ГАРЭ́ЦКІ (Фадзей Антонавіч) (5.5.1825, в. Дусяняты Віленскага пав., Літва — 31.1.1868),
жывапісец. Вучыўся ў Вільні ў В.Ваньковіча, у Пецярбургскай АМ (1841—50) у К.Брулова. У 1843—47 дапамагаў Брулову ў выкананні размалёвак Ісакіеўскага сабора ў Пецярбургу (альфрэска). У 1848—49 і 1855 жыў на Віцебшчыне. У 1850—54 пенсіянер АМ за мяжой (Італія, Іспанія, Галандыя), выконваў копіі класічных карцін. Пасля 1856 жыў пераважна ў Парыжы, у 1867 прыязджаў у Вільню і Пецярбург. Аўтар карцін: «Унутраны перспектыўны від Лютэранскай царквы св. Пятра» (1842), «Сляпы жабрак з павадыром» (1843), «Споведзь маладой дзяўчыны ў ксяндза» (1845), «Хрыстос благаслаўляе дзяцей» (1848), «Перспектыўны від Альгамбры», «Пілігрымы», «Апошняе прычашчэнне» (усе 1850-я г.; за апошнія тры ў 1854 атрымаў званне акадэміка), партрэтаў Л.Гарэцкага (1843), А.Міцкевіча (1847), адваката Палаўскага (1848), архіепіскапа Дмахоўскага (канец 1840-х г.), П.Клота (1850), аўтапартрэта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЛІЯПётр Аляксандравіч Пётр Аляксеевіч
(н. 23.1.1920, г. Махачкала, Дагестан),
бел.жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Вучыўся ў Маск. вучылішчы памяці 1905 г. (1938—39). Працуе ў розных відах выяўл. мастацтва. Яго пейзажы вылучаюцца эмацыянальным успрыманнем прыроды. рамант. прыўзнятасцю: «Плывуць аблокі» (1957), «Дзень» (1965), «Беларуская мелодыя» (1972), «Восеньскія карункі» (1978), «Пачуццё сустрэчы» (1982), «Абуджэнне» (1988), «Дзень, які сыходзіць» (1990), «Палеская ўсмешка» (1996) і інш. Выканаў манум. размалёўкі для палацаў культуры ў Пінску — «Мастацтва акрыляе» (1976) і ў в. Клейнікі (Брэсцкая вобл.) — «Мірная Брэстчына» (1984), для адм. будынка Брэсцкага хім. камбіната — «Палеская песня» (1980). Аўтар памятных медалёў да 20-годдзя абароны Брэсцкай крэпасці (1961), 950-годдзя Брэста (1969) і інш., помніка-бюста дзеяча рэв. руху ў Зах. Беларусі С.Я.Багданчуку (1970) у пас. Мухавец Брэсцкай вобл.Іл.гл. таксама ў арт.Багданчук С.Я.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЧО́Ў (Аляксандр Анатолевіч) (11.1.1955, г.п. Азарычы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 5.12.1987),
бел.жывапісец. Прафесійнай маст. адукацыі не атрымаў. Жыў пераважна ў г. Рэчыца Гомельскай вобл. У 1973 працаваў у Ленінградзе, дзе склаўся як мастак пад уплывам нефармальнага маст. асяроддзя. Працаваў у сюррэалістычнай манеры. Аўтар карцін на біблейскія («Рахіль», «Майсей», абодва 1976; «Укрыжаванне»,1977; «Андрэй Першазваны»,1980; «Ісус Хрыстос», 1983; «Іакаў», 1985; «Прарок», 1987) і міфалагічныя («Персефона», 1984—85; «Дрыяда», 1985—87) тэмы, партрэтаў («Аўтапартрэт», 1986—87), нацюрмортаў («Нацюрморт з люстэркам» з серыі «Магія», 1982 і інш.). Работам уласцівы лесіровачная манера пісьма, скрупулёзная прапрацоўка дэталей, імкненне да сімвалічнасці і метафарычнасці («Маленне пра чашу». 1981; «Магія», 1983—84; «Алегорыя мастацтва», 1983—87; «Ля крыніцы», 1987). У 1988 на кінастудыі «Беларусьфільм» пра І. зняты фільм «Не плачце па мне» (рэж. А.Алай).
Літ.:
Алай А.И. Встречи на всю жизнь: Зап. кинооператора. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЧА ((Carpaccio) Віторэ) (каля 1460—65, г. Венецыя, Італія — каля 1526),
італьянскі жывапісец ранняга Адраджэння; прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы Дж.Беліні і Антанела да Месіны. Ствараў пераважна шматфігурныя кампазіцыі (цыкл «Гісторыя св. Урсулы», 1490—96). Рэліг. сюжэты трактаваў як рэальныя сцэны сучаснага яму жыцця, імкнуўся да стварэння цэльнай маляўнічай карціны свету («Св. Іеранім і леў у кляштары», «Пахаванне св. Іераніма», «Бітва св. Георгія з драконам», «Трызненне св. Аўгусціна», «Трыумф св. Георгія», усе каля 1501—07). Творам уласцівы яркая каляровая гама, канкрэтнасць прасторы і дакладнасць форм, фантазія і свабода эксперыменту («Дамы на балконе», «Рыцар у пейзажы» і «Прынясенне ў храм», абедзве 1510, і інш.), што падрыхтавала жывапісныя адкрыцці венецыянскіх мастакоў 16 ст.
Літ.:
Смирнова И. Витторе Карпаччо: [Альбом]. М., 1982;
Lauts J. Carpaccio, paintings and drawings. New York, 1962.
І.М.Каранеўская.
В.Карпача. Гісторыя св. Урсулы: развітанне Урсулы і Эрэя з бацькамі. Фрагмент. 1495.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПУ́К (Міхаіл Андрэевіч) (н. 5.3.1930, в. Мыкшыцы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. мастак кіно і тэлебачання, графік, жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1956), Маск. паліграф.ін-т (1962). З 1956 працаваў на Бел. студыі тэлебачання (у 1959—65 гал. мастак), у 1972—83 на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў тэлепастаноўкі «Будка № 27» (1956), «Суд» (1957), «Песня музыкі» (1958), тэлеспектаклі «Сымон-музыка» (1958), «Сэрца на далоні» (1964), «Ткачы» (1969), тэлефільмы «Уся каралеўская раць» (1970—71), «Парашуты на дрэвах» (1972—73), «Апошняе лета дзяцінства» (1974—75), «Спытай сябе» (1975—76), маст. фільм «Канец бабінага лета» (1983) і інш. У станковых творах пераважаюць лірычныя панарамныя пейзажы, якім уласцівы кампазіцыйная завершанасць і тонкая мадэліроўка дэталяў: графічныя аркушы «Партрэт бацькі» (1969), «Навагрудскае замчышча» (1981), «Восеньская раніца» (1984), «Навальніца» (1996); серыя «Па мясцінах радзімы Хруцкага» (1997—98); карціны «Дняпроўскія далі» (1989—91), «Жніво» (1994); Чарнобыльскі трыпціх (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЦУБ (Анатоль Аляксандравіч) (н. 13.7.1949, в. Колкі Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. жывапісец.
Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). З 1971 выкладае ў Бабруйскім маст. прафесійна-тэхн. вучылішчы. Працуе ў кераміцы і жывапісе. Тонкім адчуваннем, выкарыстаннем выразных магчымасцей матэрыялу, арыгінальнасцю кампазіцый вызначаюцца дэкар. пласты «Максім Багдановіч» і «Каляды» (1976), «У гасцях у Вівальдзі» (1982), «Тэмы аднаго вечара» (1985), дэкар. скульптуры «Вясна і восень» (1980), «Папараць-кветка» (1985), «Дыяген» (1988), кампазіцыя «Куфэркі і скрыначкі» (1981), вазы «Спадчына» (1978), «Горад» (1980), «Зімовыя» (1990) і інш. Жывапісным творам уласцівы выразнасць малюнка і колеру, філас. асэнсаванне быцця: «Вершы, вершы дарагія...» (1981), «Шчодрасць» і «Азірніся!» (абодва 1982), «Вясельнае падарожжа» (1987), «Дыяген. Зона» (1988), «Францыск Скарына» (1989), «Вясновыя клопаты» (1992), «Сляды цывілізацыі» (1995), «Наведванні» і «Пілігрымы» (абодва 1997), «Стары млын» і «Пабудова піраміды» (абодва 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСО́ЎСКІ (Яўген Яўстафіевіч) (29.11. 1908, Баку — 14.7.1980),
бел.жывапісец і графік. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1935—36). У 1942—44 у Маскве, супрацоўнічаў у перыяд. выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну» і час. «Партызанская дубінка». З 1944 у Мінску. Працаваў у галіне сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. станковай графікі, экслібрыса. Творчай манеры ўласцівы свабода і абагульненасць пісьма, дакладнасць кампазіцыі і партрэтных характарыстык, тонкая перадача колеравага багацця свету, унутр. дынаміка. Сярод работ: партрэты «Беларус» (1935), маці (1945), дзеячаў мастацтва Беларусі М.Філіповіча (1946), Б.Платонава (1947), М.Станюты (1963), І.Сарокіна (1972), аўтапартрэт (1980); пейзажы «Белавежская пушча» і «Вязынка» (1947), «Паўночная Венецыя» (1962), «Мірскі замак» (1968), «Зіма ў Мінску» (1977); нацюрморты «Кнігі» (1945), «Веснавыя кветкі» (1977); творы працоўнай і гіст. тэматыкі «Дажынаюць» (1931), «Зямля» (1943), «Міцкевіч у Гурзуфе» (1956), «Кастусь Каліноўскі перад пакараннем» (1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІ́Ч (Аляксей Васілевіч) (н. 1.6.1945, в. Махро Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). У творчасці пераважае вобраз Мадонны, праз які ён увасабляе ідэалы дабра, чысціні і прыгажосці, сімвал жыцця і адраджэння слав. духоўнасці, боль за лёс духоўнай цывілізацыі; серыі «У раі» (1983—84), «Мадонна з паўшым анёлам» (1984—86), «Залатыя Мадонны», «Сярэбраныя Мадонны» (абедзве 1986—96), «Якая зышла з нябёсаў» (1988—96), «Палескія Мадонны» (1995—96), «Ахвярнасць славянскіх Мадоннаў» (1996—98), «Дзяржаўныя мадонны», «Пакуты Русі ў 20 стагоддзі» (абедзве 1997—98) і інш. Тэму трагедыі народу раскрыў у творах «Памяці вязняў Гулага» (1975—89), «Прысвячэнне Чарнобылю» (1988), «Дзецям Чарнобыля» (1990) «Д’яблы над Руссю» (1995). Аўтар партрэтаў бел. акцёраў С.Станюты і Г.Макаравай, У.Гасцюхіна, З.Стомы, М.Яроменкі, кінарэжысёраў М.Пташука, В.Турава і інш.
Літ.:
Аляксей Кузьміч: [Альбом]. Мн., 1995.
А.Кузьміч. Ахвярнасць славянскіх Мадоннаў. 1996—98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГРЫ́Т ((Magritte) Рэне) (21.11.1898, г. Лесінь, Бельгія — 15.8.1967),
бельгійскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сюррэалізму. Вучыўся ў Брусельскай АМ (1916). Зазнаў уплыў Дж. Дэ Кірыка. З 1927 у Парыжы. У ранні перыяд працаваў у рэчышчы футурызму і кубізму («Конніца», 1922; «Жанчына», 1923, і інш.). Пазней выпрацаваў індывідуальны кірунак у сюррэалізме, у творах камбінаваў выявы з несупастаўляльных элементаў рэальных прадметаў, істот і краявідаў, што напаўняла іх таямнічасцю і містычным сэнсам і набліжала да метафіз. жывапісу. Жывапісная манера адметная гладкасцю пісьма, гарманічным спалучэннем чыстых колераў, строгім лінейным ладам: «Цяжкая працягласць» (1926), «Двайная таямніца» (1927), «Закаханыя» (1928), «Чорная магія» (1935), «Прыступкі лета» (1937), «Настальгія па ўласнай краіне» (1940), «Хлеб штодзённы» (1942), «Балкон» (1950), «Царства святла» (1954), «Урок цемры» (1955), «Замак у Пірэнеях» (1959), «Вялікая вайна» (1964) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Сюррэалізм.