АБРЫКО́САЎ Аляксей Аляксеевіч (н. 25.6.1928, Масква),

расійскі фізік-тэарэтык. Акад. Рас. АН (1987; чл.-кар. 1964). Чл. Нац. АН ЗША (2000). Замежны чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1991), Лонданскага каралеўскага т-ва (2001). Д-р фіз.-матэм. н. (1955), прафесар. Сын А.І.Абрыкосава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1948). З 1948 у Ін-це фіз. праблем АН СССР, з 1965 заг. аддзела Ін-та тэарэт. фізікі АН СССР, з 1988 дырэктар Ін-та фізікі высокіх ціскаў АН СССР. Адначасова з 1966 праф. Маскоўскага ун-та, з 1977 заг. кафедры Маскоўскага ін-та сталі і сплаваў. З 1991 у Аргонскай нац. лабараторыі (ЗША). Навук. працы па тэорыі кандэнсаваных асяроддзяў, фізіцы плазмы, квантавай электрадынаміцы, астрафізіцы, фізіцы металаў і паўметалаў, статыст. фізіцы, звышправоднасці. Прадказаў існаванне дзвюх груп звышправаднікоў (1952); стварыў тэорыю магн. квантавых віхроў («віхры Абрыкосава», 1957). Прадказаў з’яву бясшчыліннай звышправоднасці (1960; з Л.​П.​Гарковым), адкрытую ў 1962. Пабудаваў тэорыі паўметалаў тыпу вісмуту (1962—73), бясшчылінных праваднікоў (1970—74), спінавага шкла з кароткадзеяннем (1978—80). Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1982, Нобелеўская прэмія 2003 (з Э.​Дж.Легетам, гл. Дадатак; В.Л.Гінзбургам).

Тв.:

Введение в теорию нормальных металлов. М., 1972;

Основы теории металлов. М., 1987;

Методы квантовой теории поля в статистической физике. 2 изд. М., 1998 (разам з Л.​П.​Гарковым, І.​Я.​Дзялашынскім).

М.​М.​Касцюковіч.

А.А.Абрыкосаў.

т. 18, кн. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)