СЕ́РКЕТ, Селкет,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі і рэлігіі багіня-апякунка мёртвых, дачка Ра, якая дапамагала яму знішчаць ворагаў. Свяшчэнная жывёла С. — скарпіён. Выявы С. ў выглядзе жанчыны са скарпіёнам на галаве часта змяшчалі на саркафагах.

Серкет. Статуэтка з грабніцы фараона Тутанхамона. Каля 1350 да н.э.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ Веньямін Леанідавіч (24.4.1923, в. Дабрышчава Камсамольскага р-на Іванаўскай вобл., Расія — 20.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1942. Разведчык асобнай разведроты сяржант З. 20.7.1944 у баі каля воз. Дрысвяты, прыкрываючы адыход разведчыкаў, быў цяжка паранены. Калі гітлераўцы акружылі яго, гранатай падарваў сябе і ворагаў.

В.Л.Зайцаў.

т. 6, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЖО́ВЫЯ І́КЛЫ, біўні,

зубы верхняй сківіцы маржа. У самцоў даўж. да 82 см, маса да 3 кг, сціснутыя з бакоў; у самак карацейшыя і больш акруглыя ў сячэнні. Растуць усё жыццё. З іх дапамогай морж выкопвае з дна корм, узбіраецца на лёд, абараняецца ад ворагаў. Выкарыстоўваюць у дэкар. мастацтве (дробная скульптура, нажы, брошкі, пацеркі і інш.).

т. 10, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЛУС (Tellus),

у старажытнарымскай рэлігіі і міфалогіі багіня зямлі-карміцелькі і яе прадукцыйных сіл, а таксама падземнага царства мёртвых. У яе гонар наладжваліся штогадовыя святы Фардзіцыі (15 крас.), на якіх у ахвяру багіні прыносілі цельную карову. Як багіні падземнага царства ёй прыносілі ачышчальныя ахвяры сваякі памерлых; таксама яе клікалі, калі хацелі аддаць ворагаў на волю падземных багоў. Т. часам атаясамлівалі з Цэрэрай, Вестай і Юнонай.

т. 16, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕЎ Барыс Міхайлавіч (11.6.1924, Масква —23.2.1944),

удзельнік партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў спец. школу падрыўнікоў-мінёраў (1942). 3 чэрв. 1942 у партызанах у Асіповіцкім р-не. Удзельнічаў у падрыве 18 варожых эшалонаў. 23.2.1944 у баі за апорны пункт партызан у в. Каменічы замяніў загінуўшага камандзіра групы, паранены, працягваў бой. Калі скончыліся патроны, гранатай падарваў сябе і ворагаў, што наблізіліся да яго.

т. 6, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗІНСЕ́КЦЫЯ (ад дэз... + лац. insectum насякомае),

комплекс ветэрынарна-сан. мерапрыемстваў па знішчэнні або зніжэнні колькасці шкодных членістаногіх (насякомых, кляшчоў і інш.). Метады Д.: мех. (сеткі, ліпкія стужкі, пасты, ачыстка ферм і тэрыторый), фіз. (уздзеянне высокіх і нізкіх тэмператур, гама-выпрамянення), хім. (інсектыцыды), біял. (выкарыстанне прыродных ворагаў членістаногіх — птушак, рыб, бактэрый, вірусаў, грыбоў). Выкарыстоўваюць супраць пераносчыкаў узбуджальнікаў інфекц. і інвазійных хвароб жывёл, чалавека і раслін, а таксама свірнавых шкоднікаў.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ХМЕТ, Сахмет («магутная»),

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі багіня вайны і пякучага сонца. Яе ўяўлялі жанчынай з галавой ільвіцы (свяшчэнная жывёла С.). Цэнтр культу — г. Мемфіс. Паводле міфаў, С. — дачка Ра (яго грознае вока), жонка Птаха (бог г. Мемфіс), маці Нефертума (бог расліннасці). Яна знішчае ворагаў Ра і Асірыса, а ў міфе аб пакаранні богам Ра чалавечага роду за грахі вынішчае людзей. Разам з тым лічылася багіняй-лекаркай і апякункай урачоў.

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́Р’Я (літар. — сонца),

у старажытнаіндыйскай міфалогіі: 1) бог Сонца, адзін з 8 багоў — захавальнікаў свету, цар Паўд. Захаду, усёвідушчае вока Мітры і інш. багоў. Яго ўяўлялі чалавекам, птушкай або лятучым вожыкам. У міфах С. нараджаецца на У, выходзіць з нябеснай брамы і за дзень абыходзіць зямлю і неба. Ён азарае свет, разганяе цемру, хваробы і ворагаў, дорыць людзям здароўе, працвітанне і патомства.

2) Дачка сонечнага бога Сур’і.

Сур’я. Камень. 10 ст.

т. 15, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕХІСТУ́Н (Behistun), Бізітун,

скала ў Іране паміж гарадамі Керманшах (цяпер Бахтаран) і Хамадан з клінапіснымі надпісамі і барэльефам, у якіх адлюстравана гісторыя перамог цара персаў Дарыя I і стварэння дзяржавы Ахеменідаў. Надпісы зроблены ў 516 да н.э. па загадзе Дарыя. Яны выкананы на З мовах (стараж.-персідскай, эламскай і вавілонскай), на барэльефе — выявы Дарыя, яго заступніка бога Ахурамазды і палонных ворагаў. Надпісы далі ключ для расшыфроўкі эламскага і вавілонскага клінапісаў.

А.​В.​Іоў.

Агульны выгляд скалы Бехістун і прамалёўка рэльефу на ёй.

т. 3, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГУ́ЧЫЯ КЛЕ́ТКІ, крапіўныя клеткі, нематацыты, кнідацыты,

клеткі ў покрыўным эпітэліі і ў энтадэрме большасці кішачнаполасцевых, якія выконваюць функцыі нападзення на здабычу, яе ўтрымання і абароны ад ворагаў. Складаюцца з танкасценнай капсулы (нематацысты, кнідацысты), у поласці якой знаходзіцца спіральна закручаная ніць з пераважна ядавітай вадкасцю. На вонкавай паверхні клеткі ёсць нерухомы адчувальны валасок — кнідацыль, дакрананне да якога выклікае раздражненне Ж.к. і выкідванне жыгучай ніці. Укол ніці паралізуе і выклікае гібель дробнай, зрэдку болевы ацёк буйной жывёлы. Пасля выкідвання ніці Ж.к. гінуць.

т. 6, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)