СПЕКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. speculatio высочванне, назіранне),
проціпраўныя дзеянні супраць парадку ажыццяўлення эканам. дзейнасці, якія выяўляюцца ў скупцы на прадпрыемствах або ў арг-цыях дзярж. гандлю і спажывецкай кааперацыі тавараў, што прызначаюцца для рознічнага продажу насельніцтву, і перапродажу такіх тавараў з мэтай нажывы. Праследуецца ў адм. і крымін. парадку. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь С., учыненая на працягу аднаго года пасля прыцягнення асобы да адм. адказнасці, разглядаецца як злачынства, і вінаваты ў ім можа быць асуджаны да штрафу або да папраўчых работ, абмежавання свабоды на тэрмін ад 2 да 4 гадоў або да пазбаўлення волі на тэрмін да 2 гадоў. Тыя ж дзеянні, учыненыя групай асоб або па папярэдняй дамоўленасці, або работнікам гандлю ці спалучаныя з атрыманнем нажывы ў буйным памеры, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІН-АРБІТА́ЛЬНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
узаемадзеянне часціц, залежнае ад значэнняў і ўзаемнай арыентацыі іх арбітальнага і спінавага момантаў імпульсу, адзін з рэлятывісцкіх эфектаў. Вядзе да тонкага расшчаплення ўзроўняў энергіі сістэмы (гл.Тонкая структура).
Фіз. тлумачэнне С.-а.ў. атрымліваецца, напр., пры разглядзе атама вадароду: электрон, які рухаецца вакол ядра, у дадатак да спінавага магн. моманту (гл.Спін) мае арбітальны мех. момант і прапарцыянальны яму арбітальны магн. момант. У выніку С.-а.ў. электрон набывае дадатковую энергію, якая залежыць ад лікавых значэнняў і ўзаемнай арыентацыі арбітальнага і спінавага магн. момантаў электрона. Двум магчымым спінавым станам электрона (праекцыі спіна роўныя +1/2 ці -1/2) адпавядае розная энергія ўзаемадзеяння з арбітальным момантам. У выніку С.-а. ў. ўзроўні энергіі атама вадароду і адпаведныя спектральныя лініі расшчапляюцца на 2 блізкія падузроўні (дублетная структура спектра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУНА́ў тэорыі ваганняў,
тонкая, гібкая, моцна нацягнутая нітка з раўнамерна размеркаванай па даўжыні шчыльнасцю.
Пры ўзбуджэнні С., напр. ударам ці шчыпком, адбываюцца вагальныя рухі, пры якіх усе ўчасткі С. зрушваюцца ў папярочным напрамку. Кожнае ваганне С. можна выявіць у выглядзе сумы яе гарманічных уласных ваганняў, частоты якіх f залежаць ад яе даўжыні l, плошчы сячэння S, сілы нацяжэння Q, шчыльнасці матэрыялу р, а таксама ад умоў замацавання канцоў. Для С., замацаванай на цвёрдых апорах,
, дзе n — цэлы лік, адпаведны нумару гарманічнай складальнай. Зададзенае ў пачатковы момант размеркаванне зрушэнняў (спосаб узбуджэння С.) вызначае спектр узбуджаных уласных ваганняў. С. з’яўляецца самай простай вагальнай сістэмай з размеркаванымі параметрамі; ёй карыстаюцца для вывучэння ваганняў больш складаных мех., акустычных і эл. сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУ́ПА (санскр. — макушка, кучка зямлі, камянёў),
у будыйскай архітэктуры манументальнае сімвалічнае і мемар. збудаванне; сховішча рэліквій. Першапачаткова — збудаванне на магіле цара ці правадыра. Найб. раннія С. (3—2 ст. да н.э., Індыя) мелі 3-часткавую структуру: ступеньчаты падмурак, масіўны асн. аб’ём, увянчанне пабудовы ў выглядзе шмат’яруснага парасона. З першых стагоддзяў да н.э. вядомы паўсферычныя С., пазней — вежападобныя (В’етнам, Кітай), звонападобныя (М’янма, Тайланд, Камбоджа, Інданезія); бутлепадобныя (Манголія, Кітай). У дэкоры С. выкарыстоўвалі расфарбоўку, пазалоту.
Назва «С.» характэрна для Індыі і Непала; у Шры-Ланцы называецца «дагаба», у М’янме — «зедзі» і «пато», у Тайландзе — «чэдзі» («пра-чэдзі») «пранг» («пра-пранг»), у Лаосе — «тхат», у Манголіі — субурган, у Кітаі і В’етнаме — «баота», пагада і г.д.
Ступа Бадхнатх у Катманду. Фрагмент паўкруглай чашы.Ступы храмавага комплексу Барабудур на востраве Ява (Інданезія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРПЕДАНО́СЕЦ,
1) баявы самалёт для паражэння ваен. караблёў і трансп. суднаў праціўніка авіяц. тарпедамі, для ўстаноўкі авіяц. марскіх мін. Т. былі пашыраны ў марской авіяцыі (утваралі яе асобны від — тарпеданосную, ці мінна-тарпедную, авіяцыю) многіх дзяржаў у 1930—50-я г., найб. выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну. Пасля 1945 будавалі таксама рэактыўныя Т.-бамбардзіроўшчыкі. З сярэдзіны 1950-х г. са стварэннем авіяц. ракет Т. паступова заменены ракетаносцамі.
2) Малы быстраходны баявы карабель (водаўмяшчальнасць да 400 т) для паражэння варожых караблёў і суднаў тарпедамі (тарпедны катэр). Пашыраны ў ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў з 1-й сусв. вайны да 1970-х г., у СССР будаваліся да 1990, у т. л. тарпедныя катэры на падводных крылах і паветр. падушцы. Мелі малакаліберныя гарматы або кулямёты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСПАНУ́ЮЧЫЯ МУЗЫ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ (ад лац. transponere перакладваць, перастаўляць),
музычныя інструменты, рэальная вышыня гучання якіх не адпавядае іх натацыі. Пераважна духавыя інструменты: лабіяльныя і язычковыя (разнавіднасці флейты, габоя, кларнета, фагота, саксафона і інш.) і амбушурныя (валторна, труба, карнет і інш.), а таксама ўмоўна інструменты, гучанне якіх на актаву вышэй (флейта пікала) ці ніжэй (кантрабас, контрафагот). Паводле тэсітуры гучання Т.м.і.: сапранавыя (флейта пікала; кларнеты; саксафоны, трубы, фанфары; флюгельгорн); альтовыя (флейта; габой, саксафон, валторна, горн); тэнаровыя (саксафон, горн); барытонавыя (саксафон; горн, эйфоніум); басовыя (кларнет; саксафон). Т.м.і. даюць магчымасць выконваць музыку ў любых танальнасцях, пры захаванні зручнай аплікатуры і без змены тэхнікі гуказдабывання для інструментаў вызначанай сям’і, пры гэтым спрошчваецца нотны запіс.
Літ.:
Левин С. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУС дзікі еўрапейскі (Oryctolagus cuniculus),
млекакормячая жывёла сям. зайцавых атр. зайцападобных. Адзіны від роду. Паходзіць з Цэнтр. і Паўд. Еўропы, Паўн.-Зах. Афрыкі. У сярэдневякоўі завезены ў шэраг краін Еўропы, пазней у Аўстралію. Новую Зеландыю, Амерыку. Жыве вял. калоніямі ў хмызняковых зарасніках, у норах. Родапачынальнік парод свойскіх Т. (гл.Трусагадоўля). Т. называюць таксама 3 інш. роды сям.: амерыканскіх Т. — Sylvilagus (14 відаў); бясхвостых Т. — Romerolagus (1 від); паўднёваамерыканскіх Т. — Pronolagus (3 віды).
Даўж. да 55 см, маса да 2,5 кг. Афарбоўка шэрая з бураватымі ці вохрыстымі адценнямі, брушка белае. Вушы адносна кароткія (даўж. да 7 см). закругленыя. Пераважна расліннаедны. Палігам. Нараджае да 9 (макс. 12) дзіцянят 3—7 разоў за год. Аб’ект палявання. Лабараторная жывёла.
А.М.Петрыкаў.
Трусы: 1 — дзікі еўрапейскі; 2 — амерыканскі балотны; 3 — амерыканскі трус-пігмей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫГУ́БІЦА.
бел. традыцыйная рыбалоўная прылада. Лакальныя назвы трохсценка, абарэц; у Паазер’і — рэжоўка, гант; на Палессі — баўтуха, свіроўка, гонка, дрыгавіца, крыжоўка. На Беларусі вядома здаўна. Звесткі пра яе змяшчаюць пісьмовыя крыніцы з 16 ст. (напр., «Устава на валокі» 1557). Складаецца з 3 сеткавых палотнішчаў: аднаго густога паміж двума рэдкімі, з вялікімі вочкамі (рэдзі). Рыба, натрапіўшы на сеткавую сцяну, праходзіць праз вочка 1-й рэдзі, «набірае» на сябе густое сеткавае палатно і, прайшоўшы праз вочка 2-й рэдзі, утварае мяшок-пастку. Рыбачылі Т. пераважна ў загон (з адной ці дзвюх лодак), рыбу ў сетку заганялі баўтом. Часам Т. выкарыстоўвалі як стаўную — перагароджвалі рэчкі і пратокі. Была пашырана да пач. 20 ст. Ў наш час лоўля рыбы Т. дазволена толькі ў прамысл. рыбалоўстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́ЛІЙ (лац. Tulium),
Tm, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 69, ат. м. 1668, 934, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід 169Tm. У зямной кары 2,710−5% па масе. Адкрыты ў 1879 швед. хімікам П.Клеве; назва ад лац. Thule — паўлегендарная краіна, якая ў старажытнасці лічылася паўн. канцом Зямлі.
Мяккі серабрыста-шэры метал. tпл 1545 °C, шчыльн. 9318 кг/м³. Кампактны Т. у паветры практычна не акісляецца. Узаемадзейнічае з мінер. к-тамі, з вадародам, азотам, галагенамі і халькагенамі пры награванні, характэрная ступень акіслення ў злучэннях +3. Атрымліваюць пры перапрацоўцы канцэнтратаў рэдказямельных элементаў. метал. — тэрмічным аднаўленнем трыфтарыду TmF3, кальцыем ці сэсквіаксіду Tm2O3, лантанам. Выкарыстоўваюць пераважна штучны радыенуклід 170Tm (перыяд паўраспаду 128,6 сут) як крыніцу β-выпрамянення ў партатыўных рэнтгенаўскіх мед. устаноўках, дэфектаскопах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́РГАР (позналац. turgor ад turgere уздуцца, напоўніцца),
напружаны стан клетачнай абалонкі, які ўтвараецца гідрастатычным ціскам унутрыклетачнай вадкасці. У раслін тургарны ціск пераважна 5—10 атм., у грыбоў — 50—100 атм. На працягу сутак мяняецца, што звязана з дынамікай транспірацыі: макс. ў перадранішнія гадзіны, мінім. пасля поўдня. Пры значным высыханні глебы або моцнай транспірацыі Т. можа знізіцца да нуля (завяданне). За кошт Т. тканкі маюць пругкасць, захоўваюць верт. стан сцёблаў (у травяністых), яго змена абумоўлівае рухі раслін і інш. Працэсы завядання, аўтолізу і старэння суправаджаюцца зніжэннем тургарнага ціску. У жывёл Т. клетак невысокі з-за адсутнасці ў іх трывалых клетачных сценак (плазматычныя мембраны вытрымліваюць розніцу ўнутр. і вонкавага ціску не больш за 0,5—1 атм.). У арганізме клеткі знаходзяцца ў ізатанічным (ці блізкім да яго) растворы.