ФАНТЫНА́ЛІС (Fontinalis),

род брыевых імхоў сям. фантыналіевых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды Ф.: гіпнападобны (F. hypnoides) і проціпажарны (F. antipyretica). Растуць на камянях, каранях і ствалах дрэў у праточнай і стаячай вадзе.

Двухдомныя лістасцябловыя расліны, утвараюць цёмна-зялёныя або бураватыя дзярнінкі. Сцёблы галінастыя, акруглыя або тупавата-рабрыстыя, даўж. да 50 см. Лісце суцэльнакрайняе, шырокаяйцападобнае або вузкаланцэтнае. Каробачка авальная, па ўкарочанай ножцы, каўпачок маленькі, канічны.

Фантыналіс проціпажарны.

т. 16, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)