АСВЕ́НЦІМ,
ням. Аўшвіц, найбуйнейшы ням.-фаш. канцэнтрацыйны лагер і лагер смерці ў 2-ю сусв. вайну. Створаны ў 1940 каля г. Асвенцім (Польшча), у 1941—42 пашыраны. Пл. 500 га. Складаўся з трох лагерных комплексаў: асн. лагера, лагера смерці Біркенаў (польск. Бжазінка; існаваў у студз. 1942—ліст. 1944 на месцы пабудаванага ў кастр. 1941 лагера для ваеннапалонных) і лагера, што выкарыстоўваў працу вязняў на ваен. патрэбы Германіі. У ліст. 1942 — маі 1944 у Асвенцім былі вывезены каля 5700 вязняў з Гродна, Мінска і Віцебска. За гады вайны нацысты загубілі ў газавых камерах і спалілі ў 4 крэматорыях Асвенціма каля 1,5 млн. чал. амаль з усіх краін Еўропы і акупіраванай тэр. СССР. У Асвенціме дзейнічала падп. арг-цыя Супраціўлення, у кастр. 1944 адбылося няўдалае ўзбр. выступленне вязняў. Уцалелых 7500 зняволеных вызваліла Чырв. Армія 27.1.1945. На тэр. б. лагера створаны дзярж. музей Асвенцім-Бжазінка, у 1967 адкрыты Міжнар. помнік пакутніцтва.
т. 2, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)