«ГЕ́РМАН»
(«Herman»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў акупіраваных Валожынскім, Івянецкім, Любчанскім, Навагрудскім, Юрацішкаўскім р-нах у Вял. Айч. вайну. Праводзілася 1.7—11.8.1943 сіламі 1-й матарызаванай брыгады СС, 3 паліцэйскіх палкоў, асобага батальёна СС А.Дзірлевангера, 3 батальёнаў вермахта, паліцэйскіх батальёнаў, 5 жандарскіх, грэнадзёрскіх і артыл. узводаў, падраздзяленнямі нач. паліцыі бяспекі і СД Беларусі, спец. падраздзяленнямі з Мінска (усяго больш за 50 тыс. чал.). Для вывазу нарабаванага, адпраўкі насельніцтва ў Германію прыцягваліся спец. каманды баранавіцкага гебітскамісарыята, упаўнаважаныя гасп. інспекцыі «Усход». Гітлераўцы шчыльна блакіравалі Івацэвіцка-Налібоцкую партыз. зону, у якой дыслацыраваліся 5 партыз. брыгад і 6 атрадаў. У пач. баявых дзеянняў партызаны разграмілі варожую аўтакалону, захапілі штабную карту і план аперацыі, таму была зроблена перагрупоўка партыз. сіл. Баі працягваліся 35 дзён. У выніку аперацыі партызаны выйшлі з-пад удараў гітлераўцаў разам з часткай насельніцтва; фашысты загубілі 4280 сав. грамадзян, 654 аддалі на расправу паліцыі бяспекі і СД, для вывазу ў Германію захапілі 20 944 чал., у т. л. 4173 дзяцей, поўнасцю рэквізавалі жывёлу, спалілі больш за 150 вёсак, з іх некалькі разам з жыхарамі.
І.П.Хаўратовіч.
т. 5, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)