ДЫСТРЫБУТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац. distributivus размеркавальны),
уласцівасць, якая звязвае складанне і множанне лікаў і выражаецца формулай (a + b + ... + c)m = am + bm + ... + cm. У агульным выпадку Д. аператара T адносна некаторага дзеяння x⊗y выражаецца формулай T(x⊗y) = T(x)⊗T(y). Напр., падвышэнне да ступені дыстрыбутыўна адносна множання [(ab)n = anbn].
т. 6, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРАТЫЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + франц. rat пацук),
комплекс мерапрыемстваў па знішчэнні шкодных грызуноў (пацукоў, мышэй, суслікаў, суркоў і інш.). Прафілактычная Д. накіравана на пазбаўленне грызуноў корму і піцця, а таксама месцаў для наладжвання нораў і гнёздаў. Знішчальную Д. праводзяць механічнымі (пасткі, петлі), біял. (бактэрыяльныя культуры, драпежнікі) і хім. метадамі.
т. 6, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНАРО́ВЫ ГРАМАДЗЯНІ́Н,
1) прывілеяванае званне, устаноўленае ў Рас. імперыі ў 1832 для асобных груп гараджан. Ганаровы грамадзянін вызваляўся ад падушнага падатку, рэкруцкай павіннасці, цялесных пакаранняў.
2) Званне, якое ў Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах надаецца мясц. органамі дзярж. улады асобам за іх асабістыя заслугі перад пэўным горадам.
т. 5, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНЬ ВЕ́ДАЎ,
свята, якое адзначаецца 1 верасня. Устаноўлена паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 15.6.1984. У Рэспубліцы Беларусь у Дз.в. у школах традыцыйна праводзяцца тэматычныя лекцыі, гутаркі, урачыстыя лінейкі, запрашаюцца прадстаўнікі грамадскіх арг-цый, навукоўцы, работнікі культуры, адукацыі, ветэраны вайны і працы і інш.
А.Л.Еўдакімава.
т. 6, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСТА́ТКА,
рака ў Браслаўскім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток Кулажкі (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 268 км². Выцякае з воз. Густаты, цячэ па зах. ч. Полацкай нізіны. Асн. прытокі Корынка (справа) і Белая (злева). Рэчышча ад вытоку на працягу 8,7 км каналізаванае.
т. 5, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГЕРАТЫ́ПІЯ (ад імя франц. вынаходніка Л.Ж.Дагера),
першы з набыўшых пашырэнне спосабаў фатаграфіі, заснаваны на выкарыстанні святлоадчувальных матэрыялаў, якія маюць галагеніды серабра. Прапанаваны ў 1839 (лічыцца годам заснавання фатаграфіі). Выкарыстоўваўся пераважна для партрэтнай здымкі да вынаходства мокракаладыйнага працэсу. Асн. недахопы дагератыпіі — нізкая святлоадчувальнасць фотапласцінак, немагчымасць атрымання копій з выявы.
т. 5, с. 572
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКРЫЯАДЭНІ́Т (ад грэч. dakryon сляза + адэн... + ...іт),
запаленне слёзнай залозы вока. Бывае востры і хранічны. Востры Д. найчасцей інфекц. паходжання Прыкметы: ацёк, боль, пачырваненне кан’юнктывы вонкавай часткі верхняга павека, можа павышацца тэмпература цела. Лячэнне тэрапеўтычнае. Хранічны Д. узнікае на фоне некат. хвароб (туберкулёз, сіфіліс, хвароба Мікуліча і інш.).
т. 6, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНА́Т (ад лац. dominatus панаванне),
неабмежаваная манархія, устаноўленая ў Стараж. Рыме замест прынцыпату ў часы імператара Дыяклетыяна [284—305]. Д. характарызаваўся ўзмацненнем абсалютнай улады імператара, якому надаваліся рысы бажаства. Сенат страціў самаст. паліт. значэнне. Пры двары быў уведзены цырыманіял на ўсх. ўзор (напр., знакі пашаны імператару аказваліся стоячы на каленях).
т. 6, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМЕ́НІЙ (ад грэч. hymēn плеўка, скурка),
спараносны слой пладовых цел многіх грыбоў (дыскаміцэтаў, гіменаміцэтаў) і лішайнікаў. У прымітыўных відаў гіменаміцэтаў гіменій размешчаны на верхнім баку, у больш высокаарганізаваных — на ніжнім баку пладовых цел (у шапкавых грыбоў — на ніжняй паверхні шапкі). Утвораны аскамі або базідыямі, якія перамяжоўваюцца стэрыльнымі ўтварэннямі — парафізамі.
т. 5, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКАЗУРЫ́Я (ад грэч. glykys салодкі + uron мача),
наяўнасць у мачы цукру ў высокай канцэнтрацыі. Бывае пры павышанай колькасці цукру ў крыві — гіперглікеміі, у здаровых людзей — пры залішнім ужыванні салодкага, пры нерв. і эмацыянальных перанапружаннях (хутка праходзіць). Стойкая гліказурыя можа быць прыкметай дыябету цукровага і інш. парушэнняў унутр. сакрэцыі.
т. 5, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)