ЦЫНХА́Й,
правінцыя на ПнЗ Кітая. Пл. 720 тыс. км². Нас. 5,23 млн. ж. (2001). Адм. ц. — г. Сінін. У рэльефе пераважаюць горы і пласкагор’і. Цайдамская катлавіна (выш. 2,6—3,1 тыс. м) абмежавана на Пн гарамі Наньшань (выш. 5—6 тыс. м) і Алтынтаг, на Пд — гарамі Куньлуня (выш. да 6—7 тыс. м); на Пд ч. Тыбецкага нагор’я. Клімат рэзка кантынентальны. Ападкаў 300—500 мм за год. На Ц. вярхоўі рэк Янцзы, Хуанхэ, Меконг. Шмат азёр, найб. — Кукунор. Горныя стэпы і паўпустыні. Ц. — слаба развіты аграрны рэгіён Кітая. Пераважае адгонная жывёлагадоўля. Гадуюць авечак, коз, коней, буйн. раг. жывёлу (у т. л. тыбецкіх якаў), аслоў, мулаў, вярблюдаў. У рачных далінах земляробства. Вырошчваюць холадаўстойлівыя гатункі пшаніцы, ячмень, авёс, чумізу, кукурузу, рапс, бульбу. Здабыча нафты, вугалю, каменнай і азёрнай солі, слюды, свінцовых і цынкавых руд. Прам-сць: нафтаперапр., металургія, машынабудаванне, харч., пераважна мясная і мясакансервавая. Транспарт аўтамаб. (Цынхай-Тыбецкая аўтамаб. дарога) і чыгуначны.
т. 17, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)