ДЖАМІ́ Абдурахман Нураддзін ібн Ахмад
(7.11.1414, с. Джам, каля г. Нішапур, Іран — 9.11.1492),
персідскі і таджыкскі пісьменнік і вучоны. Настаўнік і сябар Алішэра Наваі. Вучыўся ў Самаркандзе і Гераце, дзе пражыў усё жыццё. Кананізаваны. Завяршыў перыяд развіцця паэзіі ўсх. краін на мове фарсі. Майстар віртуознай паэт. формы. Выступаў у шматлікіх паэт. жанрах (газель, рубаі, касыды, месняві і інш.). Раннія творы Дж. — празаічныя суфійскія і свецкія трактаты, дапаможнік па складанні рэбусаў, шарад. Аўтар прац па філасофіі, тэалогіі, л-ры, гісторыі, рыторыцы, музыцы, цыкла з 7 паэм (семярыца) «Сем карон», або «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1480—87), зб-каў газелей «Пачатак юнацтва» (1479), «Сярэдзіна жыццёвай ніці» (1479), «Завяршэнне жыцця» (1491), зб. прытчаў «Бахірыстан» (1487) і інш. Ад ідэй рэліг. нецярпімасці і абскурантызму Дж. ўзняўся да пратэсту супраць дэспатызму і сац. несправядлівасці, ад містычнай абмежаванасці да філас. абагульненняў і пропаведзі гуманіст. ідэй.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произв. Л., 1978.
Літ.:
Бертельс Е.Э. Навои и Джами. М., 1965.
т. 6, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)