БО́ЕР (Boyer) Пол Дэлас (н. 31.7.1918, г. Прова, штат Юта, ЗША),
амерыканскі біяхімік. Чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1968), Нац.АН ЗША (1970). Скончыў ун-ты імя Брайэма Янга (1939; г. Прова) і штата Вісконсін (1943; г. Мадысан). З 1945 ва ун-це штата Мінесота (з 1956 праф.), з 1963 праф. Каліфарнійскага ун-та (г. Лос-Анжэлес; у 1965—83 дырэктар Ін-та малекулярнай біялогіі). Навук. працы па энзімалогіі. Пастуляваў і выкарыстаў для тлумачэння механізму дзеяння пратон-транспартавальнай адэназінтрыфасфатазы новы прынцып работы алігамерных ферментаў («механізм чаргавальнага звязвання»; 1977). Нобелеўскаяпрэмія 1997 (з Дж.Э.Уокерам, Е.К.Скоу).
Тв.:
Рус.пер. — На пути к пониманию каталитического механизма АТР-синтетазы // Биохимия. 2001. Т. 66, вып. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЛБІ (Kilby) Джэк Сент-Клер (н. 8.11.1923, г. Грэйт-Бенд, ЗША),
амерыканскі інжынер-электратэхнік; вынаходнік інтэгральнай схемы. Чл.Нац.інж. акадэміі ЗША (1967). Скончыў Ілінойскі (1947) і Вісконсінскі (1950) ун-ты. З 1947 у фірме «Цэнтралаб» (г. Мілуокі), з 1958 у кампаніі «Тэксас інструментс» (г. Далас). У 1978—84 праф. Тэхаскага с.-г. і маш.-буд. ун-та. Вынайшаў маналітную паўправадніковую інтэгральную схему (мікрачып, 1958), партатыўны электронны калькулятар, паўправадніковы тэрмаграфічны прынтэр (1967, разам з інш.). Аўтар многіх вынаходстваў, якія выкарыстоўваюцца ў мікраэлектроннай тэхналогіі. Нобелеўскаяпрэмія 2000 (з Ж.А.Алфёравым, Г.Кромерам; гл. Дадатак). Нац.навук. медаль ЗША (1969).
Тв.:
Рус.пер. — Возможное становится реальным: Изобретение интегральных схем // Успехи физ. наук. 2002. Т. 172, №9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІКС (Hicks) Джон Рычард (8.4.1904, г. Уорык, Вялікабрытанія — 20.5.1989),
англійскі эканаміст, адзін з гал. прадстаўнікоў кейнсіянства. Адукацыю атрымаў у Оксфардзе. Выкладаў у Лонданскай эканам. школе (1926—35), вёў н.-д. работу ў Кембрыджы (1935—38) і Оксфардзе (1946—52, 1965—71), праф. Манчэстэрскага (1938—46) і Оксфардскага (1952—65) ун-таў. У 1960—62 прэзідэнт Каралеўскага эканам.т-ва. Асн. даследаванні ў галіне мадэліравання эканам. росту, тэорыі попыту, цэн. Развіваючы ідэі агульнай тэорыі раўнавагі ў паліт. эканоміі, распрацаваў шэраг паняццяў і тэарэм, якія шырока ўжываюцца ў сучаснай эканам. навуцы. Асн. працы: «Вартасць і капітал» (1939), «Капітал і рост» (1965), «Тэорыя эканамічнай гісторыі» (1969), «Капітал і час» (1973), «Прычыннасць у эканоміцы» (1979). Нобелеўскаяпрэмія 1972 (з К.Эроў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРЫКО́САЎ Аляксей Аляксеевіч (н. 25.6.1928, Масква),
расійскі фізік-тэарэтык. Акад.Рас.АН (1987; чл.-кар. 1964). Чл.Нац.АН ЗША (2000). Замежны чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1991), Лонданскага каралеўскага т-ва (2001). Д-рфіз.-матэм.н. (1955), прафесар. Сын А.І.Абрыкосава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1948). З 1948 у Ін-це фіз. праблем АНСССР, з 1965 заг. аддзела Ін-та тэарэт. фізікі АНСССР, з 1988 дырэктар Ін-та фізікі высокіх ціскаў АНСССР. Адначасова з 1966 праф. Маскоўскага ун-та, з 1977 заг. кафедры Маскоўскага ін-та сталі і сплаваў. З 1991 у Аргонскай нац. лабараторыі (ЗША). Навук. працы па тэорыі кандэнсаваных асяроддзяў, фізіцы плазмы, квантавай электрадынаміцы, астрафізіцы, фізіцы металаў і паўметалаў, статыст. фізіцы, звышправоднасці. Прадказаў існаванне дзвюх груп звышправаднікоў (1952); стварыў тэорыю магн. квантавых віхроў («віхры Абрыкосава», 1957). Прадказаў з’яву бясшчыліннай звышправоднасці (1960; з Л.П.Гарковым), адкрытую ў 1962. Пабудаваў тэорыі паўметалаў тыпу вісмуту (1962—73), бясшчылінных праваднікоў (1970—74), спінавага шкла з кароткадзеяннем (1978—80). Ленінская прэмія 1966. Дзярж.прэміяСССР 1982, Нобелеўскаяпрэмія 2003 (з Э.Дж.Легетам, гл. Дадатак; В.Л.Гінзбургам).
Тв.:
Введение в теорию нормальных металлов. М., 1972;
Основы теории металлов. М., 1987;
Методы квантовой теории поля в статистической физике. 2 изд. М., 1998 (разам з Л.П.Гарковым, І.Я.Дзялашынскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНАВЕ́НТЭ-І-МАРЦІ́НЕС (Benavente y Martinez) Хасінта (12.8.1866, Мадрыд — 14.7.1954),
іспанскі драматург. Аўтар 172 п’ес: бытавых, псіхалагічных, маральна-філас., сімвалічных і інш. У п’есах «Вядомыя людзі» (1896), «Трапеза драпежных звяроў» (1898), «Пошласць» (1901) і інш. крытыка быту «свецкага» грамадства спалучаецца з пагардай да народа. У лялечным фарсе ў стылі італьян. камедыі масак «Гульня інтарэсаў» (1907) і яго працягу «Горад вясёлы і бесклапотны» (1916), дзе матэрыяльныя інтарэсы выступаюць як рухальная спружына паводзін, паліт. барацьбы і вайны, прапаведаваў маральнае самаўдасканаленне. Тое ж характэрна для яго маральна-філас. п’ес («Пані гаспадыня», 1908; «Няшчасная», 1913). У 1940—50-я г. пісаў пераважна пацяшальныя камедыі («Дон Хуан з’явіўся», 1952; «Шпілька ў роце», 1953, і інш.). Нобелеўскаяпрэмія 1922.
Літ.:
Плавскин З.Н. Испанская литература XIX—XX веков. М., 1982. С. 125—129.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ДВАРД (Woodward) Роберт Бёрнс (10.4.1917, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 8.7.1979),
амерыканскі хімік-арганік. Чл. Нацыянальнай АН ЗША і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Замежны чл.АНСССР (1976). Скончыў Масачусецкі тэхнал.Ін-т (1936). З 1937 у Гарвардскім ун-це (з 1950 праф.). Навук. працы па хіміі складаных біялагічна важных арган. злучэнняў. Сінтэзаваў хінін (1944), антыбіётык патулін (1950), картызон (1951), рэзерпін (1956), хларафілы а і б (1960), тэтрацыклін (1962), вітамін B12 (1971) і інш.; устанавіў будову шэрагу антыбіётыкаў. Сфармуляваў правілы: для вызначэння батахромнага эфекту алкільных замяшчальнікаў у спалучаных дыенах (1941, правіла Вудварда), актанта для вярчальнай дысперсіі кетонаў (1961), захавання арбітальнай сіметрыі для ўзгодненых рэакцый (1965, правіла Вудварда — Гофмана). Нобелеўскаяпрэмія 1965.
Тв.:
Рус.пер. — Сохранение орбитальной симметрии М., 1971 (разам з Р.Хофманам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙЗЕНБЕРГ, Гейзенберг (Heisenberg) Вернер Карл (5.12.1901, г. Вюрцбург, Германія — 1.2.1976), нямецкі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў квантавай механікі. Скончыў Мюнхенскі (1923) і Гётынгенскі (1924) ун-ты. Праф. Лейпцыгскага (з 1927), Берлінскага (з 1941), Гётынгенскага (з 1946), Мюнхенскага (з 1958) ун-таў. З 1941 дырэктар Ін-та фізікі кайзера Вільгельма, з 1948 — Фіз. ін-та, з 1958 — Ін-та фізікі і астрафізікі. Навук. працы па квантавай механіцы, квантавай электрадынаміцы, ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, адзінай тэорыі поля. Прапанаваў матрычны варыянт квантавай механікі (1925), сфармуляваў прынцып неазначальнасці (1927), увёў канцэпцыю матрыцы рассеяння (1943). Высветліў прыроду ферамагнетызму, растлумачыў абменны характар ядз. сіл. Нобелеўскаяпрэмія 1932.
Тв.:
Рус.пер. — Теория атомного ядра. М., 1953;
Философские проблемы атомной физики. М., 1953;
Введение в единую полевую теорию элементарных частиц. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБА́Й (Debye) Петэр Іозеф Вільгельм (24.3.1884, г. Маастрыхт, Нідэрланды — 2.11.1966),
галандскі фізік і хімік, адзін са стваральнікаў тэорыі цвёрдага цела. Замежны чл.АНСССР (1924) і інш. акадэмій. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1910). З 1911 праф. ун-таў Швейцарыі і Германіі, у 1934—39 дырэктар Ін-та фізікі кайзера Вільгельма (Берлін), у 1940—50 праф. Корнелскага ун-та (ЗША). Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, тэорыі будовы малекул і квантавай тэорыі атама. Пабудаваў мадэль цвёрдага цела (1912), устанавіў залежнасць цеплаёмістасці крышталёў ад т-ры (гл.Дэбая закон). Распрацаваў дыпольную тэорыю дыэлектрыкаў, прапанаваў рэнтгенаўскі метад даследавання дробнакрышт. матэрыялаў (гл.Дэбая—Шэрэра метад). Нобелеўскаяпрэмія 1936.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 486—491.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЕ́ЦІ (Canetti) Эліяс (25.7.1905, г. Русе, Балгарыя — 14.8.1994),
аўстрыйскі пісьменнік. Скончыў Венскі ун-т (1929). З 1938 у эміграцыі. Вядомасць прынёс раман «Асляпленне» (1935). Майстэрствам псіхал. аналізу адметныя п’есы «Вяселле» (1932), «Камедыя пыхлівасці» (1934), «Асуджаныя» (1956), зб. «Той, які чуў сваімі вушамі» (1974). У філасофска-сацыялагічным трактаце «Maca і ўлада» (1960) даследаваў прыроду аўтарытарнай улады. Асн. тэмы прозы К. — чалавек і натоўп, індывідуальнасць і ўлада, яна вызначаецца філасафічнасцю і псіхалагізмам, спалучэннем абсурду і парадоксу, гратэску і ўмоўнасці. Аўтар кн. дзённікаў і афарызмаў «Правінцыя чалавека» (1973), мемуараў (т. 1. — «Выратаваная мова», 1977; т. 2. — «Факел у вуху», 1980; т. 3. — «Гульня вачэй. Гісторыя жыцця 1931—1937», 1985). Нобелеўскаяпрэмія 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНГ (King) Марцін Лютэр (15.1.1929, г. Атланта, ЗША — 4.4.1968),
адзін з кіраўнікоў руху за грамадз. правы неграў у ЗША, ініцыятар тактыкі ненасільных дзеянняў. Баптысцкі пастар (з 1954). Скончыў Бостанскі ун-т са ступенню д-ра філасофіі (1955). У 1956 арганізаваў байкот аўтобуснага руху, што прывяло да адмены расавага раз’яднання ў грамадскім транспарце ў г. Мантгомеры і інш. месцах. У 1957 заснаваў і ўзначаліў негрыцянскую арг-цыю «Паўд. канферэнцыя хрысц. кіраўніцтва». Правёў шэраг антырасісцкіх дэманстрацый, у т. л. марш на Вашынгтон (1963). Неаднаразова быў арыштаваны. Аўтар кніг «Крок да свабоды. Мантгомерская гісторыя» (1958), «Сіла любові» (1963), «Чаму мы не можам чакаць» (1964) і інш. Забіты расістамі ў г. Мемфіс. Нобелеўскаяпрэмія міру 1964.
Тв.:
Рус.пер. — Есть у меня мечта...: Избр. тр. и выступления. М., 1970.