ПРЫВІ́ДАВЫЯ, зданевыя,

палачнікі (Phasmoptera, або Phasmida, або Phasmodea),

атрад насякомых. Каля 2,5 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць на раслінах.

Даўж. да 35 см (самыя вял. з насякомых). Самкі буйнейшыя за самцоў. Форма цела палачкападобная (адсюль адна з назваў) або лістападобная (у лістацелаў). Крылаў у большасці відаў няма. Вочы добра развітыя. Ногі хадзільныя. Ротавы апарат грызучы. Расліннаедныя. У развіцці — партэнагенез, ператварэнне няпоўнае. Паводзіны і афарбоўка П. маюць прыстасавальнае значэнне: у нерухомым стане яны падобныя на галінкі, сцёблы, кавалкі кары, лісце. Здольныя доўга знаходзіцца ў стане «васковай гнуткасці» (каталепсія). Уласціва аўтатамія, страчаныя ч. цела лёгка ўзнаўляюцца.

С.​Л.​Максімава.

Да арт. Прывідавыя. Палачнікі: 1 — гіганцкі інданезійскі; 2 — індыйскі.

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУГАЧЫ́ (Bubo),

род птушак сям. савіных атр. совападобных. 12 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. Жывуць у лясах, стэпах, пустынях, у гарах да выш. 4700 м. Актыўныя ўначы. На Беларусі 1 від — П. звычайны (B. bubo), рэдкая аселая і вандроўная птушка. Трапляецца часцей на Палессі ў лясах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 75 см, размах крылаў да 180 см, маса да 3,2 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне рыхлае, рыжавата-жаўтаватае ці белаватае з падоўжнымі і папярочнымі плямкамі, зверху цёмнае, знізу светла-жоўтае, пёравыя «вушкі» чорныя ці з папярочным малюнкам. Радужына вачэй чырванавата-аранжавая або карая. Дзюба і кіпцюры чорныя. Ногі моцныя, пальцы апераныя. Драпежнікі. Адкладваюць да 6 яец.

Пугач звычайны.

т. 13, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯНЬКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура славянскіх плямён, якія ў 5—7 ст. насялялі тэр. лесастэпавага памежжа ад Ніжняга Падунаўя на З да Северскага Данца на У. Назва ад паселішча каля в. Пянькоўка ў Палтаўскай вобл. (Украіна). Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. Найб. пашыраны тып помнікаў — неўмацаваныя селішчы пл. 1,5—2 га. Насельніцтва жыло ў паўзямлянках зрубнай ці каркаснай канструкцыі пл. ад 4,75 да 25 м², паглыбленых у грунт на 0,6—1,8 м, з каменна-глінянымі агнішчамі ці печамі-каменкамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могілак, трапляюцца пахаванні ў урнах; знойдзены гаршкі, бронзавыя трапецападобныя і спіральныя падвескі, пранізкі, абпаленыя шкляныя пацеркі і інш. Носьбітамі П.к. лічаць вядомых па пісьмовых крыніцах антаў.

А.​В.​Іоў.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁХВА́ЛІ,

электрамагнітнае выпрамяненне, даўжыня хвалі якога ўмоўна большая за 50 мкм. Працэсы выпрамянення, распаўсюджвання і пераўтварэння Р. вывучае радыёфізіка і радыётэхніка.

Існаванне Р. эксперыментальна даказана Г.Герцам (1888). Адрозніваюць Р., узбуджаныя штучнымі крыніцамі (радыёперадатчыкамі), і Р., якія паступаюць ад пазаземных крыніц ні выкліканы маланкай. Р. ад штучных крыніц умоўна падзяляюць па даўжыні хвалі (частаце) на дыяпазоны (гл. Радыёчастоты), з іх дапамогай перадаюць інфармацыю, вызначаюць адлегласці да аб’ектаў і інш. Энергію такіх Р. можна канцэнтраваць у вузкі пучок з дапамогай накіраваных антэн ці радыёхваляводаў. Р. выкарыстоўваюцца ў радыёсувязі, радыёлакацыі, радыёастраноміі і інш. Гл. таксама Адбіццё хваляў, Выпрамяненне і прыём радыёхваль, Дыфракцыя хваль, Інтэрферэнцыя хваль, Палярызацыя хваль, Пераламленне хваль.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКАЯ ЦЯЖКАВО́ЗНАЯ ПАРО́ДА коней,

выведзена ў сярэдзіне 20 ст. ў СССР скрыжаваннем мясц. запражных коней пераважна з бельгійскімі жарабцамі — брабансонамі. Зацверджана ў 1952. На Беларусі выкарыстоўвалася для паляпшэння беларускіх запражных коней і палескіх коней.

Жывёлы дужай канстытуцыі, масіўнага целаскладу, з развітой мускулатурай. Галава сярэдніх памераў, шыя кароткая і мускулістая, карак нізкі і шырокі, грудзі шырокія, крыж звіслы, падвоены. Асн. масці — рыжая, пярэста-рыжая, зрэдку гнядая, пярэста-гнядая. Сярэдняя маса жарабцоў 780 кг, выш. ў карку 160, косая даўж. цела да 170 см; кабылы драбнейшыя. Вызначаюцца скараспеласцю, даўгалеццем (гасп. выкарыстанне 17 гадоў), высокімі грузападымальнасцю, працаздольнасцю, высокімі паказчыкамі малочнай (да 5 тыс. кг малака за год) і мясной прадукцыйнасці.

Савецкая цяжкавозная парода коней.

т. 14, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІ́НАС ДЭ ГАРТА́РЫ ((Salinas de Gortari) Карлас) (н. 1948, Мехіка),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Мексікі. Скончыў Нац. аўт. ун-т Мексікі. Д-р эканам. навук. З 1966 чл. Інстытуцыйна-рэв. партыі (ІРП). У 1971—74 у мін-ве фінансаў, у 1974—76 кіраўнік эканам. кабінета мекс. ўрада. У 1978—81 ген. дырэктар Упраўлення фін. планавання. У 1981—82 ген. дырэктар Ін-та паліт., сац. і эканам. даследаванняў пры ІРП. У 1982—87 міністр па планаванні і бюджэце. У 1988—94 прэзідэнт Мексікі.

Пачаў ажыццяўленне праграмы эканам. рэформ, але не здолеў дабіцца стабілізацыі эканомікі краіны, што прывяло ў 1993 да фін. крызісу. Пасля заканчэння тэрміну прэзідэнцтва пакінуў Мексіку з-за абвінавачанняў у карупцыі.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́ТА,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 7 км на Пд ад г. Паставы. Пл. 0,83 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. каля 1,1 км, найб. глыб. 31 м, даўж. берагавой лініі 5,4 км. Пл. вадазбору 22 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 20—35 м, пад лесам і хмызняком, у верхняй ч. часткова разараныя. Пойма шыр. 10—15 м, на З да 200 м. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. На Пн залівы. 3 астравы, агульнай пл. 1,6 га. Дно ў прыбярэжнай ч. пясчанае, глыбей гліністае. Зарастае слаба. Упадаюць 3 ручаі, у т. л. з воз. Чэцверць, выцякае ручай у воз. Світка.

т. 14, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЛІШЧА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 10 км на З ад г.п. Ушачы. Пл. 0,52 км², даўж. 1,73 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 14 м, даўж. берагавой лініі 4,28 км. Пл. вадазбору 76,8 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 4—8 м, спадзістыя, на ПдЗ і Пн выш. 14—19 м, стромкія, пад лесам і хмызняком, у верхняй ч. пад выганам ці разараныя. Берагі нізкія, на З і Пд забалочаныя, тарфяністыя. Мелкаводная зона вузкая, у глыбакаводнай адзначаны 3 упадзіны глыб. 7,7, 11, 11,5 м. Востраў пл. 0,2 га. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае. Праз возера цячэ р. Альзініца.

т. 14, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ННІЦЫ (Coenonympha),

род матылёў сям. аксамітніц, або сатыраў, ці вочак атр. лускакрылых. Каля 200 відаў. Пашыраны на ўзлесках, балотах, лугах. На Беларусі 6 відаў: арканія, або сатыр белапалосы (C. arcania), С. звычайная, або памфіл (C. pamphilus), іфіда (C. iphis, або glycerion), С. тулія (C. tullia), С. Гера (C. hero) і С. Эдып (C. oedippus); С. Гера і С. Эдып занесены ў Чырв. кнігу.

Размах крылаў 24—40 мм. Асн. тон афарбоўкі буры, карычневы. Спод крылаў з метал. бліскучай палоскай уздоўж краю. Вусікі з плаўна патоўшчанай булавой. Пярэднія ногі недаразвітыя. За год 1(3) пакаленне. Вусені кормяцца ў асн. дзікарослымі злакамі і асокамі. Зімуюць вусені.

С.​Л.​Максімава.

Сенніцы: 1 — Гера; 2 — Эдып.

т. 14, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕПАРА́ТАР МАЛО́ЧНЫ,

апарат для раздзялення малака на вяршкі і адгон і ачысткі яго ад мех. дамешкаў. Сепарацыя адбываецца ў стальным барабане, які мае сістэму канічных талерак з верт. каналамі. Пры вярчэнні барабана (6—12 тыс. абаротаў за мінуту) малако па каналах расцякаецца ў міжталерачныя зазоры, дзе пад дзеяннем цэнтрабежнай сілы адгон як больш цяжкі адкідваецца на перыферыю, падымаецца ўгору і выходзіць праз адтуліну. Вяршкі збіраюцца каля восі барабана, па каналах талеркатрымальніка падымаюцца ўверх і выцякаюць у збіральнік. Прадукцыйнасць С.м. да 5 тыс. л/гадз.

В.​М.​Кандрацьеў.

Схема сепаратара малочнага: 1 — барабан; 2 — пакет талерак; 3 — талеркатрымальнік; 4 — паплаўковая камера; 5 — паплавок; 6 — верацяно; 7 — электрарухавік з механізмам прывода.

т. 14, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)