ФІЁЛЬ (Fiol) Швайпольт (?, г. Нойштат, Германія — паміж 1525 і 1526),

славянскі першадрукар. Займаўся гафцярствам (вышыванне золатам), у 1489 атрымаў каралеўскі прывілей на вынайдзеную ім водаадліўную машыну для шахтаў. Падтрымліваў сувязі з гуманістамі, прагрэс. прафесурай Ягелонскага ун-та ў Кракаве. Каля 1490 на сродкі гараджаніна Яна Турзона заснаваў друкарню ў Кракаве, кірылаўскі шрыфт для якой зрабіў студэнт ун-та Рудольф Барсдорф. Надрукаваў першыя кнігі кірылаўскага шрыфту: «Актоіх» і «Часаслоў» (1491), у 1492—93 «Трыёдзь посная» і «Трыёдзь каляровая» (недатаваныя; на думку некат. даследчыкаў, Ф. памагалі бел. і ўкр. студэнты, якія вучыліся ва ун-це). Выданні ўпрыгожаны арнаментам (застаўкі, ініцыялы), надрукаваны ў 2 фарбы. «Актоіх» і «Трыёдзь каляровая» маюць ксілаграфічныя франтыспісы. У пач. 1492 друкарня Ф. закрыта каталіцкай царквой. Захаваліся 92 экз. яго выданняў і іх фрагментаў.

Літ.:

Немировский Е.Л. Начало славянского книгопечатания. М., 1971;

Яго ж. Описание изданий типографии Швайпольта Фиоля // Описание старопечатных изданий кирилловского шрифта. М., 1979.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 16, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)