ГРАН

(Grahn) Люсіль (30.6.1819, Капенгаген — 4.4.1907),

дацкая артыстка балета, балетмайстар; адна з найб. вядомых рамант. танцоўшчыц. Скончыла школу Каралеўскага дацкага балета (педагог А.Бурнанвіль), з 1826 у яго трупе, афіцыйна дэбютавала ў 1834 (па-дэ-дэ ў оперы «Нямая з Портычы» Ф.Абера). З 1839 у Парыжскай оперы. У 1843—46 гастраліравала ў Еўропе, з 1848 пераважна ў Германіі. Яе танец адметны лёгкасцю, грацыяй, выключнай тэхнікай. Выконвала гал. партыі ў балетах, паст. Бурнанвілем, Ф.Тальёні, Ж.Ж.Перо і інш. У 1856 пакінула сцэну, працавала балетмайстрам у Лейпцыгу (1858—61), Мюнхенскай прыдворнай оперы (1869—75). Сярод пастановак сцэна вакханаліі ў оперы «Тангейзер» Р.Вагнера.

т. 5, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)