ТУ́РГАР (позналац. turgor ад turgere уздуцца, напоўніцца),
напружаны стан клетачнай абалонкі, які ўтвараецца гідрастатычным ціскам унутрыклетачнай вадкасці. У раслін тургарны ціск пераважна 5—10 атм., у грыбоў — 50—100 атм. На працягу сутак мяняецца, што звязана з дынамікай транспірацыі: макс. ў перадранішнія гадзіны, мінім. пасля поўдня. Пры значным высыханні глебы або моцнай транспірацыі Т. можа знізіцца да нуля (завяданне). За кошт Т. тканкі маюць пругкасць, захоўваюць верт. стан сцёблаў (у травяністых), яго змена абумоўлівае рухі раслін і інш. Працэсы завядання, аўтолізу і старэння суправаджаюцца зніжэннем тургарнага ціску. У жывёл Т. клетак невысокі з-за адсутнасці ў іх трывалых клетачных сценак (плазматычныя мембраны вытрымліваюць розніцу ўнутр. і вонкавага ціску не больш за 0,5—1 атм.). У арганізме клеткі знаходзяцца ў ізатанічным (ці блізкім да яго) растворы.
С.С.Ермакова.
т. 16, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)