«КАЗА́»,

«казёл», гульня-паказ і маска-персанаж у стараж. усх.-слав. нар. калядным абрадзе. Звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцавароту. На Беларусі вядома ўсюды, найб. пашыраны на Палессі.

Здольнага да імправізацыі выканаўцу ролі «К.» апраналі ў вывернуты кажух, надзявалі маску (яе магла замяняць шапка з аўчыны). Галаву маскі выразалі з дрэва і абшывалі аўчынай, да яе прымацоўвалі рогі (іх рабілі з лазы ці скруткаў саломы), вушы (часам са сталовых лыжак); ніжняя сківіца з барадой з лёну была рухомай. Вядома «К.» і ў выглядае вялікай лялькі на кіі. У абходны гурт на чале з «дзедам»-павадыром (яго прыбіралі таксама ў вывернуты кажух або рыззё, на спіне рабілі горб, надзявалі маску з бяросты, прыладжвалі бараду з лёну) уваходзілі адпаведна апранутыя «маладзіца», «афіцэр», «немец», «цыган», а таксама «песельнікі», музыка, механоша. Гурт спяваў спец. прымеркаваную песню, «К.» іншы раз імітавала яе сюжэт, прыкідвалася мёртвай (сімвал памірання і адраджэння прыроды).

М.​А.​Каладзінскі.

Калядная «каза»-маска. Вёска Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 7, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)