ТШАШЧКО́ЎСКАЯ (дзявочае Манькоўская) Зоф’я Адамаўна
(1847, в. Дарагавіца Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 7.11.1911),
польская і бел. пісьменніца, перакладчыца. Удзельніца рус.-тур. вайны 1877—78. Вярнуўшыся ў г. Ноўгарад, пасябравала з удзельнікам паўстання 1863—64 і паплечнікам К.Каліноўскага Ф.П.Зянковічам, які значна паўплываў на паэтэсу. Першыя літ. спробы Т. падтрымаў яе сваяк У.Сыракомля. Роднай вёсцы прысвяціла цыкл вершаў на польскай мове «Дарагавіцкія песні». Аўтар вершаванага зб. на польскай мове «Адзін з многіх» (1890). У вершах шырока выкарыстоўвала бел. фальклор і лексіку. Захаваліся яе бел. верш «Божа, наш бацька, мы твае людзі...» і пераклады паэт. твораў Я.Чачота («Казак»), Т.Ленартовіча («Каліна»), М.Канапніцкай («Ля аконца», «Як жа мне цябе, дзяўчына...»). Падтрымлівала творчыя кантакты з В.Каратынскім, Я.Лучынам.
Літ.:
Казбярук У.М. Ступені росту: Бел. літ. канца XIX — пачатку XX ст. і традыцыі пол. пісьменнікаў. Мн., 1974;
Яго ж. Беларускія вершы Адама М-скага // Маладосць. 1971. № 12;
Заняпад і адраджэнне: Бел. літ. XIX ст. Мн., 2001.
У.М.Казбярук.
т. 16, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭБРЫ́З, Таўрыз,
горад на ПнЗ Ірана, у даліне р. Аджычай, адм. ц. астана Усх. Азербайджан. Каля 1,5 млн. ж. з прыгарадамі (2001). Важны гандл.-трансп. пункт на шляхах у Закаўказзе і Турцыю, эканам. і культ. цэнтр. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: трыкат., маш.-буд., металаапр., дыванаткацтва, гарбарная, дрэваапр., шкляная, запалкавая, хім., нафтаперапр., харчасмакавая. Старадаўні цэнтр дыванаткацтва і выяўл. мастацтва. Азерб. ун-т. Арх. помнікі: саборная мячэць Алішаха (14 ст., з пач. 19 ст. — цытадэль), руіны Блакітнай мячэці (15 ст.).
Засн. ў 3 або 4 ст. Сасанідамі. У канцы 13 — пач. 16 ст. неаднаразова быў сталіцай розных дзяржаў на тэр. сучаснага Ірана. Тут адбылося Тэбрызскае паўстанне 1571—73. У 18 — пач. 19 ст. Т. — сталіца Тэбрызскага ханства, у 19 — пач. 20 ст. — рэзідэнцыя нашчадкаў прастола шахаў з каджарскай дынастыі. Адзін з цэнтраў нац.-вызв. і дэмакр. руху 20 ст. (Тэбрызскае паўстанне 1908—09, рухі 1920 і 1945—46). Цэнтр маст. рамяства, у т. л. Тэбрызскай школы мініяцюры 13—16 ст.
т. 16, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«УСХО́ДНІ ПАКТ», Усходнееўрапейскі рэгіянальны пакт,
праект дагавора аб калект. узаемадапамозе паміж СССР, Чэхаславакіяй, Польшчай, Латвіяй, Эстоніяй, Літвой і Фінляндыяй на выпадак агрэсіі нацысцкай Германіі, распрацаваны ў 1934. Ініцыіраваны франц. міністрам замежных спраў Л.Барту і сав. урадам пасля выхаду Германіі з Лігі Нацый, зыходу яе дэлегацыі з міжнар. канферэнцыі па раззбраенні (14.10.1933) і пачатку фарсіраванай мілітарызацыі герм. эканомікі. У маі—чэрвені 1934 СССР і Францыя пагадзіліся заключыць двухбаковы дагавор. 14 чэрв. ўрад СССР прапанаваў усім зацікаўленым бакам стаць удзельнікамі пакта. Прадугледжвалася, што Францыя далучыцца да пакта як яго гарант, а СССР стане гарантам Лакарнскіх дагавораў 1925. Гатоўнасць далучыцца да пакта выказалі ўрады Чэхаславакіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі (Эстонія і Латвія — пры ўмове далучэння да пакта Германіі і Польшчы). Калі Германія і Польшча адмовіліся ад удзелу ў гэтым дагаворы, тое ж зрабілі прыбалт. краіны, а фінл. бок не адказаў на франка-сав. прапанову. У гэтых умовах, а таксама пасля забойства Барту (9.10.1934) і перамогі ва ўрадзе Францыі праціўнікаў заключэння пакта яго праект не быў ажыццёўлены.
т. 16, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́ЛАДА (Fallada) Ганс [сапр. Дзітцэн
(Ditzen) Рудальф; 21.7.1893, г. Грайфсвальд, Германія — 5.2.1947], нямецкі пісьменнік. Дэбютаваў як перакладчык. Ранняя творчасць адзначана ўплывам экспрэсіяністаў, сталая — рамантыкаў і рэалістаў. Аўтар раманаў «Юны Гедэшаль» (1920),
«Антон і Герда» (1923), «Сяляне, бонзы і бомбы» (1931), «Маленькі чалавек, што ж далей?» (1932), «Хто аднойчы пакаштуе турэмнай баланды...» (1934), «Воўк сярод ваўкоў» (1937), «Жалезны Густаў» (1938), «Кожны памірае ў адзіночку» (1947) і інш., у якіх трагічная рэчаіснасць Германіі 1-й пал. 20 ст., праблемы існавання «маленькага чалавека», яго віны і адказнасці, прыстасавальніцтва і супраціўлення фашызму. Яго творы адметныя глыбокім псіхалагізмам, сюжэтнай напружанасцю, дакладнасцю дэталі, спалучэннем сатыры і дакумента з пранікнёным лірызмам. Аўтар аўтабіягр. кн. «У нас дома ў далёкія часы» (1941), «Успамінаў» (1946), шматлікіх фантаст. аповесцей і казак для дзяцей. На бел. мову яго асобныя творы пераклаў В.Сёмуха.
Тв.:
Бел. пер. — Даўным-даўно ў нас дома: Перажытае, бачанае і прыдуманае. Мн., 1981;
Рус. пер. — Собр. соч.: В 4 т. Т. 1—3. М., 1990—94.
Е.А.Лявонава.
т. 16, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́ЙГІН Юрый Міхайлавіч (н. 29.4.1947, г. Гомель),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (2002). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1974). Працаваў у т-рах Расіі. У 1978—92 і з 1995 у Гомельскім абл. драм. т-ры, у 1992—95 у Гомельскім Незалежным т-ры. Валодае сцэн. абаяльнасцю, прыхільнасцю да яркай камед. формы, майстэрствам пераўвасаблення і пластычнага выражэння вобразаў. Найб. значныя ролі: Доктар, Камандор («Апошні ўзлёт», «Купала» А.Дударава), Свяшчэннік, Бергман-Ганцэвіч («Ладдзя Роспачы», «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле У.Караткевіча), Бабаеў («Грэх ды бяда на каго не жыве» А.Астроўскага), Дорн («Чайка» А.Чэхава), Барменталь, Журдэн («Сабачае сэрца», «Здурнелы Журдэн» М.Булгакава), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Мефістофель («Святы і грэшны» М.Варфаламеева), Мальволіо («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Эміль Рабінэ («Жульен і Каломба» Ж.Ануя), граф дэ Гіш («Каханая, я павінен памерці» паводле «Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана), Атыліо Самуэле («Цыліндр» Э. Дэ Філіпа) і інш.
А.В.Усцінава.
т. 16, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЁЛЬ (Fiol) Швайпольт (?, г. Нойштат, Германія — паміж 1525 і 1526),
славянскі першадрукар. Займаўся гафцярствам (вышыванне золатам), у 1489 атрымаў каралеўскі прывілей на вынайдзеную ім водаадліўную машыну для шахтаў. Падтрымліваў сувязі з гуманістамі, прагрэс. прафесурай Ягелонскага ун-та ў Кракаве. Каля 1490 на сродкі гараджаніна Яна Турзона заснаваў друкарню ў Кракаве, кірылаўскі шрыфт для якой зрабіў студэнт ун-та Рудольф Барсдорф. Надрукаваў першыя кнігі кірылаўскага шрыфту: «Актоіх» і «Часаслоў» (1491), у 1492—93 «Трыёдзь посная» і «Трыёдзь каляровая» (недатаваныя; на думку некат. даследчыкаў, Ф. памагалі бел. і ўкр. студэнты, якія вучыліся ва ун-це). Выданні ўпрыгожаны арнаментам (застаўкі, ініцыялы), надрукаваны ў 2 фарбы. «Актоіх» і «Трыёдзь каляровая» маюць ксілаграфічныя франтыспісы. У пач. 1492 друкарня Ф. закрыта каталіцкай царквой. Захаваліся 92 экз. яго выданняў і іх фрагментаў.
Літ.:
Немировский Е.Л. Начало славянского книгопечатания. М., 1971;
Яго ж. Описание изданий типографии Швайпольта Фиоля // Описание старопечатных изданий кирилловского шрифта. М., 1979.
Г.Я.Галенчанка.
т. 16, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРТУ́М,
горад, сталіца Судана, пры зліцці рэк Белы Ніл і Блакітны Ніл. Адм. ц. правінцыі Хартум. 924 тыс. ж. (1993). Рачны порт. Вузел чыг. і шашэйных дарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: лёгкая, харч., гарбарна-абутковая, шкляная. Ун-т. Філіял Каірскага (Егіпет) ун-та. Сучасны суданскі т-р. Музеі: нац., этнагр., прыродна-гістарычны.
Засн. ў 7 ст. араб. племем махас у міжрэччы Белага і Блакітнага Ніла, на мысе, які па форме нагадвае хобат слана. адсюль назва (Х. па-арабску — хобат). Пасля заваявання Судана егіп. пашой Мухамедам Алі яго сталіца (з 1825). У 1885 узяты штурмам войскамі махдзістаў (гл. Махдзістаў паўстанне). У 1886 паводле загаду халіфа Абдалаха ібн аль-Саіда Мухамеда горад разбураны, а насельніцтва пераселена ў г. Амдурман, які стаў сталіцай першай нац. дзяржавы. У 1898 брыт. войскі разбурылі Амдурман, а адбудаваны Х. стаў адм. цэнтрам Англа-Егіпецкага Судана. Пасля 2-й сусв. вайны Х. — цэнтр нац.-вызв. барацьбы. З 1956 сталіца незалежнай Рэспублікі Судан, з 1969 — Дэмакр. Рэспублікі Судан.
т. 16, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЗЯНСІ́,
правінцыя на У Кітая. Пл. 1.66,6 тыс. км². Нас. 41,86 млн. ж. (2001). Адм. ц. — г. Наньчан. Унутр. ч. займае нізінная раўніна ў бас. воз. Паянху, па ўскраінах — горныя хрыбты (Уішань, Цзюліншань, Муфушань). Клімат субтрапічны, мусонны. Сярэдняя т-ра студз. 4—10 °C, ліп. 27—30 °C, ападкаў 1400—1700 мм за год. Гал. рэкі — Янцзы і Ганьцзян. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Гал. культура — паліўны рыс (па 2 ураджаі за год). Вырошчваюць таксама пшаніцу, ячмень, батат, бабовыя, чай, цытрусавыя і тэхн. Культуры (бавоўнік, джут, рамі, тытунь, цукр. трыснёг, алейныя). Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, у т. л. буйвалаў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Здабыча вальфраму, свінцу, волава, цынку, медзі, малібдэну, марганцу, золата, урану, кам. вугалю. Прам-сць: машынабудаванне (аўтамабілі, трактары, станкі), тэкст., шкляная, фарфоравая (найб. ў Кітаі ф-ка ў г. Цзіндэчжэнь), папяровая, хім., харчовая. Найб. гарады: Наньчан, Цзіндэчжэнь, Цзюцзян, Ганьчжоў. Суднаходства па воз. Паянху, рэках Янцзы і Ганьцзян.
т. 17, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫНХА́Й,
правінцыя на ПнЗ Кітая. Пл. 720 тыс. км². Нас. 5,23 млн. ж. (2001). Адм. ц. — г. Сінін. У рэльефе пераважаюць горы і пласкагор’і. Цайдамская катлавіна (выш. 2,6—3,1 тыс. м) абмежавана на Пн гарамі Наньшань (выш. 5—6 тыс. м) і Алтынтаг, на Пд — гарамі Куньлуня (выш. да 6—7 тыс. м); на Пд ч. Тыбецкага нагор’я. Клімат рэзка кантынентальны. Ападкаў 300—500 мм за год. На Ц. вярхоўі рэк Янцзы, Хуанхэ, Меконг. Шмат азёр, найб. — Кукунор. Горныя стэпы і паўпустыні. Ц. — слаба развіты аграрны рэгіён Кітая. Пераважае адгонная жывёлагадоўля. Гадуюць авечак, коз, коней, буйн. раг. жывёлу (у т. л. тыбецкіх якаў), аслоў, мулаў, вярблюдаў. У рачных далінах земляробства. Вырошчваюць холадаўстойлівыя гатункі пшаніцы, ячмень, авёс, чумізу, кукурузу, рапс, бульбу. Здабыча нафты, вугалю, каменнай і азёрнай солі, слюды, свінцовых і цынкавых руд. Прам-сць: нафтаперапр., металургія, машынабудаванне, харч., пераважна мясная і мясакансервавая. Транспарт аўтамаб. (Цынхай-Тыбецкая аўтамаб. дарога) і чыгуначны.
т. 17, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯГА́КА Лідзія Іванаўна (н. 21.2.1937, г.п. Кампанееўка Кіраваградскай вобл., Украіна),
бел. антраполаг. Д-р мед. н. (1990), праф. (1998). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1960). З 1969 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі (з 1990 заг. аддзела). Даследуе праблемы часавай і прасторавай зменлівасці морфафункцыянальных прыкмет людзей, варыябельнасць дэрматагліфічных і аданталагічных прыкмет этнагенетычных працэсаў на тэр. Беларусі. Аўтар «Нарысаў па антрапалогіі Беларусі» (1976, з І.І.Салівон, А.І.Мікулічам), падручніка «Асновы сучаснай антрапалогіі» (1989, з Салівон). Дзярж. прэмія Беларусі 1999.
Тв.:
Антропология Белорусского Полесья: (Демография, этнич. история и генетика). Мн., 1978 (разам з А.І.Мікулічам, І.І.Салівон);
Биологическое и социальное в формировании антропологических особенностей (по данным исследования населения Поозерья). Мн., 1981 (з імі ж);
Дерматоглифика населения Белоруссии: Популяционные аспекты изменчивости. Мн., 1989;
Расавая геаграфія беларусаў і праблемы этнагенезу. Мн., 1994 (разам з В.П.Аляксеевым, М.У.Вітавым);
Основы антропологии и экологии человека. Мн., 1997 (разам з І.І.Салівон).
т. 17, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)