РАМА́Н ДАНІ́ЛАВІЧ (каля 1230—58?),

князь навагрудскі ў 1250-х г. Сын галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча. Дапамагаў бацьку ў вайсковай і дыпламат. дзейнасці. Вызначыўся ў баях супраць мангола-татараў, удзельнічаў у паходах на яцвягаў. У 1252 ажаніўся з герцагіняй Гертрудай, пляменніцай і спадкаемніцай Фрыдрыха II — апошняга аўстр. герцага з дынастыі Бабенбергаў, які ў барацьбе за аўстр. трон пацярпеў паражэнне і пакінуў Аўстрыю. Паводле дагавора, заключанага каля 1255 Данілам Раманавічам з Міндоўгам пры пасрэдніцтве яго сына Войшалка. Р.Д. атрымаў Навагрудскае княства з гарадамі Навагрудак, Слонім і Ваўкавыск; тады ж ажаніўся з Аленай — дачкой ваўкавыскага кн. Глеба. У адказ на паход галіцка-валынскіх і мангола-татарскіх войск на літ. ўладанні Войшалк і Таўцівіл у 1258 адбілі Навагрудак, захапілі Р.Д. ў палон і, верагодна, забілі яго. Існуе меркаванне, што сынам Р.Д. быў слонімскі кн. Васілька.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ДГРЭЙВ, Рэдгрэў (Redgrave) Майкл Ск’юдамар (20.3.1908, г. Брысталь, Вялікабрытанія — 21.3.1985), англійскі акцёр, рэжысёр. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1931). З 1934 працаваў у т-рах Ліверпуля, Лондана, Стратфарда-он-Эйван. Сярод роляў: Тузенбах, Вайніцкі («Тры сястры», «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Ракіцін («Месяц у вёсцы» І.​Тургенева), Аляксей Турбін («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Гамлет, Шэйлак, Лір, Антоній («Гамлет», «Венецыянскі купец», «Кароль Лір», «Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра). Староннік сцэн. рэалізму, паслядоўнік сістэмы К.​Станіслаўскага. Паставіў спектаклі «Лінія жыцця» Н.​Армстранга (1942), «Генрых IV» Шэкспіра (1951), «Месяц у вёсцы» Тургенева (1956, 1965), оперы — «Вертэр» Ж.​Маснэ (1966), «Багема» Дж.​Пучыні (1967). У кіно з 1938. Зняўся ў фільмах: «Глыбокай ноччу» (1945), «Версія Браўнінга» (1951, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Адзінота бегуна на доўгую дыстанцыю» (1963), «Мікалай і Аляксандра» (1971) і інш. Рэжысёр фільма «Антоній і Клеапатра» (1957).

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІВО́Н Інеса Іванаўна (н. 24.12.1937, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. антраполаг. Канд. гіст. н. (1970). Д-р біял. н. (1996). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1960). З 1968 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Вывучае асн. заканамернасці фарміравання фіз. тыпу стараж. і сучаснага насельніцтва Беларусі ў святле этнагенетычных умоў. У выніку даследавання могільнікаў 18 — пач. 19 ст. ёй складзена буйная краніялагічная калекцыя па бел. насельніцтве. Адзін з аўтараў прац «Нарысы па антрапалогіі Беларусі» (1976, з Л.​І.​Цягака, А.​І.​Мікулічам), «Антрапалогія Беларускага Палесся» (1978, з імі ж), «Асновы сучаснай антрапалогіі» (1989, з Цягака), «Асновы антрапалогіі і экалогіі чалавека» (1997, з ёй жа) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за цыкл прац па антрапалогіі «Чалавек і яго біякультурная адаптацыя».

Тв.:

Фізічны тып беларусаў: Узроставая тыпал. і экал. зменлівасць. Мн., 1994.

т. 14, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРБО́НА (Sorbonne),

багаслоўскі калеж і інтэрнат для студэнтаў і выкладчыкаў у 1257—1554 у Лац. квартале Парыжа (ад імя заснавальніка Р. дэ Сарбона, духоўніка караля Людовіка IX); у 1554—1792 тэалагічны ф-т Парыжскага універсітэта. З 17 ст. да 1972 пашыраная другая назва Парыжскага ун-та. Пасля рэарганізацыі апошняга (1972) С. называюцца ун-ты і інш. ўстановы, што знаходзяцца ў цэнтры Лац. квартала Парыжа, паміж Пантэонам і пл. Сент-Мішэль. Рэканструкцыя, праведзеная ў 1885—1901 пад кіраўніцтвам архітэктара П.​Ненота, надала С. сучасны выгляд. Ад ансамбля будынкаў С., узведзеных кардыналам А.​Рышэлье паводле плана архітэктара Ж.​Лемерсье, захавалася толькі капліца. На працягу многіх стагоддзяў С. была цэнтрам філас., рэліг. і паліт. думкі. Яе ўзначальвалі ў розны час Л.​Кондэ, А.​Рышэлье, Дж.​Мазарыні. Як ВНУ карыстаецца аўтарытэтам ва ўсім свеце.

Э.​М.​Крайко.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯЦІ́ЛІШЧЫ, капішчы, кумірніцы, трэбішчы, храмы ідальскія,

дахрысціянскія культавыя збудаванні, месцы маленняў і ахвярапрынашэнняў усх. славян і суседніх народаў. Былі С. родавыя, племянныя і для некалькіх суседніх плямён. Найчасцей прысвячаліся Перуну, на іх устанаўлівалі ідалаў. Размяшчаліся на ўзвышшах, астравах і мысах сярод балот, на берагах азёр і рэк, зрэдку насыпаліся штучна. Месцам С. былі таксама камяні-следавікі, культавыя ўзгоркі і крыніцы; ушаноўваліся свяшчэнныя дрэвы (асабліва дуб як дрэва Перуна) і гаі. На Беларусі найб. канцэнтрацыя С. нагадваецца ў паласе гал. Еўрап. водападзелу. Пасля прыняцця хрысціянства многія С. былі прыстасаваны для патрэб царквы і набылі функцыі прошчаў, у сувязі з чым частка іх у рэліктавай форме захавалася да 20 ст.

Літ.:

Рыбаков Б.А. Язычество Древней Руси. М., 1987;

Яго ж. Язычество древних славян. М., 1981;

Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.

т. 14, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕН-ЖУСТ (Saint-Just) Луі Антуан Леон дэ (25.8.1767, г. Дэсіз, Францыя — 28.7.1794),

дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99, паплечнік М.​Рабесп’ера. Вывучаў права ў Рэймсе. У 1792 выбраны ў Канвент, дзе далучыўся да якабінцаў. Удзельнічаў у распрацоўцы праекта якабінскай канстытуцыі 1793. Быў членам К-та грамадскага выратавання, гал. абвінаваўцам жырандзістаў, эбертыстаў і дантаністаў. Паводле прапановы С.-Ж. Канвент прыняў 10.10.1793 рашэнне пра стварэнне рэв. ўрада. У якасці камісара Канвента знаходзіўся ў Рэйнскай (канец 1793) і Паўночнай (лета 1794) арміях, садзейнічаў рэарганізацыі рэв. узбр. сіл. Па яго ініцыятыве Канвент прыняў Вантозскія дэкрэты (1794), якія прадугледжвалі канфіскацыю маёмасці ў асоб, прызнаных ворагамі рэвалюцыі, і размеркаванне яе паміж немаёмнымі патрыётамі. У працы «Фрагменты аб рэспубліканскіх установах» (выд. ў 1800) прапанаваў праект арганізацыі грамадства, пабудаванага на прынцыпах бурж. дэмакратыі. Пасля Тэрмідарыянскага перавароту пакараны смерцю на гільяціне.

т. 14, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-КЛЕР ДЭВІ́ЛЬ (Sainte-Claire Deville) Анры Эцьен (11.3.1818, в-аў Сент-Томас, Віргінскія а-вы, ЗША — 1.7.1881),

французскі хімік. Чл. Парыжскай АН (1861). Замежны чл.-кар. Пецярб. АН (1869). Скончыў Парыжскі ун-т (д-р медыцыны і хіміі; 1843). З 1845 праф. ун-та ў Безансоне, з 1851 Вышэйшай нармальнай школы ў Парыжы, у 1870—80 у Сарбоне. Навук. працы па агульнай і неарган. хіміі. Распрацаваў прамысл. спосаб атрымання алюмінію: аднаўленнем хларыду алюмінію метал. натрыем (1854), метады ачысткі плаціны (разам з А.​Ж.​Дэбрэ; 1855—59). Ажыццявіў класічныя даследаванні па тэрмічнай дысацыяцыі; паказаў, што малекулы вады, хлоравадароду, дыаксіду вугляроду пры высокіх т-рах дысацыіруюць (1857). Атрымаў сплаў плаціны з ірыдыем (1872), з якога былі выраблены міжнар. эталоны метра і кілаграма.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 14, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́ПА (Schipa) Ціта (2.1.1889, г. Лечэ, Італія — 16.12.1965),

італьянскі спявак (лірычны тэнар). Вучыўся ў А.​Джэрунды ў Лечэ і ў Э.​Пікалі ў Мілане. У 1910—55 выступаў на сцэне італьян. і інш. оперных т-раў Еўропы і Амерыкі, у т. л. Чыкагскага, «Метраполітэн-опера», «Ла Скала». З 1946 выступаў і як канцэртны выканаўца. Адзін з буйн. італьян. оперных спевакоў 20 ст. Майстар бельканта. Яго голас вылучаўся багаццем адценняў. пластычнасцю, пяшчотнасцю і мяккасцю гучання. Сярод лепшых партый: граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Немарына, Эрнеста («Любоўны напітак», «Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Вертэр («Вертэр» Ж.​Маснэ). Спяваў у спектаклях з Ф.​Шаляпіным. Здымаўся ў муз. кінафільмах, у т. л. «Любімыя арыі». Аўтар аперэты «Прынцэса Ліяна» (паст. 1935), хар. і фп. твораў, песень.

Літ.:

Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал Л., 1972.

т. 14, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЯ́НСКІ Аляксандр Аляксандравіч (13.8.1934, б. зернесаўгас «Кастрычнік» Беразнегавацкага р-на Мікалаеўскай вобл., Украіна — 17.9.1998),

бел. харэограф, педагог. Засл. арт. Беларусі (1983). Скончыў Кіеўскае харэагр. вучылішча (1955). З 1955 артыст балета Данецкага, саліст і педагог-рэпетытар Малдаўскага т-раў оперы і балета, педагог Малд. харэагр. вучылішча. З 1964 балетмайстар-рэпетытар, педагог-рэпетытар, заг. балетнай трупы Нац. акад. т-ра балета Беларусі. На бел. сцэне ўдзельнічаў у пастаноўцы балетаў бел. кампазітараў «Альпійская балада», «Выбранніца», «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава, «Пасля балю» Г.​Вагнера, класічных і сучасных балетных спектакляў «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага, «Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева, «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева, «Сільфіда» Х.​Левенскольда, «Чыпаліна» К.​Хачатурана, «Стварэнне свету» А.​Пятрова, «Спартак» А.​Хачатурана, «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына, вак.-харэагр. прадстаўлення «Карміна Бурана» на музыку К.​Орфа, «Балеро» М.​Равеля.

Л.​І.​Брандабоўская.

т. 15, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТАЎКА́ЧЫКІ»,

старадаўні бел. нар. танец-гульня. Імітуе працэс абівання і таўчэння зерня ў ступе. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Вядомы ў 2 харэагр. варыянтах: як гульня-карагод і ілюстравана-выяўленчы гульнявы танец. «Т.» — гульня-карагод выконваецца парамі ці групамі ўдзельнікаў, якія пад песню ці прыпеўку рухаюцца ў квадратах з лучынак, раскладзеных накрыж на падлозе, і стараюцца не зачапіць іх, што вымагае вял. майстэрства. Танц. варыянт мае тую ж сэнсавую нагрузку, але можа выконвацца сола ці парамі ў суправаджэнні песні, прыпевак або пад акампанемент дудкі са скрыпкай. На Беларусі найб. пашыраны ў Віцебскай, Гродзенскай, Брэсцкай абл. У 1913 «Т.» выкарыстаны ў спектаклі па п’есе Я.​Купалы «Прымакі», у 1920-я г. ў спектаклі БДТ па п’есе «Машэка» Е.​Міровіча (паст. К.​Алексютовіча), у аднайм. тэлеспектаклі бел. тэлебачання (1984). Падобны танец вядомы ў некат. народаў балт. рэгіёна.

В.​М.​Яшчанка.

т. 15, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)