ПАЎЛО́ВІЧ Яўген Мікалаевіч (н. 28.3.1940, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. артыст балета, педагог. Засл. артыст Беларусі (1970). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1959), Мінскі ін-т культуры (1980). У 1959—79 саліст, з 1981 рэжысёр оперы Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1984 выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1995 дацэнт). Танцу П. былі ўласцівы строгае следаванне патрабаванням класічнай формы, мяккая лірычная манера. Сярод лепшых партый: Альберт («Жызэль» А.Адана), Зігфрыд, Дэзірэ і Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Рамэо, Прынц («Рамэо і Джульета», «Золушка» С.Пракоф’ева), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Гармодый («Спартак» А.Хачатурана). У опернай студыі Акадэміі музыкі паставіў оперы «Алеся» Я.Цікоцкага, «Сельскі гонар» П.Масканьі, «Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ і інш., кампазіцыю «Мая Кармэн» па оперы «Кармэн» Бізэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНШО́Н (Planchon) Ражэ (н. 12.9.1931, г. Сен-Шамон, Францыя),
французскі рэжысёр, акцёр, драматург. Творчую дзейнасць пачаў у засн. ім у Ліёне «Тэатр дэ ла камеды» (1952). У 1957 стварыў і ўзначальвае «Тэатр дэ ла сітэ» ў Віёрбане (з 1973 Нац.нар.т-р). Зазнаў уплыў Б.Брэхта. Паставіў спектаклі «Генрых IV» У.Шэкспіра (1957), «Жорж Дандэн» (1958) і «Тарцюф» (1962, 1973) Мальера, «Тры мушкецёры» паводле А.Дзюма (1958), «Мёртвыя душы» (1959) паводле М.Гогаля, «Нейтральная паласа» Х.Пінтэра (1979), «Аталі» Ж.Расіна (1980), якім уласціва сучасная інтэрпрэтацыя літ. матэрыялу. Сярод інш. пастановак: «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Швейк у другой сусветнай вайне» (1961) Брэхта, а таксама ўласныя драм. творы, у якіх звяртаецца да актуальных праблем сучаснасці: «Карэтны хлеў» («Даўжнікі», 1962), «Белая лапа» (1964), «Сінія, белыя, чырвоныя» (1966), «Знявага» (1968), «Здаюся!» (1972) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў Уладзімір Міхайлавіч (22.7.1896, С.-Пецярбург — 7.1.1966),
расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар.арт.СССР (1950). Вучыўся (адначасова) у Петраградскім ун-це і Тэатр. вучылішчы пры Александрынскім т-ры. Творчую дзейнасць пачаў у 1917 як драм. акцёр. У 1918 працаваў у Вялікабрытаніі ў рэж. Г.Крэга. З 1925 пам. рэжысёра, з 1928 рэжысёр. Паставіў фільмы: «Навальніца» (паводле А.Астроўскага, 1934), «Пётр I» (1937—39, паводле А.М.Талстога; Дзярж. прэмія СССР 1941, вышэйшая прэмія Міжнар. выстаўкі ў Парыжы, 1937), «Кутузаў» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946), «Без віны вінаватыя» (1945, паводле Астроўскага; Дзярж. прэмія СССР, 1946), «Сталінградская бітва» (1949, гал. прыз 4-га Міжнар. кінафестывалю ў г. Марыянске-Лазне, Чэхія; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Рэвізор» (1952, паводле М.Гогаля), «Паядынак» (1957, паводле А.Купрына), «Напярэдадні» (1959, паводле І.Тургенева), «Рускі лес» (1964, паводле Л.Лявонава) і інш. Аўтар сцэнарыяў большасці сваіх фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНА́ТРА (Sinatra) Фрэнк, сапр. імя Фрэнсіс Альберт; 12.12.1915, г. Хобакен, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 1998),
амерыканскі эстрадны спявак, кінаакцёр. У 1936 узначаліў створаны ім вак. ансамбль «Хобакенская чацвёрка». З 1939 саліст джазавага аркестра Х.Джэймса, аркестра пад кіраўніцтвам Т.Дорсі. У 1940—70-я г. выступаў з буйнымі амер. джазавымі аркестрамі, у т. л. пад кіраўніцтвам Дз.Элінгтана. Яго выканальніцкі стыль разнастайны: ад інтымнай манеры «крулінг» да «свінга». У рэпертуары сентыментальныя балады, песні з мюзіклаў, папулярныя песні амер. кампазітараў Дж.Стайна, Б.Бакрака, Р.Мак-Кэна і інш. З 1941 здымаўся ў кіно (больш за 40 фільмаў), у т. л. «Ночы Лас-Вегаса», «Дом, у якім я жыву», «Ад сёння і на векі вечныя» (абодва прэмія «Оскар»), «Чалавек з залатой рукой», «Дэтэктыў», «Першы смяротны грэх». Рэжысёр фільма «Толькі храбрэц» (1964). Меў уласную грамафонную кампанію. Спец. прэмія «Оскар» 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕ́ШНЕЎ Аляксей Уладзіміравіч (27.3.1911, г. Харкаў, Украіна — 1994),
бел. і расійскі кінадраматург, кінарэжысёр. Скончыў кінашколу імя Б.Чайкоўскага ў Маскве (1929). У 1958—67 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі. У 1963—73 рэжысёр на кінастудыі «Беларусьфільм». Адзін з першых у сав. ігравым кіно пачаў распрацоўваць жанр паліт. фільма: «Масква—Генуя» (1964, з удзелам рэж. У.Корш-Сабліна і П.Арманда; Дзярж. прэмія Беларусі 1967), «Тысяча акон» (1968), «Чорнае сонца» (1971), «Хроніка ночы» (1973) і інш. Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Сябры сустракаюцца зноў» (1939), «Пяты акіян» (1940), «Тахір і Зухра» (1945), «Міклуха-Маклай» (1947), «Алішэр Наваі» (1948), «Пржавальскі» (1952; усе ў сааўт.), «Плата за ісціну» (1979, сцэнарыст і рэж.), п’ес «Падарунак Нептуна» (паст. 1939), «Мадлен Гадар» (паст. 1949), «Дзень спыніць нельга» (паст. 1959) і інш., кн. «Аповесці для кіно» (1972), успамінаў «Бег дзён» (1983), рамана «Трыпціх» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРДЗЮ́К Аляксандр Іванавіч (27.6.1900, с. Бзоў Барышаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 1989),
украінскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1951). Скончыў Кіеўскі муз.-драм.ін-т (1919). З 1919 акцёр кіеўскага 1-га дзярж.т-ра Украіны, з 1922 — Харкаўскага драм.т-ра імя Т.Шаўчэнкі (у 1957—62 дырэктар і маст. кіраўнік). З 1946 выкладчык Харкаўскага ун-та мастацтваў (з 1960 праф.). Мастацтва С. вызначалася глыбінёй псіхал. трактоўкі, часам вострай публіцыстычнасцю. Сярод роляў: Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Платон, Кобза («Платон Крэчат», «Гібель эскадры» А.Карнейчука), Мікіта («Яраслаў Мудры» І.Качаргі), Сяргееў («Генерал Ватуцін» Л.Дзміцеркі), Каравай («Таблетку пад язык» А.Макаёнка) і інш. Паставіў спектаклі; «Ой, пайду я ў Барыслаўку» паводле І.Франко (1956), «Маруся Багуслаўка» М.Старыцкага (1962) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫБУ́ЛЬСКІ (Cybulski) Збігнеў (3.11.1927, Княжы, Польшча — 8.1.1967),
польскі акцёр. Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве (1953). Працаваў як акцёр і рэжысёр у т-рах Гданьска і Варшавы. З 1955 здымаўся ў кіно: фільм А.Вайды «Пакаленне». У фільмах «Тры старты» (1955), «Канец ночы» (1957), «Попел і дыямент» (1958), «Каханне ў 20 гадоў» (1962) і інш. увасобіў тыповы вобраз суайчынніка ў складаны час маральнага і грамадскага станаўлення. У творчасці спалучаў драм. напружана-эмацыянальную манеру ігры з рамант. кірункам польскай тэатр. школы. Акцёр шырокага дыяпазону. Іграў і характарныя, і камед. ролі ў фільмах «Злачынец і паненка» (1963), «Разводаў не будзе», «Джузепе ў Варшаве» (абодва 1964) і інш. Складаная асоба акцёра, абставіны жыцця і творчасці, грамадскі водгук на яго мастацтва складаюць змест маст. фільма пра Ц. «Усё на продаж» (1968) і дакумент. кіналенты «Збышак» (1969).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯГО́РАЎ Марат Фёдаравіч (н. 18.2.1923, г. Севастопаль, Украіна),
бел. грамадскі дзеяч, журналіст. Д-р філасофіі (1998), праф. (1998). Засл. работнік культуры Рэспублікі Беларусь (1986). Акад.Міжнар. акадэміі інфарм. тэхналогій (2001). Скончыў Маскоўскае ваенна-паліт. вучылішча імя Леніна (1946), БДУ (1961). З 1941 у Сав. Арміі. З 1968 працаваў на Бел. радыё і тэлебачанні, з 1970 нам. дырэктара бюро прапаганды л-ры Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1972 нам. старшыні, з 1991 старшыня Бел. фонду міру, віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі міру, з 1992 старшыня Міжнар.гуманіт. няўрадавай арг-цыі «Чарнобыль—помач», з 1996 нам. старшыні «Міжнароднага саюза чарнобыльскіх ініцыятараў». Аўтар аповесцей, апавяданняў, гумарэсак для моладзі і дзяцей, аўтар сцэнарыяў і рэжысёр кінафільмаў «Аперацыя Днепр». «Небяспечныя павароты» (абодва 1968), «Галоўны пост Радзімы» (1969), «За мір на зямлі» (1975), «Калі не мы, то хто...» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРМА́ТАЎ Каміль Ярматавіч (2.5.1903, г. Канібадам, Таджыкістан — 17.11.1978),
узбекскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1959). Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Дзярж.ін-т кінематаграфіі (1931). У кіно з 1924. З 1957 маст. кіраўнік кінастудыі «Узбекфільм» (з 1979 яго імя). Зняўся ў фільмах «З-пад скляпенняў мячэці» (1928), «Апошні бек» (1930). Рэжысёрскі дэбют — фільм «Далёка на мяжы» (1931). Яго фільмы «Алішэр Наваі» (1948), «Авіцэна» (1957), «Бура над Азіяй» (1965, Дзярж. прэмія Узбекістана 1967) паўплывалі на развіццё узб. кіно. Сярод інш. пастаўленых фільмаў: «Эмігрант» (1934, і роля Каміля), «Сябры сустракаюцца зноў» (1939), «Мы пераможам» (1941), «Вершнікі рэвалюцыі» (1969), «Гібель чорнага консула» (1971), «Адна сярод людзей» (1974), «Далёкія блізкія гады» (1977) і інш. Аўтар шэрагу кінасцэнарыяў. Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЖА́Р (Béjart; сапр.Бержэ; Berger) Марыс
(н. 1.1.1927, Марсель),
французскі артыст балета, балетмайстар, рэжысёр, педагог. Як класічны танцоўшчык дэбютаваў у 1944 у Марсельскай оперы. З 1949 працаваў у розных трупах Францыі і Бельгіі. З 1957 узначальваў «Балетны тэатр Парыжа», з 1960 кіраўнік трупы «Балет XX стагоддзя» (Брусель), у 1987—92 заснавальнік і кіраўнік трупы «Балет Бежара ў Лазане». Ставіць сюжэтныя і бессюжэтныя сімф. балеты і сінт. спектаклі з выкарыстаннем розных відаў сцэн. мастацтва. Прынцыпова новае вырашэнне рытмічных і прасторава-часавых задач, элементы драм. ігры абумоўліваюць іх дзейснасць і дынамічнасць. Сярод пастановак: «Сімфонія для аднаго чалавека» (у гал. партыі — Бежар) П.Шэфера і П.Анры, «Вясна свяшчэнная» і «Пятрушка» І.Стравінскага, «Балеро» М.Равеля, «9-я сімфонія» на музыку Л.Бетховена, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева, «Ніжынскі, клоун божы» на музыку П.Чайкоўскага і Анры. Прэміі Тэатра нацый (1960, 1962), фестывалю танца (Парыж, 1965) і інш.