БУЙНА́Я БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДА свіней.

Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. познаспелых даўгавухіх свіней са скараспелымі кітайскімі і мнагаплоднымі неапалітанскімі. У канцы 19 — пач. 20 ст. завезена ў Расію, дзе на яе аснове выведзены буйныя белыя свінні трох тыпаў прадукцыйнасці: мясны, мяса-сальны і сальны. Пашыраны ў краінах Еўропы, ЗША Канадзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Новай Зеландыі. На Беларусі выведзены бел. тып буйной белай пароды — БКБ-1 (1975) і заводскія тыпы — «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны (1990). Буйная белая парода — асн. планавая парода універсальнага кірунку прадукцыйнасці на Беларусі (больш за 70% ад агульнага пагалоўя пародных свіней). Гадуецца амаль паўсюдна, выкарыстоўваецца для прамысл. скрыжавання з інш. пародамі, для мяснога і беконнага адкорму маладняку і для сальнага — дарослых жывёл.

Свінні моцнай канстытуцыі, з тулавам сярэдняй даўжыні, сярэднім кумпяком, з моцнымі правільна пастаўленымі нагамі, маюць невял. галаву, прамастаячыя вушы. Маса дарослых кныроў 310—350 кг, матак 230—250 кг і больш, даўж. тулава адпаведна 183 і 167 см, пладавітасць 11—12 парасят за апарос.

М.​А.​Лобан.

Свінаматка беларускага тыпу буйной белай пароды.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЧЭ́РНІЦЫ (Nyctalus),

род млекакормячых сям. гладканосых лятучых мышэй атр. рукакрылых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Пярэдняй, Усх. і Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць у шыракалістых і мяшаных лясах. На Беларусі 3 віды. Найб. пашыраны вячэрніца рыжая (Nyctalus noctula), селіцца ў старых высакастволых лясах, парках, гаях, старых садах. Вячэрніца гіганцкая (Nyctalus lasiopterus) і вячэрніца малая (Nyctalus leisleri) трапляюцца радзей. Вячэрніца гіганцкая — рэдкі пералётны від (уся тэр. рэспублікі ў межах арэала, зарэгістравана знаходка ў Брагінскім р-не Гомельскай вобл.); селіцца ў мяшаных насаджэннях з дуплаватымі дрэвамі. Вячэрніца малая трапляецца ў лісцевых лясах Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Абодва віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела да 10,4 см, хваста да 6,5, перадплечча да 6,9 см. Маса да 76 г. Вушы круглаватыя, тоўстыя, сабраныя ў складкі. Крылы вузкія, доўгія, завостраныя на канцах. Поўсць густая, шаўкавістая, зверху ад рыжага да карычневага колеру, знізу святлейшая. Кормяцца на змярканні і на досвітку насякомымі. У прыплодзе 1—2 дзіцянят. Робяць далёкія сезонныя міграцыі.

Вячэрніцы: 1 — гіганцкая; 2 — рыжая; 3 — малая.

т. 4, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТЭЛЬШНА́ЎЦЭР (ад ням. mittel сярэдні + Schnauze морда),

сярэдні шнаўцэр, парода шарсткашэрсных сабак. Выведзена ў Германіі ў 19 ст. У інш. краіны завозілася з 1920—30-х г. На Беларусі з 1980-х г.

Канстытуцыя моцная, кампактная. Выш. ў карку (40—50 см) прыблізна роўная даўж. тулава. Грудзі сярэдне шырокія, выпуклыя. Спіна моцная. Шыя высока пастаўленая, з моцнай асновай. Галава масіўная, з характэрным вуглаватым профілем. Мочка носа буйная, чорная. Вушы і хвост высока пасаджаныя, купіраваныя, стаячыя. Шэрсць густая, няшчыльная, больш доўгая на канечнасцях і галаве (утварае характэрныя вусы, бараду і бровы). Масць чорная або шэрая (т. зв. «перац з соллю») з цёмнай маскай на мордзе. Тып паводзін тэмпераментны, рухавы. Трывалыя, пільныя, добра дрэсіруюцца. Службовыя (выкарыстоўваюцца як вартавыя і суправаджальныя); дэкар.-пакаёвыя сабакі.

Да М. блізкія паводле паходжання, экстэр’еру і паводзін рызеншнаўцэр, або гіганцкі шнаўцэр (выш. ў карку 60—70 см; выкарыстоўваюцца ў вартавой і вышуковай службах), і цвергшнаўцэр, або мініяцюрны (карлікавы) шнаўцэр (выш. ў карку 30—35 см; дэкар.-пакаёвыя сабакі; таксама выкарыстоўваюцца на мытнях для адшукання наркотыкаў).

Э.​Р.​Самусенка.

Мітэльшнаўцэр.

т. 10, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВОН,

найстаражытнейшы самагучальны ўдарны інструмент. Вядомы ў многіх народаў свету (узоры стараж. бронзавых З. выяўлены на тэр. краін Паўд.-Усх. Азіі, Д.​Усходу). Мае форму пустацелай, нібы зрэзанай знізу грушы. Дэталі: галава (асн. частка), палі (пашырэнне ўнізе), язык (біла; метал. булавападобная дэталь усярэдзіне, якая пры разгойдванні б’е аб З.), вушы (дугі, за якія яго падвешваюць). У залежнасці ад прызначэння З. робяць розных памераў і з розных матэрыялаў (пераважна з бронзы), што разам з інш. фактарамі (якасцю ліцця, настройкай) абумоўлівае моц, вышыню і тэмбр гучання.

У краінах хрысц. Еўропы пашыраны з 7 ст. Царк. званы ўстанаўліваюць на спец. збудаваннях — званіцах, а таксама на вежавых гадзінніках, гар. ратушах, уязных брамах. Як сігнальныя інструменты адыгрывалі вял. грамадска-быт. ролю: склікалі на сходы (вечавы З.), апавяшчалі аб нечаканых здарэннях (набатны, асадны З.), адбівалі час, паведамлялі пра пачатак царк. службы, былі неад’емнай прыналежнасцю свят («красны звон»), вянчальнага ці пахавальнага абрадаў; шырока выкарыстоўваліся на чыгунцы. Зняцце З. з гар. ратушы было выключнай з’явай, знакам пакарання горада, пазбаўлення права на самакіраванне. У правасл. царкве З. развіліся ў самабытнае мастацтва.

На Беларусі вядомы з 11 ст. («Слова пра паход Ігаравы»), З 14 ст. пашыраны З. візантыйска-рус. (разгойдваецца язык пры замацаваным корпусе) і зах.-еўрап. (разгойдваецца корпус) тыпаў. З. невял. памераў адлівалі мясц. майстры-канвісары (Віцебск, Дзісна, Крычаў і інш.). У 2-й пал. 17—18 ст. існавалі цэхі канвісараў у Магілёве, адліўшчыкі З. працавалі ў Слуцку, Клецку, Капылі, Нясвіжы. З 16—18 ст. захаваліся Моладаўскі звон, Дзісенскі звон, Крычаўскі звон. Выкарыстоўваюцца таксама ў сучасным манум. мастацтве (гл. ў арт. Урочышча Гай, Хатынь).

Літ.:

Оловянишников Н.И. История колоколов и колокололитейное искусство. 2 изд. М., 1912;

Воронин Н.Н. Древнее Гродно. М., 1954;

Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979.

І.​Дз.​Назіна, А.​І.​Сямёнаў.

Звон.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)