СВЯТЛІ́ЧНЫ (Цімафей Іванавіч) (1.5.1917, с. Святлічнае Залачаўскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — 26.6.1944),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1942. Разлік «кацюшы» на чале з сяржантам С. вызначыўся 26.6.1944 каля в Кажамякі Сенненскага р-на Віцебскай вобл., дзе агнём з устаноўкі, стралк. зброі і гранатамі на працягу 6 гадзін знішчыў 13 аўтамашын з ваен. грузам, 4 гарматы і шмат жывой сілы праціўніка, што прарываўся з віцебскага «катла»; загінуў у гэтым баі. На месцы бою помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ТЦА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, на паўн. ускраіне г. Браслаў. Пл. 0,29 км², даўж. 740 м, найб.шыр. 590 м, найб.глыб. 4,1 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 4,1 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы на Пн нізкія, пад забудовамі, часткова разараныя, месцамі змяняюцца балотамі, на Пдвыш. да 15 м (камавыя ўзгоркі). Пойма шыр. 5—70 м. Берагі пераважна нізкія, забалочаныя. Дно сапрапелістае, прыбярэжная ч. (акрамя 3) пясчаная. Зарастае слаба. Выцякае ручай у воз. Бярэжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЙЛАВІЦКІ БОЙ 1943,
бой партызанскага атрада імя Шчорса (камандзір А.І.Колчанка) па разгроме фаш. гарнізона (каля 100 гітлераўцаў) у в. Сейлавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. 7—8 вер. ў Вял.Айч. вайну. Гарнізон, умацаваны сістэмай дзотаў, бункераў, лініямі траншэй з калючым дротам, замініраванымі ўчасткамі абароны, перашкаджаў перадыслакацыі і баявым рэйдам партыз. фарміраванняў у зах.ч. Беларусі. Скарыстаўшы сітуацыю, калі 60 гітлераўцаў гарнізона накіраваліся ў г.п. Гарадзея, партызаны (350 чал.) скрытна падышлі да гарнізона, атакавалі і разграмілі яго. Адышлі без страт з захопленай ням. зброяй і боепрыпасамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМІ́ЧНЫЯ ХВА́ЛІ,
пругкія ваганні, што распаўсюджваюцца ў Зямлі ад ачагоў землетрасенняў, выбухаў і інш. Адрозніваюць падоўжныя С.х. (ваганні адбываюцца ў напрамку распаўсюджвання хвалі, выклікаюць сцісканне і расцяжэнне), папярочныя С.х. (перпендыкулярныя распаўсюджванню хвалі; хвалі зруху), паверхневыя С.х. (узнікаюць каля паверхні падзелу геал. асяроддзяў; хвалі Лява, Рэлея), аб’ёмныя С.х. (падоўжныя і папярочныя хвалі, ідуць ад ачага ўзбуджэння па аб’ёме Зямлі), адбітыя і пераломленыя С.х. (узнікаюць на мяжы падзелу геал. асяроддзяў з рознымі фіз. ўласцівасцямі). Рэгістрацыя С.х. дазваляе даследаваць унутр. будову Зямлі. Гл. таксама Сейсмаграма, Сейсмічная разведка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНАКО́СЦЫ (Opiliones, або Phalangida),
атрад жывёл кл. павукападобных. 3 падатр., каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. адзначаецца С. звычайны (Phalangium opilio). Жывуць у лясным подсціле, пад карой дрэў, на сценах пабудоў, агароджах, паверхні глебы.
Даўж. цела 1—22 мм, авальнай формы, ад шэрага да чорнага колеру. Падобныя да павукоў, адрозніваюцца ад іх сегментаваным брушкам (9—10 сегментаў), якое злучана з галавагрудзямі шырокай асновай. Ногі тонкія, доўгія, лёгка адрываюцца (аўтатамія). Дыхаюць трахеямі. Кормяцца насякомымі, малюскамі, арган. рэшткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРА́М,
востраў на У Малайскага архіпелага, у складзе Малукскіх а-воў. Тэр. Інданезіі. 17,1 тыс.км² (з прылеглымі астравамі 18,7 тыс.км²). Гарысты, выш. да 3019 м (г. Біная). На вузкай паласе ўзбярэжжа нізіны. Каля берагоў месцамі каралавыя рыфы. Клімат экватарыяльны, вільготны. Т-ра паветра на працягу года 25—27 °C, ападкаў на раўнінах да 2000 мм, у гарах да 4000 мм за год. Густыя вільготныя трапічныя лясы, на Пд участкі мусонных лясоў. На прыбярэжных раўнінах вырошчваюць какосавую пальму, тытунь, каўчуканосы. Трапічнае земляробства, рыбалоўства. На паўн. беразе порт Вахай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРУЭ́Л,
позназімовы сорт яблыні. Атрыманы ў БелНДІ пладаводства скрыжаваннем сартоў Серынка і Уэлсі. На Беларусі ўключаны ў Дзярж. рэестр для выкарыстання па ўсёй тэрыторыі.
Дрэва сярэднярослае, з круглаватай кронай сярэдняй гушчыні і паніклымі канцамі галін. Сорт скараспелы, высокаўраджайны, сярэдняўстойлівы да грыбных хвароб, Зімаўстойлівасць недастатковая. Пладаносіць на 4—5-ы год. Плады вышэй сярэдняй велічыні (каля 150 г), круглавата-канічнай формы. Скурка светла-зялёная з цёмна-чырв. размытымі палосамі з сонечнага боку. Мякаць зеленаватая, сакавітая, прыемнага кісла-салодкага смаку. Збор пладоў у вер., захоўваюцца да сак.—красавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАЭ́ ((Siloé) Дыега дэ) (каля 1495, г. Бургас, Іспанія — 22.10.1563),
іспанскі архітэктар і скульптар. Верагодна, сын і вучань скульпт. Х. дэ Сілаэ. Працаваў у Італіі, дзе зазнаў уплыў Мікеланджэла і фларэнційскай школы архітэктуры, з 1519 — пры саборы ў Бургасе («Залатая лесвіца», 1519—23; шэраг надмагілляў). У арх. творах С. (сабор у г. Гранада, з 1528, і інш.) спалучаў гатычныя элементы з ордэрам і рэнесансавымі па духу гарманічнымі прасторавымі пабудовамі. Яго скульпт. работы блізкія да маст. традыцыі Высокага Адраджэння (убранне сабора ў Гранадзе, рэльефы хора касцёла Сан-Беніта ў Вальядалідзе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ПАЎСТА́ННІ ТКАЧО́ЎПаўстанне 1793 адбылося ў сак.—красавіку ў горных акругах Сілезіі (тады ўваходзіла ў склад Прусіі). Пачалося стыхійна ў г. Шомбург, перарасло ў барацьбу супраць прускіх феад.-прыгонніцкіх парадкаў і ахапіла каля 20 тыс.чал. Было жорстка задушана прускімі войскамі. Паўстанне 1844 адбылося 4—6 чэрв. ў горных паселішчах Сілезіі і выклікана празмернай эксплуатацыяй рабочых прадпрымальнікамі-мануфактурыстамі і мясц. памешчыкамі, якія спаганялі з ткачоў падатак за права займацца прамысл. працай. Штуршком да выступлення паслужылі скарачэнне аплаты працы рабочым і пагаршэнне іх становішча з прычыны неўраджаю. Паўстанне задушана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ТНІЦКАЕ,
радовішча будаўнічага каменю ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., каляв. Сітніца. Прымеркавана да выступу дапалеазойскага крышт. фундамента, прадстаўлена пераважна гранітамі і дыярытамі. Пароды ружаватых і шэрых адценняў, сярэднезярністыя, зверху закранутыя выветрываннем, участкамі да першаснага кааліну, які залягае ў зах.ч. радовішча і належыць да ўскрышных парод. Разведаныя запасы буд. каменю (да глыб. 150 м) 263,1 млн.м³, перспектыўныя 277,2 млн.м³. Запасы кааліну 2 млн.т. Магутнасць ускрышных парод (пяскі, алеўрыты) 9—64 м. Граніты і дыярыты прыдатныя на выраб друзу.