СУПЕРСІМЕТРЫ́Я, Фермі—Бозе сіметрыя,
сіметрыя, што звязвае палі, кванты якіх маюць цэлалікавы спін (базоны), з палямі, кванты якіх маюць паўцэлы спін (ферміёны). Палі, што пераўтвараюцца пры пераўтварэннях С. адно праз другое, утвараюць супермультыплеты, якія аб’ядноўваюць у адну сям’ю часціцы з рознай статыстыкай — базоны і ферміёны.
Адно з найб. важных дастасаванняў С. — суперсіметрычнае абагульненне калібровачнай палявой тэорыі фундаментальных узаемадзеянняў — супергравітацыя. Яна мае пераўтварэнні С. з параметрамі, залежнымі ад каардынат (лакальныя пераўтварэнні С.). Інварыянтнасць адносна лакальных пераўтварэнняў С. патрабуе існавання партнёраў па супермультыплету, якія маюць спіны, што адрозніваюцца адзін ад аднаго на 1/2 (эксперыментальна не выяўлены; 2002). Напр., прадказваюцца слептон, скварк, фатына, глюіна, як суперпартнёры адпаведных элементарных часціц: лептонаў, кваркаў, фатонаў і глюонаў.
А.А.Богуш.
т. 15, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)