казкі, якія ў крытычна-завостранай форме адлюстроўваюць побыт і жыццё працоўных, узаемаадносіны ў грамадстве і сям’і, высмейваюць адмоўныя сац. тыпы і людскія недахопы, сцвярджаючы нар. ідэалы. У адрозненне ад чарадзейных казак у іх адсутнічаюць элементы фантастыкі. Героі С.-б.к. — бедны селянін, работнік, салдат, якія перамагаюць сваіх ворагаў-прыгнятальнікаў не звышнатуральнай сілай, а мудрасцю, кемлівасцю і знаходлівасцю. Найб. папулярнасцю карысталіся казкі на тэмы «мужык і пан», «мужык і поп(ксёндз)», дзе паны, папы і ксяндзы трапляюць у камічнае становішча, праз якое выразна выяўляюцца іх прагнасць, хцівасць, жорсткасць, дурасць («Пану навука», «Завідлівы поп»). У С.-б.к. 2-й пал. 19 ст. ярка адлюстравалася класавае расслаенне ў вёсцы ў паслярэформенны час. Канфлікт паміж беднымі і багатымі выразна раскрывае асн. рысы і якасці створаных народам вобразаў — бязлітаснага жорсткага багатыра і прыгнечанага абяздоленага бедняка. У некат. з гэтых казак вял. месца адведзена псіхал. характарыстыцы персанажаў. Адна з найважнейшых іх асаблівасцей адлюстравання рэчаіснасці — спалучэнне верагоднага паказу жыцця з карыкатурна-гратэскавай абмалёўкай адмоўных персанажаў. Для іх характэрна іронія, сарказм, гіпербала, дасціпны нар. гумар. Найб. развіццё С.-б.к. набылі ў эпоху феадалізму, актыўна бытавалі ў перыяд капіталізму, лепшыя ўзоры дайшлі да нашага часу.
Публ.:
Сацыяльна-бытавыя казкі. Мн., 1976.
Літ.:
Фядосік А.С. Беларуская сацыяльна-бытавая казка. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІ́ТЫ (Isoptera),
атрад насякомых. 6 сям., каля 2600 відаў. Найб. прымітыўная група сярод грамадскіх насякомых. Пашыраны пераважна ў тропіках. Жывуць сем’ямі ў гнёздах у глебе або драўніне, некат. віды — у тэрмітніках (надземных гнёздах выш. да 15 м). Рыючая дзейнасць Т. — важны фактар глебаўтварэння. Асн. разбуральнікі расл. рэшткаў у тропіках; некат. віды шкодзяць раслінам, разбураюць драўляныя збудаванні і інш.Найб. небяспечны паўднёваафр. Т. усёразбуральны (Bellicositermes natalensis).
Сям’я складаецца з некалькіх кастаў: здольныя да размнажэння самка («царыца», даўж. да 14 см, з гіпертрафіраванымі яечнікамі) і самец (значна меншы); бяскрылыя стэрыльныя рабочыя асобіны, знешне падобныя да лічынак, буйныя і дробныя (даўж. да 1,5 см; асн., найб. шматлікая ч. сям’і), нарыхтоўваюць корм, кормяць самку, клапоцяцца аб патомстве; «салдаты» (даўж. да 2 см), што абараняюць сям’ю ад ворагаў — інш. відаў Т., мурашак. У крылатых асобін 2 пары аднолькавых перапончатых крылаў, якія пасля раення і спароўвання абломліваюцца. Бяскрылыя асобіны светлыя (адсюль устарэлая назва — белыя мурашкі). У рабочых асобін і «салдат» вочы недаразвітыя або адсутнічаюць, ротавыя органы грызучыя. Кормяцца расл. рэшткамі, пэўнымі грыбамі, што вырошчваюць у т.зв. «грыбных садах». Засваенне корму (клятчаткі) адбываецца з дапамогай сімбіятычных кішэчных прасцейшых (жгуцікавых). Ператварэнне няпоўнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ КРАЁВА (АК; Armia Krajowa літар. армія краіны),
падпольная ваен. арганізацыя, якая дзейнічала ў 1942—45 на акупіраванай фаш. Германіяй тэр. Польшчы і частцы тэр.б.СССР (Украіна, Беларусь, Літва). Падпарадкоўвалася польск. эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Камандуючыя АК: генералы С.Равецкі, Т.Камароўскі, Л.Акуліцкі. Налічвала 250—300 тыс.чал. У паліт. адносінах будавалася на аснове «надпартыйнасці», тэорыі «двух ворагаў» — Германіі і СССР. Зыходзячы з гэтага абмяжоўвалася арганізатарскай работай, фарміраваннем шырокай сеткі падп. арг-цый, стварэннем штабоў і інш. органаў, якія пасля краху акупац. рэжыму павінны былі забяспечыць прыход да ўлады эмігранцкага ўрада, аднаўленне граніц даваен. Польшчы. Пасля разрыву адносін паміж СССР і польск. эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся тэндэнцыі канфрантацыі АК з сав.партыз. атрадамі. На тэр. Беларусі існавалі Навагрудская, Палеская і Віленская акругі АК. З 1942 арганізоўваліся партыз. атрады. У 1944 дзейнічалі злучэнні «Наднёманскае», «Поўнач», «Усход», «Захад» («Шчучынскае»), «Стоўбцы». Ажыццяўляючы аперацыю «Бура» (распрацавана ў кастр. 1943; прадугледжвала захоп тэр.Зах. Украіны, Зах. Беларусі і Віленшчыны ў момант адступлення ням.-фаш. войскаў), спрабавала авалодаць Вільнюсам і перашкодзіць аднаўленню сав. улады ў Вільнюсе, Львове, інш. гарадах. Адначасова асобныя падраздзяленні АК узаемадзейнічалі з сав. партызанамі, часцямі Чырв. Арміі, Гвардыі Людовай, уступалі ў Войска Польскае. Эмігранцкі ўрад і кіраўніцтва АК узнялі 1 жн. Варшаўскае паўстанне 1944, якое было жорстка задушана гітлераўцамі. АК распушчана 9.1.1945 эмігранцкім урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НІІ (ад лац. colonia пасяленне) у біялогіі, сумесныя пасяленні груп аднаго, радзей некалькіх відаў, пастаянныя ці часовыя, абумоўленыя марфал., роднаснымі ці экалагічнымі ўзаемасувязямі, якія забяспечваюць асобінам лепшыя ўмовы існавання.
У раслін К. вядомы сярод водарасцяў; бываюць свабоднаплаваючыя і прымацаваныя, маюць разнастайную форму і памеры, ад 2 клетак (глеякапс) да многіх тысяч (вальвокс).У жывёлсапр. К. — сукупнасці асобін, арганічна звязаных паміж сабой, якія ўтварыліся ў выніку не даведзенага да канца дзялення ці пачкавання (гл.Каланіяльныя арганізмы), простыя тэр. намнажэнні адзінкавых форм (мідыі, марскія жалуды) або згуртаванні асобін аселых жывёл, якія маюць пастаянныя сховішчы (многія віды кажаноў, мурашкі і інш.); згуртаванні з больш складанымі ўзаемасувязямі паміж асобінамі, калі некат. функцыі ў пасяленнях выконваюцца супольна (напр., абарона ад ворагаў і папераджальная сігналізацыя на птушыных базарах, «дзіцячыя сады» ў пінгвінаў, пасяленні ластаногіх, суслікаў); К. грамадскіх насякомых (мурашак, пчол, тэрмітаў і інш.), у якіх асобіны сумесна выконваюць большасць функцый — размнажэння, абароны, забеспячэння кормам, будаўніцтва і інш. (з абавязковым размеркаваннем працы і спецыялізацыяй асобін або ўзроставых груп на выкананні вызначаных аперацый) і дзейнічаюць на аснове пастаяннага абмену інфармацыяй паміж сабой. К. мікраарганізмаў — сукупнасць клетак або міцэлію, якая ўтвараецца ў працэсе іх росту і размнажэння на штучным пажыўным асяроддзі, на паверхні прадуктаў харчавання або ў глебе, грунце вадаёмаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́Т (Marat) Жан Поль (24.5.1743, г. Будры, Швейцарыя — 13.7.1793),
французскі паліт. дзеяч, вучоны, публіцыст. Д-р медыцыны (1775). У 1762—65 вывучаў у Парыжы медыцыну, філасофію, прыродазнаўства. З 1765 у Вялікабрытаніі, дзе набыў вядомасць працамі ў галіне медыцыны, фізікі і паліталогіі. З 1776 зноў у Парыжы, працаваў урачом. У паліт.-юрыд. трактаце «План крымінальнага заканадаўства» (1780) сцвярджаў, што крымін. законы складзены багатымі ў сваіх інтарэсах, права ўладання выцякае з права на жыццё і таму бедныя маюць права на паўстанне супраць прыгнятальнікаў. З першых дзён французскай рэвалюцыі 1789—99 яе актыўны ўдзельнік на баку радыкальна-дэмакр. сіл. З вер. 1789 выдаваў газету «L’Ami du peuple» («Сябра народа»), у якой адстойваў эканам. і паліт. інтарэсы гар. беднаты, рэзка выступаў супраць лідэраў правячага ліберальна-дэмакр. блока (Ж.Некера, А.Г.Р.Мірабо, М.Ж. дэ Лафаета). Зазнаў ганенні ўлад, выдаваў газету ў падполлі, у студз.—маі 1790 і снеж. 1791 — крас. 1792 хаваўся ў Англіі. Пасля звяржэння манархіі (10.8.1792) чл. Назіральнага к-та Камуны Парыжа, з вер. 1792 — дэп.Канвента ад Парыжа. Выступаў з ідэяй масавага тэрору супраць ворагаў рэвалюцыі і спекулянтаў, на баку якабінцаў вёў барацьбу супраць жырандыстаў. У крас. 1793 працягнуты жырандыстамі да суда Рэв. трыбунала па абвінавачанні ў закліках да роспуску Канвента, забойстваў і рабаўніцтваў, але быў апраўданы. З М.Рабесп’ерам і інш. якабінцамі падрыхтаваў нар. паўстанне ў Парыжы 31.5—2.6.1793, якое прывяло да падзення ўлады жырандыстаў і ўстанаўлення якабінскай дыктатуры. Забіты Ш.Кардэ, звязанай з жырандыстамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫШЭЛЬЁ (Richelieu) Арман Жан дзю Плесі
(du Plessis; 5.9.1585, Парыж — 4.12.1642),
французскі дзярж. і рэліг. дзеяч. З 1607 біскуп, у 1616—17 дзярж. сакратар па замежных і ваен. справах у час рэгенцтва Марыі Медычы. У 1617—21 у апале. З 1622 кардынал, з 1624 першы міністр ва ўрадзе Людовіка XIII. Фактычна кіраваў краінай. Праводзіў палітыку ўмацавання каралеўскай улады. З мэтай ліквідацыі сепаратызму адабраў у гугенотаў (фактычна стварылі дзяржаву ў дзяржаве) Ла Рашэль (1628) і паўд. крэпасці (1629). Падпісаў «Эдыкт міласці» (1629), які пазбавіў гугенотаў іх паліт. правоў, але захаваў свабоду веравызнання. Узмацніў кантроль над правінцыяльнымі органамі ўлады і перадаў ч. іх паўнамоцтваў каралеўскім інтэндантам. Спрыяў развіццю мануфактур і гандлю. Забараніў дуэлі, разбураў умацаваныя дваранскія замкі ўнутры краіны, караў смерцю сваіх ворагаў з ліку арыстакратыі (Марыльяк, Манмарансі, Сен-Мар). У знешняй палітыцы галоўным лічыў барацьбу супраць гегемоніі Габсбургаў. У 1635 па яго ініцыятыве Францыя ўступіла ў Трыццацігадовую вайну 1618—48 на баку пратэстанцкай кааліцыі. Далучыў да Францыі Эльзас і ч. Латарынгіі. Стварыў ваен. флот і рэарганізаваў армію. Узмацніў падатковы прыгнёт і жорстка задушыў выкліканыя ім сял. паўстанні (краканаў у 1636, «басаногіх» у 1639). Мецэнат і калекцыянер, апекаваўся мастакамі і літаратарамі. У 1635 засн.Франц. акадэмію. У сваім «Палітычным завяшчанні» (1643) выклаў асн. прынцыпы палітыкі франц. абсалютызму.
Літ.:
Люблинская А.Д. Франция при Ришелье: Фр. абсолютизм в 1630—1642 гг.Л., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМБО́ (Rimbaud) Жан Нікала Арцюр (20.10.1854, г. Шарлевіль-Мезьер, Францыя — 10.11.1891),
французскі паэт. Усе свае шэдэўры стварыў у 15—19-гадовым узросце. Пасля 1875 адышоў ад паэзіі, займаўся гандлем. У першых вершах ап’яненне жаданай свабодай («Адчуванне», «Мая багема»), смелыя эксперыменты з гукамі і паэт. вобразамі («Афелія», «Шукальніцы вошай», «Галосныя»), знішчальныя інвектывы ў адрас правінцыяльнага мяшчанства («На музыцы», «На кукішках»), віноўнікаў бессэнсоўнай вайны («Ліха», «Які спіць у лагчыне»), хрысц. набожнасці і пакорлівасці («Вячэрняя малітва», «Беднякі ў храме», «Першае прычасце»), ворагаў Парыжскай камуны («Парыжская оргія, або Парыж засяляецца зноў»), Адна з вяршынь яго паэзіі — верш «П’яны карабель» (1871) — усхваляваная споведзь у выглядзе малой прыгодніцкай адысеі, шэраг нечаканых вобразаў, убачаных на мяжы сну і явы. Стварыўшы своеасаблівую тэорыю паэт. яснабачання, Р. імкнуўся да таямніц існага, зрабіць творчасць інструментам карэннага абнаўлення свету, вызваліць несвядомае ад абмежаванняў цвярозага розуму (кн. вершаў у прозе «Азарэнні», выд. 1886). Апошняя кн. «Сезон у пекле» (1873) — развітанне паэта з марамі пра звышзадачу змяніць свет. На бел. мову асобныя яго вершы перакладалі Р.Барадулін, А.Мінкін, Я.Семяжон, М.Федзюковіч.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Паэты Парыжскай камуны. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКАБІ́НЦЫ,
прадстаўнікі радыкальнай паліт. плыні (фактычна — партыі) у Францыі ў перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99, члены Якабінскага клуба, што засталіся ў ім пасля адыходу жырандыстаў. Лідэры: М.Ф.М.І.Рабесп’ер, Ж.П.Марат, Ж.Ж.Дантон, Л.А.Л.Сен-Жуст і інш. Былі выразнікамі інтарэсаў рэв.-дэмакр. буржуазіі, якая выступала ў саюзе з сялянствам і гар.плебействам у абарону заваяванняў рэвалюцыі і за яе далейшае развіццё. Найб. паслядоўныя Я. імкнуліся стварыць рэсп. грамадства з поўнай паліт. роўнасцю грамадзян, без кантрастаў галечы і багацця, але адвяргалі крайні радыкалізм «шалёных». У перыяд якабінскай дыктатуры (чэрв. 1793—ліп. 1794) узмацнілася барацьба паміж «правымі», або «памяркоўнымі» (Дантон, К.Дэмулен і інш.) і «крайнімі» (П.Г.Шамет, Ж.Р.Эбер і інш.) Я. «Правыя», звязаныя з «новай» буржуазіяй, выступалі за аслабленне рэжыму дыктатуры і асабліва рэв. тэрору; «крайнія» — выразнікі ідэй гар. нізоў — патрабавалі ўзмацнення рэпрэсій супраць спекулянтаў і раздзелу маёмасці ворагаў рэвалюцыі сярод незаможнага насельніцтва, змагаліся з каталіцкай царквой. Большасць Я. ішла за групоўкай Рабесп’ера, якая, скарыстаўшы заклік Эбера да новага нар. паўстання, дамаглася ў сак.—крас. 1794 смяротнага пакарання лідэраў «крайніх», а неўзабаве расправілася з Дантонам і інш. лідэрамі «правых». Гэта адштурхнула ад Я. «новую» буржуазію і значную частку нар. нізоў, стварыла ўмовы для звяржэння якабінскай дыктатуры ў выніку тэрмідарыянскага перавароту (27—28.7.1794) і закрыцця Якабінскага клуба (12.11.1794). Спробы Я. аднавіць сваю дзейнасць у 1795—96 і 1798—99 падаўлены Дырэкторыяй. У канцы 18 — пач. 19 ст. тэрмін «Я.» набыў па-за межамі Францыі значэнне хадзячай назвы для абазначэння ўвогуле рэвалюцыянераў і радыкальных рэфарматараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВА́Ч Платон Раманавіч (18.4.1903, в. Пабокавічы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Скончыў Камуніст.ун-т Беларусі (1926). У 1922—23 інструктар Барысаўскага павятовага к-та камсамола, з 1926 заг. аргаддзела, з 1928 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ, у 1929—30 нам. наркома асветы БССР. Быў рэдактарам газ. «Чырвоная змена», час. «Маладняк», «Полымя». У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў «Дробязі жыцця» (1927), «Хочацца жыць» (1930), «Апавяданні» (1934), нарыса пра буд-ва Беламорска-Балтыйскага канала «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» (1934). У апавяданнях пісаў пра грамадз. вайну і класавую барацьбу на вёсцы, выкрываў «ворагаў народа», рэліг. забабоны, старое вясковае жыццё. Яны вызначаюцца гуманіст. пафасам, псіхалагізмам, вастрынёй канфліктаў. У аповесцях ставіў праблему даверу да чалавека («Вінаваты», нап. 1929), адлюстроўваў калектывізацыю бел. вёскі («Спалох на загонах», 1930), паказваў барацьбу супраць польскіх акупантаў («Носьбіты нянавісці», 1936, «Яны не пройдуць!», 1937). Аналітычна, шматпланава паказаў рэчаіснасць ад пярэдадня 1-й сусв. вайны да калектывізацыі ў рамане «Праз гады» (1934): перадаў паэзію вясковай працы, сял. любоў да зямлі, сац. і псіхал. складанасць ломкі старога жыццёвага ўкладу, псіхалогіі людзей. Аўтар публіцыст. і літ.-крытычных артыкулаў. Чл.ЦККП(б)Б у 1927—30. Чл.ЦВКБССР у 1927—35.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—3. Мн., 1958;
Пісьмы Платона Галавача // Полымя. 1963. № 4;
Праз гады. Мн., 1992;
Спалох на загонах. Мн., 1996.
Літ.:
Булацкі Р.В., Карніловіч Э.А. Платон Галавач — публіцыст. Мн., 1973;
Бугаёў Дз. З кагорты першых // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;
Луфераў М. Платон Галавач // Гісторыя беларускай савецкай літаратуры, 1917—1940. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТАЎНЫ́Я СКА́ЗЫ,
сінтаксічныя канструкцыі, якія ўводзяцца ў пэўны сказ і выконваюць у ім тыя ж функцыі, што і ўстаўныя словы. Маюць форму простых і складаных сказаў рознай будовы. Далучаюцца да паясняльных ці ўдакладняльных членаў асн. сказа пры дапамозе сэнсава-інтанацыйнай, злучнікавай сувязі і займаюць у адносінах да іх постпазіцыйнае становішча. У адрозненне ад пабочных сказаў не маюць суб’ектыўна-мадальных значэнняў.
У мове выконваюць важную семант. ролю. Могуць выражаць значэнні: суадпаведнасці — «Мікола Ігнатовіч, — а гэта быў ён — без асаблівага энтузіязму пераступіў парог» (М.Лынькоў); супраціўнасці, супрацьпастаўленасці або ўступальнасці — «Я гляджу і не магу нагледзецца (што з таго, што ноч і змрок густы!) на цябе, Вялікая Мядзведзіца» (П.Панчанка), «Не будку мае Жук — палацы (хоць не свае, вядома, працы)» (К.Крапіва); падкрэсленасці — «Максім з чамаданам і клункамі ў руках увайшоў у прасторную і высокую — хоць цэпам махай — залу вакзала» (М.Машара); прызначанасці — «А ніжэй маста, адразу ж ад дарогі (дарога нібы мяжой была) пачынаецца заліўны луг» (І.Шамякін); абумоўленасці — «І цікавілася маці — сэрца матчына вядома, — як на службе там дзіцяці, ці там лепей, ці мо дома» (Я.Купала); месца — «У адным сяле (не важна дзе) хадзіў Баран у чарадзе» (К.Крапіва); часу — «На трэці дзень увечары (пазнавата ўжо было) Пятро Тодаравіч вярнуўся дадому» (К.Чорны); прычыны — «Яны аднекуль здалёку прывезлі калючых саджанцаў — блізка ад Рослікаў саду нідзе не было» (Р.Сабаленка); умовы — «Я свой абавязак (калі спатрэбіцца) заўсёды выканаю» (А.Якімовіч); паяснення — «Дзям’ян быў з тых на Панятоўшчыне (так называлася вёска, дзе ён жыў з маленства), якія маўкліва і засмучана сустрэлі ворагаў» (П.Кавалёў); заўвагі аб характары дзеяння, эмацыянальным стане, паводзінах асобы, яе адчуванні і інш. У.с. ўзбагачаюць зместава-інфармацыйную структуру сказа, яго семант. аб’ём, унутр. моўна-стылістычныя, выяўл. магчымасці і як сродкі дакладнага адлюстравання рэчаіснасці шырока ўжываюцца ў розных жанрах маст. л-ры.