ХІКС (Hicks) Джон Рычард (8.4.1904, г. Уорык, Вялікабрытанія — 20.5.1989),
англійскі эканаміст, адзін з гал. прадстаўнікоў кейнсіянства. Адукацыю атрымаў у Оксфардзе. Выкладаў у Лонданскай эканам. школе (1926—35), вёў н.-д. работу ў Кембрыджы (1935—38) і Оксфардзе (1946—52, 1965—71), праф. Манчэстэрскага (1938—46) і Оксфардскага (1952—65) ун-таў. У 1960—62 прэзідэнт Каралеўскага эканам. т-ва. Асн. даследаванні ў галіне мадэліравання эканам. росту, тэорыі попыту, цэн. Развіваючы ідэі агульнай тэорыі раўнавагі ў паліт. эканоміі, распрацаваў шэраг паняццяў і тэарэм, якія шырока ўжываюцца ў сучаснай эканам. навуцы. Асн. працы: «Вартасць і капітал» (1939), «Капітал і рост» (1965), «Тэорыя эканамічнай гісторыі» (1969), «Капітал і час» (1973), «Прычыннасць у эканоміцы» (1979). Нобелеўская прэмія 1972 (з К.Эроў).
У.Я.Калаткоў.
т. 18, кн. 1, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)