МІЖНАРО́ДНЫЯ ЛЕ́НІНСКІЯ ПРЭ́МІІ МІ́РУ,
ганаровыя ўзнагароды, якія прысуджаліся К-там па Міжнар. Ленінскіх прэміях міру (створаны Прэзідыумам Вярх. Савета СССР з удзелам прадстаўнікоў міралюбівых арг-цый інш. краін) грамадзянам любой краіны і міжнар. грамадскім арг-цыям за выдатныя заслугі ў барацьбе за мір і дружбу паміж народамі. Засн. ў 1949 як Міжнар. Сталінскія прэміі «За ўмацаванне міру і дружбы паміж народамі», у 1956—89 — Міжнар. Ленінскія прэміі «За ўмацаванне міру паміж народамі». Прысуджаліся да 1990. Сярод лаўрэатаў вядомыя палітыкі, вучоныя, дзеячы л-ры і мастацтва: Ф.Жаліо-Кюры (1950), Ж.Амаду (1951), П.Робсан (1952), П.Нэруда (1953), Л.Кардэнас (1955), М.С.Хрушчоў (1958), Сукарна (1959), Д.Сікейрас, Р.Кент (1966), С.Альендэ Госенс (1972), І.Гандзі (1985, пасмяротна) і інш.
т. 10, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ВЫШЭ́ЙШАЕ ВАЕ́ННАЕ ІНЖЫНЕ́РНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА (МВВІВ). Засн. ў 1953 у Гомелі на базе Гомельскага пях. вучылішча як вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча. З 1954 у Мінску. З 1955 Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча проціпаветранай абароны, з 1968 — Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае вучылішча проціпаветранай абароны. З 1988 дактарантура (ад’юнктура з 1955). З 1992 МВВІВ. Падрыхтавала больш за 14 тыс. ваен. інжынераў, у т. л. каля 3 тыс. спецыялістаў для краін Еўропы, Азіі, Б.Усходу, Афрыкі і Лац. Амерыкі. У 1995 на базе МВВІВ і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага вучылішча створана Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
МВИЗРУ ПВО — МВВИУ: Ист. очерк, 1978—1993 гг. Мн., 1993.
В.Ц.Осіпаў, В.В.Старыкаў.
т. 10, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЗНА́Я ЗБРО́Я,
агнястрэльная зброя, паверхня канала ствала якой мае нарэзы (вінтавыя канаўкі) для надання снараду (кулі) вярчальнага руху, што забяспечвае ўстойлівасць траекторыі ў паветры, павышае скарастрэльнасць, далёкасць і кучнасць стральбы. Да Н.з. адносяцца: стралковая зброя (вінтоўкі, карабіны, аўтаматы, кулямёты, пісталеты), артыл. гарматы (пушкі, гаўбіцы, марціры, асобныя ўзоры мінамётаў і безадкатных гармат). Ручная Н.з. з прамымі нарэзамі з’явілася ў канцы 15 ст., гарматы (пішчаль і інш.) з прамымі нарэзамі вядомы з 16 ст. Значнае пашырэнне Н.з. атрымала ў сярэдзіне 19 ст. У сучасных гарматах армій большасці краін прынята правая нарэзка (злева ўверх направа), у франц. гарматах — левая (справа ўверх налева). Адлегласць паміж двума супрацьлеглымі палямі (па дыяметры) наз. калібрам зброі.
т. 11, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ (МАЛАДА́Я) ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,
кірунак эканам. тэорыі, які склаўся ў 1870—80-я г. і развіваўся пераважна ў Германіі да 1930-х. Непасрэдная пераемніца гістарычнай школы. Гал. аб’екты даследаванняў школы — праблемы гіст. вытокаў і лёсу капіталізму, рухаючых сіл і перыядызацыі гіст. працэсу. Прадстаўнікі школы Л.Брэнтана, В.Зомбарт, ням. эканамісты Г.Шмолер, К.Бюхер і інш. разглядалі сац.-эканам. развіццё асобных краін як адлюстраванне рознага ў розных народаў «нацыянальнага духу», што выключала магчымасць агульных для іх законаў, выступалі за «гісторыка-статыстычны» метад у эканам. тэорыі. Адно з асн. паняццяў школы — «сацыяльны арганізм» (ужывалася да грамадства, розных сац. груп і інш.). За адраджэнне канструкцый гэтай школы выступаў У.Ростаў у тэорыі «стадый эканамічнага росту».
т. 11, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ VI [Paulus; у свеце Манціні (Montini) Джавані Батыста; 26.9.1897, Канцэзіо, каля г. Брэшыя, Італія — 6.8.1978],
папа рымскі з 1963. Скончыў папскі і дзярж. ун-ты ў Рыме. У 1923—54 на дыпламат. службе Ватыкана (з 1937 пам., з 1952 нам. дзярж. сакратара). З 1955 архіепіскап Мілана, з 1958 кардынал. П. VI — першы з рым. пап, які парушыў традыцыю затворніцтва рым. пап у Ватыкане, наведаў шэраг краін (Палесціна, ЗША, Калумбія, Уганда, Філіпіны, Аўстралія і інш.). Рэарганізаваў рым. курыю, скасаваў Кангрэгацыю свяшчэннай канцылярыі (б. інквізіцыю), у 1966 адмяніў «Індэкс забароненых кніг», што фактычна азначала скасаванне царк. цэнзуры. Увёў узроставы цэнз у калегіі кардыналаў. Выступаў за збліжэнне цэркваў і захаванне міру паміж народамі.
т. 11, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎГРО́Ш,
медная або білонная манета вартасцю ў палавіну гроша, у шэрагу краін Еўропы ў 14—18 ст. Упершыню выпушчаны ў 1-й пал. 14 ст. ў Чэхіі; з канца 14 ст. чаканіўся ў Кракаве. Маса ў 1399—1414 каля 1,58 г, у 1479 каля 0,92 г, у 1501—26 каля 1,02 г. У 1342—1414 выпускаўся ў Львове, у 1470—1528 у Сілезіі (маса 1,2 г). У ВКЛ П. чаканіўся з 1492 да 1565 у Вільні і ў 1566 у Тыкоціне. Вартасць літ. П. на 1/5 большая, чым польскага. У 1766 у Рэчы Паспалітай быў адноўлены выпуск П. Апошнія П. чаканіліся ў 1796—97. На Беларусі абарачаліся літ., польскія, свідніцкія П.
т. 12, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРА́ВДА»,
масава-палітычная газета; орган Камуніст. партыі Расійскай Федэрацыі. Выдаецца ў Маскве на рус. мове 3 разы на тыдзень. Засн. У.І.Леніным. Першы нумар выйшаў 22.4(5.5). 1912 у Пецярбургу. У 1912—14 газета 8 разоў забаранялася, выходзіла пад рознымі назвамі. 8(21).7.1914 забаронена. Пасля Лют. рэвалюцыі з 5(18).3.1917 адноўлена, некалькі разоў мяняла назву. Пасля Кастр. рэвалюцыі з 27.10(9.11). 1917 зноў выходзіла пад назвай «П.» 3 16.3.1918 выдаецца ў Маскве. У жн. 1991 пасля спынення дзейнасці КПСС выданне «П.» прыпынена, потым адноўлена. Асвятляе пытанні паліт., эканам. і культурнага жыцця Расіі і краін СНД, у т. л. Беларусі. Мае рубрыкі: «Падзеі, факты, версіі», «Пульс планеты», «Традыцыям верныя», «Вецер падарожжаў» і інш.
т. 12, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ААН У РЭСПУ́БЛІЦЫ БЕЛАРУ́СЬ.
Адкрыта 8.9.1992 у Мінску. Створана і дзейнічае ў адпаведнасці з пагадненнямі паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ААН і Праграмай развіцця ААН (ПРААН). З’яўляецца першым з 8 прадстаўніцтваў ААН, створаных па ініцыятыве ген. сакратара ААН Б.Бутраса-Галі ў краінах СНД. Аказвае дапамогу народу і ўраду Беларусі ў правядзенні праграм эканам. і сац. развіцця ў час пераходу эканомікі краіны да рыначных адносін і яе інтэгравання ў сусв. супольніцтва, спрыяе працэсам дэмакратызацыі, свабоднаму прадпрымальніцтву, каардынуе дапамогу Беларусі з боку краін-донараў і асобных міжнар. арг-цый, распаўсюджвае матэрыялы і дакументы ААН і з’яўляецца крыніцай інфармацыі пра дзейнасць ААН. Супрацоўнічае з грамадскімі арг-цыямі, аб’яднаннямі, сродкамі масавай інфармацыі Беларусі і інш.
т. 12, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫЯ ВО́ЙСКІ І АРТЫЛЕ́РЫЯ,
род войск ва ўзбр. сілах шэрагу краін СНД, у т. л. Беларусі; уваходзіць у склад сухапутных войск. У СССР створаны ў пач. 1960-х г. на аснове аб’яднання артылерыі і ракетных часцей сухапутных войск (гл. Ракетныя войскі). Здольныя знішчаць сродкі ядз. нападзення, авіяцыю на аэрадромах і аб’екты ППА; паражаць пункты кіравання войскамі, склады, вузлы камунікацый і інш., выкарыстоўваюцца таксама для паражэння караблёў праціўніка, марскіх дэсантаў і ваенна-марскіх баз. Ва Узбр. Сілах Беларусі складаюцца з падраздзяленняў, часцей і злучэнняў, якія ўваходзяць у склад аператыўных аб’яднанняў, агульнавайск. злучэнняў і рэзерву вярх. галоўнакамандавання. На ўзбраенні маюць ракетныя комплексы высокаманеўраныя скарастрэльныя артыл. сістэмы і інш.
С.У.Кіслы, С.А.Фамін.
т. 13, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЛЬДА (ад італьян. saldo разлік, рэшткі),
рознасць паміж грашовымі паступленнямі і расходамі за пэўны перыяд. У бухгалтарскім уліку С. — рознасць паміж сумамі па дэбету і крэдыту рахункаў. Дэбетовае С. (дэбет большы за крэдыт) паказвае велічыню рэшткаў гасп. сродкаў, крэдытавае (крэдыт большы за дэбет) — стан крыніц гасп. сродкаў. У бухгалтарскім балансе рахункі з дэбетовым С. складаюць актыў, з крэдытавым — пасіў. У міжнар. гандлі С. — рознасць паміж сумай экспарту і імпарту або сумай патрабаванняў і абавязацельстваў. У гандл. балансе станоўчае С. — перавышэнне экспарту над імпартам, адмоўнае — перавышэнне імпарту. У плацежным балансе станоўчае С. — перавышэнне агульнай сумы паступленняў краіны над яе плацяжамі інш. краінам, адмоўнае — перавышэнне плацяжоў краіны над яе паступленнямі з інш. краін.
т. 14, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)