КІПРЭ́НСКІ (Арэст Адамавіч) (24.3.1782, мыза Нежынская каля Капор’я, цяпер Ленінградская вобл. — 17.10.1836),

расійскі жывапісец і графік; прадстаўнік рамантызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1803), яе акадэмік з 1812. З 1809 у Маскве, у 1811 у Цверы, з 1812 у Пецярбургу, у 1816—22 і з 1828 у Італіі.

Працаваў пераважна ў жанры партрэта, у якім імкнуўся ўвасобіць рамант. ідэал яркай, унутр. незалежнай асобы. Творчасці ўласцівы прыўзнятасць вобразаў, эмац. насычанасць у раскрыцці псіхал. стану мадэлі, вылучэнне твару святлом на цёмным фоне, кантрасты плям насычанага колеру, вытанчаны каларыт, дакладнасць і выразнасць малюнка. Аўтар жывапісных партрэтаў А.​К.​Швальбе (1804), Я.​В.​Давыдава (1809), хлопчыка Чалішчава (каля 1809), Д.​М.​Хвастовай (1814), А.​С.​Пушкіна (1827), М.​А.​Патоцкай і С.​А.​Шувалавай з эфіопкай (каля 1835), аўтапартрэта з пэндзлямі за вухам (1808—09), серыі графічных партрэтаў удзельнікаў Айч. вайны 1812 і інш.

Літ.:

Турчин В.С. О.​Кипренский. М., 1975;

Кислякова И.В. О.​Кипренский: Эпоха и герои. М., 1977;

Валицкая А.Т. О.​Кипренский в Петербурге. Л., 1981;

Сарабьянов Д. О.​А.​Кипренский: Альбом. Л., 1982.

В.​Я.​Буйвал.

А.Кіпрэнскі. Партрэт А.​С.​Пушкіна. 1827.

т. 8, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)