МАСЛЮ́К (Валерый Васілевіч) (н. 30.3. 1953, в. Ропна Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. рэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). З 1979 рэжысёр Бел. т-ра імя Я.​Коласа (у 1993—96 дырэктар і да 1997 маст. кіраўнік). У 1981—83 працаваў гал. рэжысёрам Магілёўскага абл., у 1983—91 Дзярж. рус. драм. т-раў. У рэжысуры спалучае псіхалагізацыю характараў з вобразнай умоўнасцю сучаснай тэатр. эстэтыкі. Лепшыя спектаклі М. вызначаюцца яркай відовішчнасцю, метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, уменнем раскрыць акцёрскую індывідуальнасць. Сярод пастановак: у Бел. т-ры імя Я.​Коласа — «Клеменс» К.​Саі і «Стары дом» А.​Казанцава (1980), «Закон вечнасці» паводле Н.​Думбадзе (1981), «Кароль Лір» У.​Шэкспіра (1994), «Размова ў доме Штайн пра гэра фон Гётэ, якога ў гэты час проста няма» П.​Хакса (1995), «Жаніцьба» М.​Гогаля і «Час быка» Саі (1996), «Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка (1998); у Магілёўскім абласным драм. т-ры (у спектаклях выступаў і як акцёр) — «Візіт дамы» Ф.​Дзюрэнмата (1981), «Тутэйшыя» паводле твораў Я.​Купалы (і роля Мікіты Зносака), «Каханне, джаз і чорт» Ю.​Грушаса (роля Андруса) і «А хтосьці выпаў з гнязда» паводле Д.​Васермана (роля Мак Мэрфі; 1982); у Дзярж. рус. драм. т-ры — «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Усё ў садзе» Э.​Олбі і «Бабскае царства» Ю.​Нагібіна (1984), «Знак бяды» паводле В.​Быкава (1985; Дзярж. прэмія Беларусі 1986), «Апошні наведвальнік» У.​Дазорцава і «Царства зямное» Т.​Уільямса (1986), «Начныя карлікі і Антыгона» Л.​Разумоўскай і «Ноч анёла» А.​Розанава (1987), «Майстры» А.​Дударава паводле М.​Булгакава і «І быў дзень...» («Сметнік») Дударава (1988). Аўтар п’ес «Судны дзень» (разам з В.​Казько, паст. 1982), «Начное рандэву», «Чароўная кашуля» (абедзве паст. ў 1992), «Вялікая сумная рыбіна, якая чакае» (паст. 1995), «Пакахай мяне, салдацік» паводле аповесці Быкава (паст. 1997), «Кацігарошак» паводле бел. фальклору (паст. 1998), «Пад сонцам» (паст. 1999), вершаў у зб. «Сцяжына» (1983).

Літ.:

Гаробчанка Т. Свой шлях у мастацтве // Мастацтва Беларусі. 1984. № 11.

Т.​Я.​Гаробчанка.

т. 10, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎЛЕ́ННЕ,

канкрэтнае гаварэнне, якое адбываецца ў часе і ўвасоблена ў гукавой ці пісьмовай форме; адзін з гал. відаў камунікатыўнай дзейнасці чалавека. Пад М. разумеюць працэс гаварэння (маўленчую дзейнасць) і яго вынік (маўленчыя творы, якія фіксуюцца памяццю ці пісьмом). Маўленчая дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пэўнымі правіламі (фанет., марфал., сінтакс. і лексічнымі), уласцівымі пэўнай мове на пэўным этапе яе гіст. развіцця. Сукупнасць гэтых правіл (норм моўных) утварае сістэму мовы. Мова як код, як сістэма аб’ектыўна існуючых, сац. замацаваных знакаў, якія суадносяць паняційны змест і тыповае гучанне, і М. ўтвараюць дыялектычнае адзінства. Маўленчая дзейнасць грунтуецца на моўных нормах, увасобленых у моўным матэрыяле, а моўная сістэма ствараецца, развіваецца і ўдасканальваецца толькі ў маўленчай дзейнасці. М. — увасабленне, рэалізацыя мовы, праз яго мова выконвае свае камунікатыўныя функцыі. Характарыстыка М. даецца праз проціпастаўленне яго мове. У адрозненне ад мовы М. рухомае, мэтанакіраванае, сітуатыўна і індывідуальна абумоўленае, канкрэтнае і матэрыяльнае, актуальнае, бясконцае, актыўнае і дынамічнае, лінейнае, адвольнае, варыятыўнае і інш. Паколькі мова выкарыстоўваецца і як сродак зносін і ў інш. сферах дзейнасці чалавека (напр., пазнавальнай, г.зн. мысленні, і інш.), вылучаюць уласна М. або «знешняе» (камунікатыўна-накіраванае) і ўнутр. (накіравана на яго суб’ект, самога сябе для пастаноўкі і рашэння пэўных пазнавальных задач). «Знешняе» М. падзяляецца на маналагічнае (гл. Маналог) і дыялагічнае (гл. Дыялог). Працэс М. характарызуецца пэўным тэмпам, працягласцю, тэмбравымі асаблівасцямі, ступенню гучнасці, выразнасці і г.д. М. можа быць ахарактарызавана праз указанне на псіхал. стан таго, хто гаворыць, яго камунікатыўную задачу, адносіны да субяседніка, шчырасць, па прыкметах сваёй фармальнай і сэнсавай структуры. Да М. прыдатны эстэт. (стылістычныя) і этычныя (нарматыўныя) ацэнкі. У розных сац. сферах з’явы М. тыпізуюцца, утвараюць адносна самаст. сістэмы — функцыянальныя стылі (гл. Стылі мовы). Вывучаюць М. мовазнаўства, псіхалогія, фізіялогія, сацыялогія, філасофія, літаратуразнаўства і інш.

Літ.:

Леонтьев А.А. Язык, речь, речевая деятельность. М., 1969;

Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 16. Лингвистическая прагматика. М., 1985;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 17. Теория речевых актов. М., 1986.

Л.​Д.​Выгонная.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХІНА (Вера Ігнатаўна) (1.7.1889, Рыга — 6.10.1953),

расійскі скульптар. Нар. маст. СССР (1943). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Вучылася ў школах-студыях К.​Юона і І.​Машкова ў Маскве (1909—12), прыватных маст. акадэміях і ў Э.​А.​Бурдэля ў Парыжы (1912—14). Выкладала ў Вышэйшым маст.-прамысл. вучылішчы (1926—27) і Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—30) у Маскве. Чл. Т-ва рус. скульптараў (з 1926). У 1914 вывучала мастацтва Рэнесансу ў Італіі, потым жыла ў бацькоўскім маёнтку пад Магілёвам. Пазней працавала ў Маскве. У ранні перыяд зазнала ўплыў кубізму, імкнулася да манументальнасці і лаканізму форм («П’ета», 1916, не захавалася). Пасля 1917 удзельнічала ў рэалізацыі плана манум. прапаганды, стварала праекты рамантычна-ўзнёслых, прасякнутых бурлівым рухам помнікаў («Полымя рэвалюцыі», 1922—23, і інш.). У станковых творах імкнулася перадаць унутр. моц натуры праз пацяжэнне аб’ёмаў: «Вецер» (1926), «Сялянка» (1927) і інш. З 1930-х г. звярнулася да праблематыкі сінтэзу манум. скульптуры і архітэктуры (скульпт. група «Хлеб» для Маскварэцкага моста ў Маскве, 1939, і інш.). Найб. значная работа гэтага перыяду — стварэнне (з арх. Б.​Іафанам) павільёна СССР на сусв. выстаўцы ў Парыжы 1937. Нарастаючы ўвышыню рытм будынка павільёна-пастамента арганічна працягваўся дыяганальнай кампазіцыяй 25-метровай скульпт. групы «Рабочы і калгасніца» (1935—37, пры перавозцы з Парыжа пашкоджана, адноўлена і ў 1939 устаноўлена ў Маскве). У 1940-я г. працавала пераважна ў жанры партрэта; «Б.​Юсупаў», «І.​Хіжняк» (абодва 1942—47), «Акадэмік А.​Крылоў» (1945) і інш. У апошнія гады працавала над завяршэннем праекта І.​Шадра помніка М.​Горкаму (з Н.​Зяленскай і З.​Івановай, арх. З.​Разенфельд, 1951), помніка П.​Чайкоўскаму (з Зялянскай і Івановай, арх. А.​Заварзін; адкрыты ў 1954). Афармляла выстаўкі, тэатр. спектаклі, працавала ў графіцы, стварала праекты адзення, малюнкі для тканін, вырабы з фарфору і шкла. Імя М. прысвоена Ленінградскаму вышэйшаму маст.-прамысл. вучылішчу (1953; з 1994 Пецярбургская маст.-прамысл. акадэмія). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1951, 1952. Іл. гл. таксама да арт. Манументальная скульптура.

Літ.:

Воронова О.П. В.​И.​Мухина. М., 1976;

Суздалев П.К. В.​И.​Мухина. М., 1981.

Л.​Я.​Дзягілеў.

В.Мухіна. Хлеб. 1939.

т. 11, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́НХЕНСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1938 па Чэхаславакіі.

Заключана 29 вер., падпісана 30 вер. ў г. Мюнхен (Германія) на канферэнцыі кіраўнікоў урадаў фаш. Германіі (А.​Гітлер) і Італіі (Б.​Мусаліні), Вялікабрытаніі (Н.​Чэмберлен), Францыі (Э.​Даладзье). Было вынікам прэтэнзій Германіі на Судэцкую вобл. Чэхаславакіі (яе ўрад не быў запрошаны на канферэнцыю), населеную пераважна немцамі, і палітыкі «прымірэння» з Германіяй Вялікабрытаніі і Францыі перад 2-й сусв. вайной. Пасля аншлюсу Аўстрыі (сак. 1938) урад Гітлера пачаў рыхтаваць захоп Чэхаславакіі. Ён падштурхнуў сваіх прыхільнікаў генлейнаўцаў (судэтанямецкую партыю, лідэры К.​Генлейн і інш.) высунуць патрабаванні поўнай аўтаноміі Судэцкай вобл. і правядзення там плебісцыту па яе самавызначэнні. Гэта абвастрыла адносіны судэцкіх немцаў з урадам Чэхаславакіі (Судэцкі крызіс). У сярэдзіне мая пачалося перамяшчэнне герм. войск да мяжы з Чэхаславакіяй. Урад апошняй 20 мая абвясціў частковую мабілізацыю. Зах. саюзнікі Чэхаславакіі Вялікабрытанія і Францыя, імкнучыся ўрэгуляваць свае адносіны з Германіяй, настойвалі на прыняцці патрабаванняў генлейнаўцаў. Пасля некалькіх дыпламат. місій, у т. л. сустрэч Чэмберлена з Гітлерам 15 і 22 вер., і па просьбе Мусаліні Гітлер пагадзіўся абмеркаваць чэхаславацкае пытанне на канферэнцыі ў Мюнхене. Паводле М.п. Чэхаславакія пад націскам Вялікабрытаніі і Францыі на працягу 10 дзён (1—10 кастр.) мусіла перадаць Германіі Судэцкую вобл. з усімі наяўнымі там збудаваннямі (каля ¼ насельніцтва, амаль ⅕ тэрыторыі, палавіна цяжкай прам-сці, значныя ваен. ўмацаванні). М.п. наблізіла акупацыю герм. войскамі ўсёй Чэхаславакіі (сак. 1939) і развязванне 2-й сусв. вайны Германіяй. 30 вер. падпісана таксама англа-германская дэкларацыя 1938 аб ненападзенні. Пасля вайны Судэцкая вобл. вернута Чэхаславакіі. Канчаткова юрыд. нязначнасць М.п. замацавана паводле дагавора паміж Чэхаславакіяй і ФРГ ад 11.12.1973.

Літ.:

Документы по истории мюнхенского сговора, 1937—1939. М., 1979;

Мюнхен — преддверие войны: (Ист. очерки). М., 1988;

Борисов А.Ю. Мюнхенская трагедия: (Размышления спустя полвека). М., 1988;

Тейлор Т. На пути к Мюнхену: Пер. с англ. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны. М., 1992;

Ширер У. Капитуляция в Мюнхене: Пер. с англ. // Там жа.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 11, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́Д,

1) усё насельніцтва пэўнай краіны (напр., Н. Беларусі, Францыі і г.д.).

2) Розныя формы гіст., этн. супольнасцей (племя, народнасць, нацыя).

3) У марксізме — толькі прац. класы і сац. слаі грамадства (у процілегласць пануючай або кіруючай эліце). Узнікненне і паглыбленне сац. дыферэнцыяцыі людзей прывяло да з’яўлення ў грамадстве адносна ўстойлівых супольнасцей з уласнымі эканам., паліт. і інш. інтарэсамі, аб’ектыўнай зацікаўленасцю фармуляваць і актыўна вырашаць задачы сац. прагрэсу ў інтарэсах абсалютнай большасці людзей. Напр., ініцыятывай рэв. змен у Англіі ў 17 ст. авалодалі розныя слаі буржуазіі і новае дваранства, якія выступалі ад імя Н.; у Франц. рэвалюцыі 1789—99 Н. прадстаўляла «трэцяе саслоўе» (бурж. элементы горада і вёскі), што ўзначальвала барацьбу супраць феад. адносін; у 19 і 20 ст. у якасці носьбітаў «народных інтарэсаў» і «асноўных прадстаўнікоў Н.» заяўлялі аб сабе даволі вузкія колы ліберальнай і радыкальнай, тэхн. і навук. інтэлігенцыі, што часта адбывалася пад уплывам уздыму масавых нар. рухаў, дзе гал. месца займалі рабочыя, сяляне, дробная буржуазія. Н. валодае здольнасцю да самаарганізацыі, з’яўляецца не толькі неаднароднай, але і супярэчлівай супольнасцю. Пры гэтым супярэчнасці існуюць паміж асобнымі элементамі сац. структуры і адначасова пранізваюць яе па вертыкалі зверху ўніз, што накладвае яскравы адбітак на гіст. падзеі, у прыватнасці, калі прадстаўнікі аднолькавых па сваім сац. змесце частак Н. займаюць непрымірымыя грамадзянскія і паліт. пазіцыі (напр., у грамадз. войнах). Тэарэт. інтэрпрэтацыя катэгорыі Н. характарызуецца мноствам падыходаў, якія абумоўлены істотнымі асаблівасцямі канкрэтных кірункаў філас., сац.-паліт. і прававой думкі. Марксісцка-ленінская філасофія пры распрацоўцы катэгорыі Н. канцэнтруе ўвагу на выконваемай ім ролі асн. суб’екта, «героя» гіст. працэсу. У тэорыях масавага грамадства, масавай культуры і масавай камунікацыі Н. лічыцца пасіўным аб’ектам разнастайных грамадскіх змяненняў: індустрыялізацыі і урбанізацыі, развіцця масавай вытв-сці і спажывання, бюракратызацыі грамадскага жыцця, шырокага распаўсюджвання нізкіх па маральна-эстэт. узроўні прадуктаў масавай культуры і інш., аб’ектам маніпуляцый з боку ўладных структур. Прынцыпова новым кірункам міжнар.-прававых і філас. даследаванняў з’яўляецца сістэмнае вывучэнне Н. як суб’екта калект. міжнар. правоў: права на самавызначэнне, на зберажэнне сваёй індывідуальнасці, на сац.-эканам. развіццё, роўнасць з інш. Н. і суверэнітэт.

В.​І.​Боўш.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНЫЯ ЛАДЫ́,

група дыятанічных ладоў (гл. Дыятоніка). Уключае поўныя і няпоўныя лідыйскі, іанійскі (натуральны мажор), міксалідыйскі, дарыйскі, эалійскі (натуральны мінор), фрыгійскі, лакрыйскі (зрэдку), а таксама ўсе віды пентатонікі. Ступені ў Н.л. знаходзяцца ў суадносінах, уласцівых гукам асн. гукараду, у адрозненне ад ладоў са змененымі асн. ступенямі (гл. Альтэрацыя, Храматыка). Назвы Н.л. запазычаны ў сярэднявеччы са стараж.-грэч. тэорыі музыкі, але структура Н.л. і стараж.-грэч. не супадае. Н.л. адрозніваюцца адзін ад аднаго індывідуальна спецыфічным гучаннем, аднак для лідыйскага, іанійскага, міксалідыйскага характэрна мажорнае нахіленне, для дарыйскага, эалійскага, фрыгійскага — мінорнае (гл. нотны прыклад; схема І.​Спасобіна). Уласцівы муз. фальклору многіх народаў (бел. нар. музыцы характэрны іанійскі, эалійскі, міксалідыйскі, пентатонавыя лады, трапляюцца дарыйскі, фрыгійскі, значна радзей — лідыйскі, лакрыйскі), пад яго ўплывам увайшлі ў сярэдневяковыя манодыі, стараж.-рус. і бел. культавую музыку, з 17 ст. — у зах.-еўрап. і рус. кампазітарскую творчасць. Н.л. шырока прадстаўлены ў рус. і зарубежнай музыцы 19—20 ст. (М.​Мусаргскі, М.​Рымскі-Корсакаў, І.​Стравінскі, Б.​Бартак, Э.​Грыг, К.​Дэбюсі), сав. кампазітараў (М.​Мяскоўскі, С.​Пракоф’еў, Г.​Свірыдаў, Ю.​Шапорын, Дз.​Шастаковіч). Сярод бел. кампазітараў Н.л. выкарыстоўвалі Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, А.​Багатыроў, С.​Бельцюкоў, Я.​Глебаў, В.​Залатароў, П.​Падкавыраў, В.​Помазаў, Ф.​Пыталеў, Дз.​Смольскі, Р.​Сурус, Я.​Цікоцкі, Л.​Шлег і інш.

Ва ўсх. нар. музыцы ў процілегласць еўрапейскай Н.л. не дыятанічныя, што дае падставу для больш шырокага сучаснага разумення іх у музыцы з уключэннем у сэнс тэрміна і недыятанічных сістэм (напр., сучаснай 12-ступеннай сістэмы).

Літ.:

Способин И.В. Лекции по курсу гармонии М., 1969;

Тюлин Ю.Н. Натуральные и альтерационные лады. М., 1971;

Холопов Ю.Н. Проблемы диатоники и хроматики // Сов. музыка. 1972. № 10;

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Дубкова Т.А. Натуральналадавыя сродкі ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1964. №4;

Юденич Н Народная ладовая гармония в творчестве белорусских композиторов // Музыка и жизнь. Л.;

М., 1973. Вып. 2.

Т.А Дубкова.

Натуральныя лады.

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ВЫЗВАЛЕ́ННЕ,

сацыяльна-паліт. працэс і вынік барацьбы супраць нац., эканам., паліт. і інш. прыгнёту за дасягненне незалежнасці (суверэнітэту) і стварэння самаст. нац. дзяржаўнасці. Праяўленні барацьбы за Н.в. вядомы здаўна (напр., барацьба паўд. славян супраць тур. панавання), аднак яе пашырэнне звязана з развіццём капіталізму, фарміраваннем нацый і нац. культур, стварэннем нац. дзяржаў у Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы (Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя, вайна за незалежнасць у ЗША). Найбольшыя маштабы Н.в. мела ў 20 ст., калі яно набыло глабальны характар і прывяло да краху шматнацыянальных калан. імперый. Нац. незалежнасць заваявалі Кітай. Індыя, Інданезія, Пакістан, інш. краіны Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі. Н.в. ажыццяўляецца ў форме нац.-вызв. рэвалюцыі, якая часта набывае характар шматгадовай узбр. барацьбы супраць замежных прыгнятальнікаў (напр., у Кітаі), ці ў форме мірнага эвалюцыйнага руху ў кірунку незалежнасці, калі ў канчатковым выніку ўлада перадаецца нац. ўраду мірным шляхам, як гэта адбылося ў Індыі. Н.в. з’яўляецца вынікам барацьбы, складанага ўзаемаперапляцення этнанац., паліт., сац., рэліг., сацыякультурных і інш. грамадскіх сіл. што складаюць масавую базу гэтага працэсу. Узначальваць рух за Н.в. могуць розныя супольнасці і арг-цыі: нац.-бурж., рэв.-дэмакр., сацыяліст., феад.-манархічныя і інш. Значны ўклад у фарміраванне бел. нац. ідэі і асэнсавання неабходнасці барацьбы за Н.в. зрабілі сваёй творчасцю Т.​Нарбут, Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч, А.​Гурыновіч і інш. Важнай вяхой у барацьбе бел. народа за Н.в. з’явілася паўстанне пад кіраўніцтвам К.​Каліноўскага і выданне ім нелегальнай рэв.-дэмакр. газ. «Мужыцкая праўда», у якой выяўлены асн. арыенціры нац.-вызв. барацьбы бел. народа. Істотны ўклад у Н.в. беларусаў зрабіла ў 1906—15 газ. «Наша ніва», актыўная дзейнасць плеяды класікаў бел. л-ры, грамадска-паліт. дзеячаў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, А.​Пашкевіч, А.​Гаруна, Ц.​Гартнага, М.​Гарэцкага і інш. Нац.-вызв. барацьба бел. народа прывяла да абвяшчэння ў 1918 Бел. Нар. Рэспублікі, у 1919 — БССР, у 1991 — Рэспублікі Беларусь як незалежнай, суверэннай і самаст. дзяржавы. Гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, Нацыянал-дэмакратызм, Нацыянальнае самавызначэнне.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 11, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЭРУ́ДА (Neruda) Пабла [сапр. Рэес Басуальта

(Reyes Basoalto) Нефталі Рыкарда; 12.7.1904, г. Параль, Чылі — 23.9.1973], чылійскі паэт, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў ін-це г. Сант’яга. У 1927—43, 1970—72 на дыпламат. рабоце. У 1949—52 у эміграцыі. Друкаваўся з 1917. Псеўданім абраў пад уражаннем творчасці чэш. паэта Я.Неруды. У зб-ках «Дваццаць вершаў пра каханне і адна песня роспачы» (1924),

«Месцажыхарства — зямля» (ч. 1—2, 1933—35), «Іспанія ў сэрцы» (1937), «Вінаграднікі і вятры» (1954), «Оды спрадвечным рэчам» (кн. 1—3, 1954—57), «Камяні Чылі» (1961), «Баркарола» (1967), «Мора і званы» (1973), «Адзінокая ружа», «Зімовы сад», «Кніга пытанняў», «Выбраныя недахопы» (усе выд. 1974), драме ў вершах «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» (1967), паэме «Усеагульная песня» (1950) і інш. тэмы адказнасці мастака перад чалавецтвам, мужнасці і самаахвярнасці барацьбітоў за мір і справядлівасць, адданасці радзіме, кахання. Аўтар паэт. аўтабіяграфіі «Мемарыял Чорнага вострава» (т. 1—5, 1964), кн. ўспамінаў «Прызнаюся: я жыў» (выд. 1974). Яго творчасць адметная разнастайнасцю маст. прыёмаў, асацыятыўнасцю, смелай вобразнасцю, спалучэннем лірычна-спавядальнага з гратэскава-сатыр. і гумарыстычным, рэаліст. з авангардысцкім. На бел. мову яго вершы пераклалі Р.​Барадулін, Г.​Бураўкін, А.​Вялюгін, С.​Грахоўскі, А.​Грачанікаў, Х.​Жычка, М.​Калачынскі, І.​Калеснік, Г.​Кляўко, А.​Куляшоў, А.​Лойка, Я.​Семяжон, М.​Стральцоў, М.​Танк, К.​Шэрман. Магілёўскі абл. т-р лялек (1980) і Дзярж. т-р лялек (1981) паставілі спектаклі «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты». Міжнар. прэмія Міру 1950. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1953. Нобелеўская прэмія 1971.

Тв.:

Бел. пер. — Крыві бунтоўнай кроплі: Лірыка. Мн., 1976;

у кн.: Кахаць — гэта значыць... Старонкі з паэзіі свету. Мн., 1986;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1978—79;

Признаюсь: я жил: Воспоминания. 2 изд. М., 1988.

Літ.:

Осповат Л. Пабло Неруда: Очерк творчества. М., 1960;

Венок Неруде. М., 1974;

Тейтельбойм В. Неруда: Пер. с исп. М., 1988;

Пабло Неруда: Биобиблиогр. указ. М., 1960.

Е.​А.​Лявонава.

П.Нэруда.

т. 11, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛТА́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

У цэнтр. ч. Левабярэжнай Украіны. Утворана 22.9.1937. Пл. 28,8 тыс. км². Нас. 1708 тыс. чал. (1997), гарадскога 59%. Цэнтр — г. Палтава. Найб. гарады: Крамянчуг, Лубны, Міргарад.

П.в. размешчана ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Паверхня — хвалістая раўніна, якая спадзіста паніжаецца да р. Дняпро. Карысныя выкапні: жал. руда (Крамянчугская магнітная анамалія), нафта і газ (Дняпроўска-Данецкая газанафтаносная вобласць), торф, буд. матэрыялы, крыніцы мінер. вод і тарфяныя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -5 °C да -7 °C, ліп. 21 °C, ападкаў 400—500 мм за год. Гал. р. Дняпро з прытокамі Сула, Псёл, Ворскла. У межах вобласці часткі Крамянчугскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў. Невял. азёры. Глебы чарназёмныя. Стэпы пераважна разараныя. Участкі дрэвава-хмызняковай расліннасці (дуб, ясень, бераст, клён) і лесапалосы займаюць каля 8% тэрыторыі. Дэндрапарк (каля г. Глобіна).

Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць грузавых аўтамабіляў, дарожных машын, вагонаў, станкоў, электратэхнікі, алмазнага інструменту, абсталявання для харч. і хім. прам-сці), чорная металургія, нафтахім., хім. і хім.-фармацэўтычная, харч. (цукр., мясная, малочная, кансервавая, алейна-тлушчавая і інш.), камбікормавая. Здабыча нафты, газу, жал. руды, буд. матэрыялаў. Энергетыка грунтуецца на мясц. і прывазной нафце і газе, энергіі Крамянчугскай ГЭС. Развіта лёгкая (тэкст., трыкат., гарбарна-абутковая, швейная), дрэваапр., у т. л. мэблевая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Маст. промыслы (вырабы з керамікі, вышыўка, вытв-сць дываноў). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, цукр. буракоў, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі 2115 тыс. га (1997), у т. л. 1740 тыс. га займаюць пасяўныя плошчы. Сеюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, кукуруза, зернебабовыя, жыта), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік), кармавыя, агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Садоўніцтва. Плантацыі лекавых раслін. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушак. Рыбаводства. Даўж. чыгунак 853 км, аўтадарог каля 8 тыс. км. Чыг. вузлы: Палтава, Крамянчуг, Рамадан, Грабёнка. Гал. аўтадарогі: Кіеў—Палтава—Харкаў, Палтава—Запарожжа—Сімферопаль і інш. Суднаходства па р. Дняпро і на асобных участках рэк Псёл, Сула, Ворскла.

Аэрапорт у г. Палтава. Па тэр. вобласці праходзяць трубаправоды: Крамянчуг—Херсон (нафтаправод), Шабялінка—Крамянчуг—Адэса (газаправод) і інш. Курорт Міргарад.

В.​М.​Сасноўскі.

т. 12, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДПАЛЕ́СКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

фізіка-геаграфічная правінцыя на ПдУ Мінскай, Пн Гомельскай і ПдЗ Магілёўскай абл. Мяжуе на З з Заходне-Беларускай правінцыяй, на Пн і ПнЗ з Беларуска-Валдайскай правінцыяй, на ПнУ і У з Усходне-Беларускай правінцыяй, на Пд і ПдУ з Беларускім Палессем. Працягнулася з 3 на У на 257 км, з Пн на Пд на 175 км, пл. 36,4 тыс. км². Падзяляецца на фізіка-геагр. раёны: Цэнтральна-бярэзінская раўніна і Чачорская раўніна. Паверхня П.п. — раўніна, слабанахіленая на Пд, выш. да 150—180 м. У рэльефе вылучаюцца пласкахвалістыя водна-ледавіковыя і доннамарэнныя раўніны, згладжаныя марэнныя грады, хвалістыя, часткова ярыстыя ўчасткі на лёсападобных пародах. Трапляюцца дзюнна-ўзгорыстыя пясчаныя формы рэльефу. Тэрасаваныя рачныя даліны ўрэзаны на 15—25 м, даліна р. Дняпро на глыб. да 50 м. У тэктанічных адносінах тэр. П.п. прымеркавана да паўд. і ўсх. ч. Беларускай антэклізы, паўд. ускраіны Аршанскай упадзіны і Жлобінскай седлавіны. Асадкавыя пароды — верхнепратэразойскія, дэвонскія, мелавыя, палеагенавыя і неагенавыя, перакрытыя адкладамі антрапагенавай сістэмы. Карысныя выкапні: калійныя і каменныя солі (частка Старобінскага радовішча), мел, гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, мінер. воды. Клімат умерана кантынентальны, вільготны. Сярэдняя т-ра студз. ад -6,3 °C да -7,5 °C, ліп. 18—18,5 °C. Вегетац. перыяд 187—193 сут. Ападкаў 580—640 мм за год. Найб. рэкі: Дняпро, Сож, Бярэзіна, Пціч. Азёры пераважна ў далінах рэк (старычныя). Вадасховішчы: Салігорскае (часткова) на р. Случ, Любанскае на р. Арэса, Чыгірынскае на р. Друць, Асіповіцкае на р. Свіслач. Глебы дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя пясчаныя, сфарміраваныя на флювіягляцыяльных пясках, сярэдне- і моцнаападзоленыя супясчаныя і сугліністыя на марэне і лёсападобных пародах. У далінах рэк поймавыя (алювіяльныя) глебы, у паніжэннях рэльефу — тарфяна-балотныя, пераважна нізіннага тыпу. Лясы займаюць 40% тэр., належаць да Бярэзінска-Перадпалескай геабатанічнай акругі падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Значную плошчу займаюць вытворныя бярэзнікі і асіннікі. Вял. балотныя масівы пашыраны ў сярэднім цячэнні р. Пціч, у міжрэччы Бярэзіны і Свіслачы, Бярэзіны і Друці. Пад ворывам каля 35% тэрыторыі. У П.п. заказнікі: паляўнічыя Чэрыкаўскі (часткова) і Чачэрскі; гідралагічны Заазер’е; біялагічныя Амяльнянскі, Копыш, Мацеевіцкае, Фаліцкі Mox і інш.

т. 12, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)