падсямейства млекакормячых жывёл сям. хамяковых атр. грызуноў. Больш за 40 родаў (каля 20 сучасных), каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы. Жывуць у розных ландшафтах, сем’ямі або калоніямі. На Беларусі 7 сучасных відаў: андатра, П. вадзяная (Arvicola terrestris), П. лясная рыжая (Clethrionomys glareolus), П.-эканомка (Microtus oeconomus), П. звычайная, або шэрая (M. arvalis), П. земляная, або падземная (M. subterraneus), П. цёмная, або пашавая (M. agrestis), i 1 выкапнёвы для Беларусі від — П. вузкачарапная, або статкавая (M. gregalis), у наш час пашырана ў Азіі. 1 від і 1 падвід П. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела (акрамя андатры) да 23 см, хваста — да 1/2даўж. цела. Морда круглявая, вушы кароткія. Расліннаедныя. Нараджаюць да 12 і больш дзіцянят, да 5 разоў за год. Многія П. — шкоднікі с.-г. раслін, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб. Корм для многіх драпежных птушак і звяроў. Некат. — аб’екты промыслу.