, М.Ромера, аўтапартрэты і інш.; бронз. медальёны з партрэтнымі выявамі, гравюры з выявамі сялян, арх. помнікаў, карыкатуры. Гіст. і маст. каштоўнасць маюць этнагр. замалёўкі сялянскага побыту беларусаў: кампазіцыі «Сялянская хата», «Сялянская дзяўчынка», «Каля карчмы», «Сялянскі двор», «Перад вакзалам», малюнкі нар. касцюмаў. Выканаў шэраг размалёвак у правасл. і каталіцкіх храмах у в. Камаі Пастаўскага р-на і Пінску. Вывучаў нар. прыкладное мастацтва Беларусі, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗО́НКА (Amazonas),
рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Бразіліі, найбольшая ў свеце па памерах басейна і воднасці і другая па даўжыні. Утвараецца ад зліцця рэк Мараньён і Укаялі. Даўж. ад вытоку р. Мараньён 6400 км, ад вытоку Укаялі больш за 7000 км. Пл.бас. 7180 тыс.км². Б. ч. басейна Амазонкі ў межах Амазонскай нізіны. Пачынаецца ў Андах, упадае ў Атлантычны ак., утварае самую вял. ў свеце ўнутраную дэльту (больш за 100 тыс.км²) і лейкападобнае вусце. Больш за 500 прытокаў, род іх каля 20 даўжынёй больш за 1500 км. Найб. справа — Журуа, Пурус, Мадэйра, Тапажос, Шынгу, Такантынс (упадае ва ўсх. рукаў дэльты Амазонкі — Пару), злева — Жапура, Рыу-Негру (прыток Касік’ярэ злучае бас. Амазонкі з р. Арынока — найб.выразны прыклад біфуркацыі рэк). Шыр. Амазонкі ў месцы сутокаў Мараньёна і Укаялі 1,5 км, у сярэднім цячэнні да 5 км, у ніжнім 15—20 км, перад вусцем 80—150 км. Жыўленне пераважна дажджавое. Рака паўнаводная ўвесь год, макс. ўзровень у маі—ліп., мінімальны — у жн.—верасні. Сярэднегадавы расход вады ў ніжнім цячэнні каля 220 тыс.м³/с, макс. — больш за 300 тыс.м³/с. Сярэднегадавы сцёк каля 7000 км³ (каля 15% агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк зямнога шара). Прылівы падымаюцца ўверх па рацэ на 1400 км. Амазонка і яе прытокі багатыя арган. рэчывамі. У водах Амазонкі — кайманы, прэснаводныя дэльфіны, ламанціны. Рыбалоўства. У Амазонцы і яе прытоках 2 тыс. відаў прэснаводных рыб, сярод якіх драпежныя піранья, электрычны вугор. Амазонка мае значны энергет. патэнцыял. Даўжыня ўсіх водных шляхоў у бас. Амазонкі каля 25 тыс.км. Рака суднаходная на 4300 км ад вусця (да Андаў), да г. Манаус (1690 км) падымаюцца акіянскія судны. Гал. парты: Белен (Пара), Сантарэн, Обідус, Манаус (Бразілія), Ікітас (Перу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖДАНО́ВІЧ (Фларыян Паўлавіч) (28.10.1884, Мінск — 22.10.1937),
тэатральны дзеяч, акцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў бел.прафес.т-ра. Скончыў драм. школу ў Варшаве (1902). У арганізаваных ім драм. калектывах ставіў спектаклі на бел. мове («Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, 1907, «Паўлінка» Я.Купалы, 1913). Адзін са стваральнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, у 1917—20 маст. кіраўнік і рэжысёр. У 1919 некаторы час працаваў у Вільні, дзе паставіў «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. Як рэжысёр абапіраўся на практыку папярэднікаў (І.Буйніцкага і інш.) і традыцыі бел.нар.т-ра, імкнуўся да жыццёвай дакладнасці і праўдзівасці, шырока выкарыстоўваў у пастаноўках нар. музыку, спевы. Быў арганізатарам і першым маст. кіраўніком (1920—21), у 1922—29 вядучым акцёрам БДТ-1 (цяпер Нац.т-р імя Я.Купалы). Перанёс на яго сцэну свае лепшыя пастаноўкі з таварыства: «Рысь» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Міхалка» Далецкіх, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Апошняе спатканне» У.Галубка, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло і інш.; паставіў новыя: «Прымакі», «Сон на кургане» і «Адвечная песня» Я.Купалы, «Ганка» У.Галубка і інш. У БДТ-3 паставіў спектаклі «Кастусь Каліноўскі» (1929), «Ярасць» Я.Яноўскага (1930). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, стваральнік яркіх драм. і камедыйных вобразаў. Яго акцёрскай індывідуальнасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць характару, асэнсаванне сац. прыроды персанажаў, выразны вонкавы малюнак ролі, жанравая разнастайнасць: Быкоўскі, Сымон («Паўлінка», «Раскіданае гняздо»), Рычард Даджэн («Вучань д’ябла» Б.Шоу), цётка Чарлея («Цётка з Бразіліі» Б.Томаса). З 1926 пачаліся ганенні на Ж. 18.7.1930 ён арыштаваны. засуджаны на 5 гадоў зняволення, працаваў на Беламорканале. 8.7.1937 зноў арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.
Літ.:
Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Сабалеўскі А. Асоба мастака. Літ. -крытыч. артыкулы. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСАКА́ЛЛЯ (італьян. passacaglia, ісп. pasacalle ад ісп. pasar праходзіць + calle вуліца),
1) песня, з 16 ст. танец ісп. паходжання ў суправаджэнні гітары. Узнікла як музыка для выканання на вуліцы (адсюль назва), а таксама як інстр. ўстаўкі ў песнях і танцах. У 17 ст. ў Францыі — урачысты сольны танец 3-дольнага памеру (у оперу і балет П. ўвёў Ж.Б.Люлі), у Італіі спачатку як рытурнела ў сцэн. музыцы — невял. 2—3-тактавыя пабудовы ў вытрыманай акордавай фактуры з раўнамернай рытмікай.
2) Інстр.муз. п’еса.
Характэрныя рысы набыла ў Італіі ў 17 ст.: стрымана-засяроджаны, узнёслы характар музыкі, плаўны рух, умерана-павольны тэмп, 3-дольны памер са зменай гармоніі пры змене такта, прынцып варыяцый на баса астыната, што стварае драм., трагедыйны характар музыкі. Як самаст.інстр. п’еса створана Дж.Фрэскабальдзі (1637), які ўвёў яе ў сюіту. Сустракалася ў опернай музыцы (К.Мантэвердзі, Люлі), у інстр. найчасцей уваходзіла ў сюіту (Ф.Куперэн) або існавала як сольная п’еса. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. — буйная, развітая форма пераважна ў арганнай музыцы ням. кампазітараў (Г.Ф.Гендэль, І.С.Бах). У 19 ст. амаль знікла. У 20 ст. ў сувязі з тэндэнцыямі неакласіцызму, павышэннем ролі поліфаніі і прынцыпу basso ostinato П. найчасцей уваходзіць у буйныя муз. формы. У рас. музыцы найб. паслядоўна і глыбока П. распрацавана ў творчасці Дз.І.Пастаковіча, які пашырыў рамкі жанру, выкарыстоўваў П. ў пераломных, кульмінацыйных момантах цыклічных форм як выразнымаст. сродак.
У бел. музыцы жанр П. прадстаўлены ў творчасці Г.Вагнера, Г.Гарэлавай, Л.Гуціна, У.Дамарацкага, А.Залётнева, Э.Зарыцкага, Дз.Смольскага, Р.Суруса і інш.
Літ.:
Бобровский В. Претворение жанра пассакальи в сонатно-симфонических циклах Д.Шостаковича // Музыка и современность. М., 1962. [Вып. 1];
Цуккерман В.А. Анализ музыкальных произведений: Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ХАВІЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення цэнтр. Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. на тэр. паміж гарадамі Слуцк Мінскай і Асіповічы Магілёўскай абл. (абапал р. Пціч). Яму ўласцівы строгасць форм, тонкае ўмеркаванае аздабленне, разнастайнасць форм у жаночым і мужчынскім адзенні.
Жаночы летні гарнітур складаўся з 2 варыянтаў: кашуля, спадніца, фартух; кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з адносна вузкім рукавом, адкладным ці стаячым каўняром. Аздаблялі ўзорыстымі рознай шырыні папярочнымі палосамі натыкання ці вышыўкі з акцэнтам на прыплечавой частцы. Чырвоны ці чырвона-чорны графічна выразны арнамент палос утвараўся з ромбаў, квадратаў, трохвугольнікаў, гладкіх і зубчатых ліній. Арнамент 2-полкавага (радзей 1-полкавага) фартуха, стылістычна і каларыстычна блізкі да аздаблення кашулі, размяшчаўся палосамі, паводле прынцыпу згушчэння, да нізу; па краях нашывалі мохрыкі ці карункі. Спадніцу (андарак) шылі з 4 (кроеных па аснове) або 2 (кроеных па ўтку) полак, натыканых у сакавітыя (малінавыя, васільковыя, бурачковыя, фіялетавыя і стрыманыя чорныя, белыя) гарызантальныя палосы і клеткі. Гарсэт меў 2 варыянты крою: у выглядзе кароткага ліфа з глыбокімі выразамі ў пройме і на грудзях і ў выглядзе доўгай безрукаўкі з баскай-чатырохклінкай. Шылі гарсэт з шарсцянкі ці аксаміту васільковага, чорнага колераў, аздаблялі нашыўкамі залацістага галуна, парчовай тасьмы, каляровай аблямоўкай. Касцюм завяршала намітка ці скіндачка. Мужчынскі гарнітур складалі кашуля, нагавіцы, пояс і камізэлька. Кашулю (тунікападобную ці з прамымі плечавымі ўстаўкамі) аздаблялі чырвоным геам. арнаментам на плечавых устаўках, каўняры, каўнерцах, падоле; адкладны каўнер завязвалі тасёмкай або зашпільвалі меднай спражкай. Кашулю навыпуск падпяразвалі тканым ці скураным поясам, на якім часта насілі кайстру, ножык, шабету. Камізэльку з прываленага сукна ці карычнева-белай клятчастай даматканкі апраналі паверх кашулі. Традыц. галаўным уборам былі суконныя магеркі, аздобленыя блакітнымі, чырвонымі, зялёнымі матузкамі, саламяныя капелюшы, аўчынныя футраванкі.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.