БЕНАВЕ́НТЭ-І-МАРЦІ́НЕС

(Benavente y Martinez) Хасінта (12.8.1866, Мадрыд — 14.7.1954),

іспанскі драматург. Аўтар 172 п’ес: бытавых, псіхалагічных, маральна-філас., сімвалічных і інш. У п’есах «Вядомыя людзі» (1896), «Трапеза драпежных звяроў» (1898), «Пошласць» (1901) і інш. крытыка быту «свецкага» грамадства спалучаецца з пагардай да народа. У лялечным фарсе ў стылі італьян. камедыі масак «Гульня інтарэсаў» (1907) і яго працягу «Горад вясёлы і бесклапотны» (1916), дзе матэрыяльныя інтарэсы выступаюць як рухальная спружына паводзін, паліт. барацьбы і вайны, прапаведаваў маральнае самаўдасканаленне. Тое ж характэрна для яго маральна-філас. п’ес («Пані гаспадыня», 1908; «Няшчасная», 1913). У 1940—50-я г. пісаў пераважна пацяшальныя камедыі («Дон Хуан з’явіўся», 1952; «Шпілька ў роце», 1953, і інш.). Нобелеўская прэмія 1922.

Літ.:

Плавскин З.Н. Испанская литература XIX—XX веков. М., 1982. С. 125—129.

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)