КАЛІНО́ЎСКАЯ Валянціна Фёдараўна (н. 21.7.1938, Кіеў),
украінская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1968). Скончыла Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1957). У 1957—81 салістка, з 1980 педагог-рэпетытар Кіеўскага т-ра оперы і балета. Яе творчасці характэрна дасканалае валоданне тэхнікай класічнага танца, глыбокі псіхалагізм у стварэнні вобразаў. Сярод партый: Донна Анна («Каменны валадар» В.Губарэнкі), танец агню («Чорнае золата» В.Гамалякі), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Эгіна («Спартак» А.Хачатурана), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.Мелікава), Мірта («Жызэль» А.Адана).
т. 7, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЯПА́НАВА Таццяна Пятроўна (н. 9.5.1935, Мінск),
бел. цымбалістка, педагог. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел. кансерваторыю (1959, кл. І.Жыновіча). З 1954 артыстка Дзярж. нар. аркестра Беларусі, у 1969—93 выкладчык Мінскага муз. вучылішча, адначасова ў 1974—82 арганізатар і кіраўнік цымбальнага ансамбля. Аўтар пералажэнняў твораў бел., рус. і інш. кампазітараў, у т. л. канцэртнай фантазіі «Жураўлі на Палессе ляцяць» І.Лучанка, «Раманса» Г.Свірыдава (з муз. ілюстрацыі да аповесці А.Пушкіна «Мяцеліца»), уверцюры да оперы «Квартал анёлаў» М.Тэадаракіса і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1974, Масква).
А.В.Скорабагатчанка.
т. 15, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭРЫ́ТА (Cerrito) Фані (Франчэска; 11.5.1817, г. Неапаль, Італія — 6.5.1909),
італьянская артыстка балета. Вучылася ў школе т-ра «Сан-Карла» ў Неапалі. У 1832—57 выступала ў т-рах Італіі, Вены, Лондана, а таксама ў Расіі. Рамант. танцоўшчыца. Яе выкананню ўласцівы паэт. адухоўленасць і паветранасць танца, віртуознасць, тэмперамент. Сярод партый: Ундзіна («Ундзіна» Ц.Пуні; сусв. вядомасць набыў яе «Танец з ценем»), Пакерэта («Пакерэта» Ф.Бенуа), сольныя партыі ў дывертысментах опер «Майсей» Дж.Расіні, «Густаў Ш, ці Баль-маскарад» Ф.Абера і інш. Выступала разам з М.Тальёні, Л.Гран, А.Сен-Леонам.
І.Л.Чэбан.
т. 17, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЦЫНЬ, Вілцыня (Vilciņa) Велта (Аўсма) Эйнаўна (н. 13.12.1928, Упесгрыва Талсінскага р-на, Латвія), латышская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла балетную студыю пры Рыжскім т-ры оперы і балета (1948). У 1949—73 салістка, з 1968 педагог-рэпетытар Рыжскага т-ра. Сярод партый: Баранеса («Сакта свабоды» А.Скултэ), Скайдрытэ («Стабурадзе» А.Калніньша, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), Адэта—Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына) і інш. У 1956 і 1958 выступала ў Вял. т-ры.
т. 4, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЎШ (Bausch; сапр. Філіпіне; Philippine) Піна
(н. 27.7.1940, г. Золінген, Германія),
нямецкая артыстка балета, балетмайстар. Вучылася ў «Фолькванг-шуле» К.Іоса (г. Эсэн). Танцавала ў «Фолькванг-балеце», трупе «Новага амерыканскага балета», у «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). З 1969 балетмайстар розных т-раў у ФРГ, з 1971 балетмайстар Танц. ансамбля ў Вуперталі. Ставіць балеты на аснове па-экспрэсіянісцку завостранага танца мадэрн у суправаджэнні сімф., вакальнай і канкрэтнай музыкі, тэксту. Пастаноўкі: «Вакханалія» ў оперы «Тангейзер» Р.Вагнера (1971), «Адажыо» на муз. «Пяці песень» Г.Малера (1974), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1976), «Ідзі, станцуй са мной» на зборную музыку (1977) і інш.
т. 2, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁВА Яўгенія Антонаўна (н. 28.8.1924, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. артыстка Беларусі (1989). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.Купалы (1949); працавала ў гэтым тэатры ў 1949—94. Створаныя ёю вобразы адметныя шчырасцю, праўдзівасцю, нар. гумарам. З лепшых роляў: Поля («Характары» паводле В.Шукшына), Дама («Цытадэль славы» К.Губарэвіча), Аксана («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Альжбета, Жанчына («Паўлінка», «Тутэйшыя» Я.Купалы), Акуліна («Плач перапёлкі» І.Чыгрынава), Глушачыха («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Суседка («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), Маці Мотэла («Памінальная малітва» паводле Шолам-Алейхема) і інш.
М.А.Бартніцкая.
т. 7, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЯСІ́ЎЦАВА Вольга Аляксандраўна (18.7.1895, г. Растоў-на-Доне, Расія — 16.9.1991),
артыстка балета. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1913). У 1913—23 у Марыінскім т-ры, удзельнічала ў спектаклях Рус. балета Дзягілева за мяжой (1916, 1921, 1927). З 1924 выступала ў т-ры «Гранд-апера» ў Парыжы, у 1932—37 гастраліравала з трупамі М.Фокіна, В.Дандрэ (б. трупа Г.Паўлавай). З 1939 у ЗША. Балерына лірыка-рамант. і трагедыйнага плана. Яе танец вылучаўся дакладнасцю графічных поз, дасканаласцю. Сярод партый: Жызэль («Жызэль» А.Адана), Аўрора («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.Пуні), Нікія («Баядэрка» Л.Мінкуса).
т. 15, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРАХО́ЎСКАЯ Раіса Львоўна (н. 1.5.1916, г. Адэса, Украіна),
украінская і рас. артыстка балета, бел. дзяячка самадз. мастацтва, педагог. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыла Адэскі музычна-тэатр. тэхнікум (1933). З 1934 салістка балета Адэскага і Новасібірскага т-раў оперы і балета, Омскай філармоніі, педагог-балетмайстар Масюўскага т-ра імя Я.Вахтангава. У 1956—91 арганізатар і маст. кіраўнік Мінскай дзіцячай нар. балетнай студыі «Мара» пры Палацы культуры Белсаўпрофа. Аўтар і пастаноўшчык харэаграфічных кампазіцый, танцаў, дзіцячых балетаў у студыі «Мара», лібрэта балета «Альпійская балада» Я.Глебава. Сярод вучняў І.Душкевіч.
Тв.:
Танцевать могут все. Мн., 1973.
т. 17, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЛІЧ Надзея Анатолеўна (н. 14.1.1953, пас. Цукровы з-д Гродзенскай вобл.),
бел. эстрадная спявачка. Засл. арт. Беларусі (2000). Скончыла Гродзенскае муз.-пед. вучылішча (1972). З 1972 артыстка вак.-інстр. ансамбля «Верасы», з 1981 у Бел. філармоніі, з 1990 у дзярж. аб’яднанні «Белканцэрт». Валодае ігрой на гітары, акардэоне, губным гармоніку і інш. Творчай індывідуальнасці ўласцівы эмацыянальная выразнасць, шчырасць, валоданне разнастайнымі песеннымі жанрамі. У рэпертуары песні бел. кампазітараў і паэтаў, аўтарскія творы, у т. л. «Ой бяда», «Мая спеўная душа», «Вясельная», «Грэшніца вясна» і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.
Г.Ч.Лянькевіч, Я.Ч.Харавец.
т. 18, кн. 1, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАН (Grahn) Люсіль (30.6.1819, Капенгаген — 4.4.1907),
дацкая артыстка балета, балетмайстар; адна з найб. вядомых рамант. танцоўшчыц. Скончыла школу Каралеўскага дацкага балета (педагог А.Бурнанвіль), з 1826 у яго трупе, афіцыйна дэбютавала ў 1834 (па-дэ-дэ ў оперы «Нямая з Портычы» Ф.Абера). З 1839 у Парыжскай оперы. У 1843—46 гастраліравала ў Еўропе, з 1848 пераважна ў Германіі. Яе танец адметны лёгкасцю, грацыяй, выключнай тэхнікай. Выконвала гал. партыі ў балетах, паст. Бурнанвілем, Ф.Тальёні, Ж.Ж.Перо і інш. У 1856 пакінула сцэну, працавала балетмайстрам у Лейпцыгу (1858—61), Мюнхенскай прыдворнай оперы (1869—75). Сярод пастановак сцэна вакханаліі ў оперы «Тангейзер» Р.Вагнера.
т. 5, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)