СВЯЦІ́ЛІШЧЫ, капішчы, кумірніцы, трэбішчы, храмы ідальскія,

дахрысціянскія культавыя збудаванні, месцы маленняў і ахвярапрынашэнняў усх. славян і суседніх народаў. Былі С. родавыя, племянныя і для некалькіх суседніх плямён. Найчасцей прысвячаліся Перуну, на іх устанаўлівалі ідалаў. Размяшчаліся на ўзвышшах, астравах і мысах сярод балот, на берагах азёр і рэк, зрэдку насыпаліся штучна. Месцам С. былі таксама камяні-следавікі, культавыя ўзгоркі і крыніцы; ушаноўваліся свяшчэнныя дрэвы (асабліва дуб як дрэва Перуна) і гаі. На Беларусі найб. канцэнтрацыя С. нагадваецца ў паласе гал. Еўрап. водападзелу. Пасля прыняцця хрысціянства многія С. былі прыстасаваны для патрэб царквы і набылі функцыі прошчаў, у сувязі з чым частка іх у рэліктавай форме захавалася да 20 ст.

Літ.:

Рыбаков Б.А. Язычество Древней Руси. М., 1987;

Яго ж. Язычество древних славян. М., 1981;

Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982.

т. 14, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)