ПАЎЛЫ́ЧКА (Дзмітрый Васілевіч) (н. 28.9.1929, с. Стапчатаў Косаўскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),
украінскі пісьменнік, перакладчык, крытык. Скончыў Львоўскі ун-т (1953). Друкуецца з 1951. У паэт. зб-ках «Любоў і нянавісць» (1953), «Мая зямля» (1955), «Быстрыня» (1959), «Дзень» (1960), «На варце» (1961), «Хлеб і сцяг», «Гранаслоў» (абодва 1968), «Тайна твайго аблічча» (1974, «Спіраль» (1984) лірычныя вершы пра людзей Зах. Украіны, пра барацьбу за мір; у зб. «Накіраваны ў будучыню» (1986) вершы пра І.Франко. Аўтар кн. крытыкі «Магістралямі слова» (1977), «Над глыбінямі» (1983), сцэнарыяў кінафільмаў, твораў для дзяцей. Многія яго паэт. творы пакладзены на музыку. Беларусі прысвяціў вершы «Што звязана вякамі», «Вітанне Беларусі» і інш. На ўкр. мову перакладаў творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка і інш. На бел. мову асобныя вершы П. пераклалі Р.Барадулін, Я.Сіпакоў. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ГУ́КА,
час, неабходны для вымаўлення гука; аб’ектыўная характарыстыка, якая разам з інш. акустычнымі параметрамі (частотным спектрам, велічынёй амплітуды і інш.) вызначае адметнасць кожнага гука маўлення. Вымяраецца з дапамогай апаратуры ў мілісекундах, ацэньваецца на слых. Вуха чалавека можа ўлоўліваць вельмі тонкія адрозненні ў П.г., што выкарыстоўваецца ў арганізацыі фанет. сістэм моў. Працяглымі лічацца зычныя гукі ў адрозненне ад імгненных, калі яны маюць адчувальную працягласць (напр., фрыкатыўныя [з], [с] у адрозненне ад выбухных [п], [к]). Працяглымі гукамі з’яўляюцца падоўжаныя зычныя, якія ўзніклі ў выніку гіст. развіцця бел. мовы ў пэўных пазіцыях слова са спалучэння зычных (напр., насе[н’:]е, вясе[л’:]е). Больш працяглыя ў параўнанні з ненаціскнымі ў бел. мове — націскныя галосныя. У моўнай плыні адны і тыя ж гукі могуць мець розную працягласць, што выкарыстоўваецца для перадачы ўнутры- і знешнямоўнай інфармацыі. Ва ўсіх мовах П.г. ўжываецца для інтанацыйнай арганізацыі маўлення. У некат. мовах існуюць парныя па даўжыні гукі, з дапамогай якіх словы адрозніваюцца паводле сэнсу (чэш., ням., англ., венгерская мовы). Гукі маюць розную працягласць у залежнасці ад тэмпу і стылю маўлення, эмацыянальнага стану размоўцы, яго індывідуальных псіхафіз. і сац. асаблівасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАШУ́К (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 28.1.1943, в. Федзюкі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1967), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзярж. кіно СССР (1972, майстэрня Г.Данеліі). У 1967—70 працаваў рэжысёрам у т-рах Масквы і Казані. З 1974 на кінастудыі «Беларусьфільм». Першыя фільмы «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту» (1973; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Іспаніі), «Лясныя арэлі» (1975) адзначаны лірычнасцю вобраза дзяцінства. Зняў шэраг кінафільмаў паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вазьму твой боль» (паводле І.Шамякіна, 1982), «Чорны замак Альшанскі» (2 серыі, паводле У.Караткевіча, 1983), «Знак бяды» (паводле В.Быкава, 1986; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Югаславіі). Фарміраванне і выяўленне ў складаных жыццёвых і паліт. умовах тыпаў чалавечага характару адлюстраваны ў гіст.-псіхал. стужках «Наш браняпоезд» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», або Будзе доўгім развітанне» (1992; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў Стакгольме, 1993; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах, 1995). Сярод інш. фільмаў: «Нас выбраў час» (тэлевізійны, 5 серый, 1978), «Гульня ўяўленняў» (1995), фільм-спектакль Мінскага т-ра «Вольная сцэна» «Макбет» (1997), «У жніўні 1944» (2000). Дзярж. прэмія Беларусі 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБЛЕ́ ((Rabelais) Франсуа) (каля 1494, каля г. Шынон, Францыя — 9.4.1553),
французскі пісьменнік-гуманіст эпохі Адраджэння. Д-р медыцыны (з 1537). Вывучаў права ў Пуацье, медыцыну ў Парыжы і Манпелье, працаваў урачом у Ліёне. Літ. дзейнасць пачаў у 1532. Сусв. вядомасць яму прынёс фантаст. раман-эпапея «Гарганцюа і Пантагруэль» (кн. 1—4, 1532—52; кн. 5, выд. 1564, аўтарства недакладнае) — маст. энцыклапедыя франц. культуры эпохі Адраджэння: яе рэліг. і паліт. жыцця, філас., пед. і навук. думкі, духоўнага імкнення і сац. побыту. У творы высмеяў рэліг. фанатызм, цемрашальства і паразітызм духавенства, тупасць, сквапнасць і жорсткасць чыноўнікаў, манарх. дэспатызм і захопніцкія войны. Прапагандаваў гуманіст. выхаванне чалавека, у якім павінна гарманічна спалучацца фіз. і духоўнае развіццё. Раман адметны багаццем нар. мовы, спалучэннем рэаліст. і фантаст., высокага і груба камічнага, гратэскнага. Творчасць Р. адыграла вял. ролю ў развіцці франц. і сусв.сатыр. л-ры. На бел. мову яго раман пераклалі В.Бурносаў і Р.Канавалаў.
Тв.:
Бел.пер. — Гарганцюа і Пантагруэль. Мн., 1940;
Рус.пер. — Гаргантюа и Пантагрюэль. М., 1981.
Літ.:
Бахтин М.М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ШЧЫН (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 10.2.1933, г. Казань, Расія),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1958). Адзін з заснавальнікаў і рэдактараў час. «Драматург» (1993, з А.Казанцавым). Друкуецца з 1952. Аўтар п’ес «Валянцін і Валянціна» (1971, экранізавана ў 1985), «Стары Новы год» (1973), «Рамонт» (паст. 1975), «Муж і жонка ноймуць пакой», «Эшалон» (абедзве 1975), «Спяшайцеся рабіць дабро» (паст. 1979), «Дружына» (1987), прысвечаных складаным псіхал. і маральным калізіям сучаснага жыцця, антымілітарысцкай п’есы «Рэпетыцыя «Лісістраты» (1989), аповесцей «Рака» (1973), «Успамін» (1977), «Шура і Прасвірняк» (1982), зб-каў аповесцей і апавяд. «У маленькім горадзе» (1956), «Якіх-небудзь дваццаць мінут» (1965), «З раніцы да ночы» (1968), літ.-крытычных артыкулаў і інш. У т-рах Беларусі паст. яго п’есы «Муж і жонка ноймуць пакой» (1976; Дзярж.рус.драм.т-р), «Стары Новы год» (1974), «Эшалон» (1976; абедзве Бел.т-р імя Я.Купалы), «Уся надзея» (1986), «Успаміны» С.Міціна паводле Р. (1988; абедзве Бел.т-р юнага гледача).
Тв.:
Избранное: Повести и рассказы. М., 1988;
Спешите делать добро: Пьесы. М., 1984;
На сером в яблоках коне: Рассказы и повести. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІ́НЧЫК (Валерый Давыдавіч) (н. 17.4.1940, Мінск),
бел. кінарэжысёр. Вучыўся ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (1959—61). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1967). У 1969—92 на кінастудыі «Беларусьфільм». Першы фільм «Шостае лета» (1968). Асаблівасць яго стылю — насычаная паэт. падрабязнасцямі і багатай прадметнай фактурай эпохі жывапіснасць кадра, арыгінальны гукапластычны кантрапункт. Зняў фільмы: «Магіла льва» (1972), «Вянок санетаў» (1976, паводле аповесці В.Муратава «Мы ўцякалі на фронт»), «Дзікае паляванне караля Стаха» [1979, паводле аповесці У.Караткевіча; Гран-пры на Міжнар. кінафестывалях дэтэктыўных і прыгодніцкіх фільмаў у Каталіцы (Італія), 1980; містычных і навук.-фантаст. фільмаў у Бруселі, 1983; спец. прыз журы Міжнар. кінафестывалю ў Манрэалі (Канада), 1980; дыпломы на Міжнар. кінафестывалях навук.фантаст. фільмаў у Трыесце (Італія) і «Фільмэкс» у Лос-Анджэлесе (ЗША), абодва 1981], «Культпаход у тэатр» (1983). Мастацкай вытанчанасцю, метафарычнасцю, муз. пластыкай кінакадра, спалучэннем лірыкі і іроніі адметныя тэлефільмы «Чырвоны агітатар Трафім Глушакоў» (1969), «Апошняе лета дзяцінства» (паводле А.Рыбакова, 1974), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (паводле «Запісак паляўнічага» І.Тургенева, 1975), «Камічны палюбоўнік, або Любоўныя штукарствы сэра Джона Фальстафа» (тэлеаб’яднанне «Экран», 1985). У Т-ры студыі кінаакцёра паставіў спектакль «Камедыя пра Лісістрату» паводле Арыстафана (1985). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАКО́Ў (Анатоль Навумавіч) (14.1.1911, г. Чарнігаў, Украіна — 23.12.1998),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў транспарту (1934). У 1933—36 рэпрэсіраваны. Прыгодніцкая трылогія для юнацтва «Корцік» (1948, экранізацыя 1954), «Бронзавая птушка» (1956, экранізавана), «Стрэл» (1975, фільм «Апошняе лета дзяцінства», 1974) пра падзеі грамадз. вайны і нэпа. Раманы «Вадзіцелі» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) і «Кацярына Вароніна» (1955, аднайм. фільм 1957) на вытв. тэму. У трылогіі «Дзеці Арбата» (1987), «Страх» (1990), «Прах і попел» (1994) праз лёсы пакалення 1930-х г. паказаны час «культу асобы». Аўтар трылогіі для юнацтва «Прыгоды Кроша» (1960, аднайм. фільм 1962), «Канікулы Кроша» (1966) і «Невядомы салдат» (1970), раманаў «Лета ў Сасняках» (1964), «Цяжкі пясок» (1978), аўтабіягр. «Рамана-ўспаміну» (1997) і інш. Многія яго творы інсцэніраваны. На бел. мову аповесць «Корцік» пераклаў У.Шахавец.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1981—82;
Избр. произв.: В. 3 т. Т. 1—2. М., 1991;
Тяжелый песок. М., 2000;
Дети Арбата. М., 2000;
Страх. М., 2000;
Прах и пепел. М., 2000;
Бел.пер. — Вадзіцелі. Мн., 1953;
Корцік. Мн., 1959.
Літ.:
Старикова Е. А.Рыбаков. М., 1977;
С разных точек зрения: «Дети Арбата» Анатолия Рыбакова. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАС ((Ritsos) Яніс) (1.5.1909, г. Манемвасія, Грэцыя — 11.11.1990),
грэчаскі пісьменнік. У 1948—52 і 1967—74 зняволены ўладамі Грэцыі. Яго сац.-паліт. погляды адлюстраваны ў зб. вершаў «Трактары» (1934), паэмах «Эпітафіі» (1936), «Песня для маёй сястры» (1937), дзе дамінуе імпрэсіянісцкае ўспрыманне рэчаіснасці. У зб-ках лірыкі «Выпрабаванні» (1943), «Каменны час» (1949), «Бяссонне» (1954), «Дзённікі высылкі» (1975), «Нататкі сляпога» (1979), «Карані Элінства» (1981), паэмах «Марш акіяна» (1940), «Ранішняя зорка» (1955), «Няскораны горад» (1958), «Мост» (1960), «Васемнаццаць мелодый горкай радзімы» (1973), «Граганда», «Званіца» (абедзве 1974) імкненне дасягнуць глыбінь чалавечай душы, спасцігнуць таямніцы жыцця. Сюррэаліст. рысы ўласцівыя вершам зб-каў «Архітэктура дрэў» (1958), «Сведчанні» (ч. 1—2, 1963—66). У раманах «Асцярожны Арыёст» (1982), «Што за дзіўныя рэчы!» (1983), «Штуршком локця» (1984) жыццё грэч. правінцыі. Пераклаў верш Я.Купалы «А хто там ідзе?» (1983). На бел. мову яго вершы перакладала А.Кобец-Філімонава. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1977.
Тв.:
Бел.пер. — Макронісас. Мн., 1973;
Рус.пер. — Избр. лирика. М., 1968;
Избранное. М., 1973;
Становление. Стихотворения и поэмы. М., 1979;
Заметки на полях времени: Стихи и поэмы. М., 1985.
Літ.:
Ильинская С.Б. Яннис Рицос: Очерк жизни и творчества. М., 1986.
латышская пісьменніца. Засл. дз. культуры Латвіі (1946). Нар. пісьменніца Латвіі (1965). Вучылася ў Латв. ун-це (Рыга, 1925—27). З 1934 у нелегальным Аб’яднанні рэв. пісьменнікаў, мастакоў і журналістаў. Друкавалася з 1927. Раман «Працоўнае племя» (1941) пра жыццё лат. вёскі з 1870-х г. да рэвалюцыі 1905—07. Раман «На гару» (кн. 1—2, 1948, Дзярж. прэмія СССР 1949) пра аднаўленне лат. вёскі пасля Вял.Айч. вайны і першыя крокі калектывізацыі, раман «Іскры сярод ночы» (ч. 1—2, 1951—57) пра жыццё інтэлігенцыі даваен. Латвіі. Аўтар зб-каў апавяданняў «Вяртанне да жыцця» (1945), «Рэзкі акорд» (1946), зб-каў казак «Каваль шчасця» (1960), «Кароль Пік» (1962), «Казкі пра кветкі» (1966), твораў для дзяцей, нарысаў. На бел. мову некат. творы С. пераклалі А.Васілевіч, У.Васілевіч, В.Рабкевіч.
Тв.:
Kopoti raksti. Sej. I—6. Riga, 1962—65;
Бел.пер. — у кн.: Латышскія апавяданні. Мн., 1956;
У кн.: Сучасныя латышскія апавяданні. Мн., 1978;
У кн. Песня Даўгавы. Мн., 1986;
Рус.пер. — Трудовое племя. Искры в ночи. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНІТАРЫІ І ГІГІЕ́НЫ НДІМіністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1927 у Мінску як Бел. санітарна-гігіенічны ін-т. З 1933 Ін-т сацыялістычнай аховы здароўя і гігіены, з 1963 Бел.н.-д. санітарна-гігіенічны ін-т, з 2000 сучасная назва. Аспірантура з 1999. Асн. кірункі навук. дзейнасці: распрацоўка мерапрыемстваў і гігіенічных рэгламентаў па прафілактыцы захворванняў і захавання здароўя насельніцтва на аснове вывучэння асаблівасцей і механізмаў уплыву хім., фіз. і біял. фактараў асяроддзя пражывання чалавека; абгрунтаванне мер па гігіен. рэгламентацыі шкодных вытв. фактараў, аптымізацыі ўмоў і характару працы, прафілактыцы, дыягностыцы і лячэнні вытворча абумоўленых і прафес. захворванняў; вывучэнне этыялогіі і патагенезу захворванняў, абумоўленых уздзеяннем навакольнага асяроддзя; вывучэнне фактычнага і статусу харчавання насельніцтва, распрацоўка гігіенічных рэкамендацый і нарматыўных дакументаў па аптымізацыі харчавання; таксіколага-гігіенічныя даследаванні прадуктаў харчавання, харч. дабавак і матэрыялаў, якія кантактуюць з харч. прадуктамі; медыка-біял. абгрунтаванне шляхоў павышэння харч. і біял. каштоўнасці прадуктаў харчавання; вывучэнне адаптацыйных і псіхафізіял. магчымасцей арганізма дзяцей і падлеткаў для распрацоўкі гігіенічных мерапрыемстваў і нарматыўных палажэнняў удасканалення ўмоў іх навучання і выхавання і інш. У 2000 г. на базе ін-та створаны Нац. цэнтр міжнар. форуму па хім. бяспецы.