БЕЖА́Р

(Bjart; сапр. Бержэ; Berger) Марыс (н. 1.1.1927, Марсель),

французскі артыст балета, балетмайстар, рэжысёр, педагог. Як класічны танцоўшчык дэбютаваў у 1944 у Марсельскай оперы. З 1949 працаваў у розных трупах Францыі і Бельгіі. З 1957 узначальваў «Балетны тэатр Парыжа», з 1960 кіраўнік трупы «Балет XX стагоддзя» (Брусель), у 1987—92 заснавальнік і кіраўнік трупы «Балет Бежара ў Лазане». Ставіць сюжэтныя і бессюжэтныя сімф. балеты і сінт. спектаклі з выкарыстаннем розных відаў сцэн. мастацтва. Прынцыпова новае вырашэнне рытмічных і прасторава-часавых задач, элементы драм. ігры абумоўліваюць іх дзейснасць і дынамічнасць. Сярод пастановак: «Сімфонія для аднаго чалавека» (у гал. партыі — Бежар) П.Шэфера і П.Анры, «Вясна свяшчэнная» і «Пятрушка» І.Стравінскага, «Балеро» М.Равеля, «9-я сімфонія» на музыку Л.Бетховена, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева, «Ніжынскі, клоун божы» на музыку П.Чайкоўскага і Анры. Прэміі Тэатра нацый (1960, 1962), фестывалю танца (Парыж, 1965) і інш.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)