зыбкае, грузкае балота. Утвараецца пры зарастанні возера чаротам, рагозам, бабком трохлістым, капытнікам балотным, брыевымі і сфагнавымі імхамі і інш. раслінамі (з паверхні) і ператварэнні яго ў нізіннае балота. Пад слоем нетрывалай травяна-імшыстай дзярніны (сплавіны) знаходзіцца слой вады або глею. Узровень вады блізкі да паверхні, перыядычна мяняецца. Небяспечная для людзей і свойскай жывёлы; замярзае толькі ў самыя суровыя зімы. З развіццём меліярацыі і асушэннем нізінных балотаў вял. багнавыя масівы на Беларусі амаль зніклі. Захаваліся на тэрыторыі некаторых запаведнікаў (Бярэзінскі біясферны, Прыпяцкі гідралагічны) і заказнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ГНА-СХЕ́ДА,
балота ў Беларусі, на Пд Мастоўскага і Пн Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл., у пойме р. Зальвянка. Нізіннага тыпу. Пл. 11,3 тыс.га (у т. л. ў Мастоўскім раёне 5,8 тыс.га), у межах прамысл. пакладу 7 тыс.га. Глыб. торфу да 4 м, сярэдняя 1,5 м. Пач. запасы торфу 22,6 млн.т. Ёсць паклады мергелю магутнасцю да 1,5 м. На балоце пясчаныя ўзвышаныя астравы. Асушаецца з 1962, меліяраваныя землі выкарыстоўваюцца пад сенажаць. На астатняй частцы асокі, драбналессе і хмызнякі з бярозы, вярбы, чорнай вольхі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКА́С (Gallinago gallinago),
птушка сямейства бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўропе і паўн. частках Азіі. На Беларусі звычайны пералётны від. Жыве каля вады, на балотах і прырэчных лугах, забалочаных узлесках.
Даўж. цела 27—29 см, маса 100—125 г. Апярэнне карычнявата-бурае з вохрыстымі стракацінамі, брушка белае. Дзюба доўгая, прамая. У час такавання самец выдае гукі, падобныя да бляяння барана (адсюль нар. назва баранчык, козка). Гнёзды на купінах высцілае сухімі сцяблінкамі. Нясе 3—5 стракатых яец. Корміцца чарвямі, слімакамі, жукамі, лічынкамі насякомых, карэньчыкамі травяністых раслін. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛІЦКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды на Беларусі. За 500 м на Пн ад в. Балічы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун шэрага гнейсу з мноствам крышталёў гранату, даўж. 4,1 м, шыр. 2 м, выш. 1,5 м, у абводзе 9,5 м, аб’ём 12,3 м³, маса каля 33 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс.г. назад са Скандынавіі. Мае 31 паўсферычнае паглыбленне (3—5 см у папярочніку, да 4 см глыбіні), зробленае чалавекам каля 2—2,5 тыс.г. назад. У язычніцкія часы прадмет пакланення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЦЭ́ВІЧ (Вацлаў Мартынавіч) (1876, в. Лялянцы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобласці — 1902),
рэвалюцыянер, адзін з пачынальнікаў с.-д. руху на Беларусі і ў Літве. У вер. 1897 арыштаваны па справе Віленскага рабочага гуртка. Пасля турэмнага зняволення ў лют. 1899 высланы ў Вяцкую губ., адкуль уцёк на радзіму. Вёў рэв. прапаганду сярод рабочых Вільні, Гродна, Коўна. У жн. 1900 дэлегат 2-га з’езда Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПІЛ), на 3-м з’ездзе (вер. 1901) выбраны ў Гал. праўленне партыі. Памёр у Вільні ад сухотаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАРА́НАВІЦКАЯ ГАЗЭ́ТА» («Baranavickaja Hazeta»). Выдавалася з 22.7.1941 да 24.6.1944 у г. Баранавічы на бел. мове лацінкай, з чэрв. 1943 — кірыліцай, падтрымлівала палітыку герм.акупац. улад. Выходзіла 2 разы на тыдзень. У 1941 выдавалася пад назвай «Baranowitscher Zeitung» («Баранавіцкая газета») і публікавала матэрыялы на ням., польск. і бел. мовах. З 8.1.1944 называлася «Пагоня». Друкавала інфармацыю і каментарыі падзей на франтах, распараджэнні акупац. улад, антысав. публіцыстыку, нарысы па гісторыі Беларусі, прозу і паэзію бел. аўтараў, інфармацыю аб дзейнасці мясц. аддзяленняў Бел.нар. самапомачы і інш. Выйшла 313 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНЦЭ́ВІЧ (Антон Казіміравіч) (каля 1837, в. Кірклішкі Ашмянскага р-на Гродзенскай вобласці — 26.1.1918),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. З 1853 на вайск. службе, падпаручнік. Належаў да рэв. арг-цыі. У крас. 1863 узначаліў падраздзяленне ў гал. паўстанцкім атрадзе Гродзенскай губ., потым асобны атрад. Паплечнік В.Урублеўскага, паказаў сябе як здольны партыз. камандзір. Пасля разгрому паўстання ў студз. 1864 эмігрыраваў у Парыж. З 1869 жыў у Галіцыі, інжынер шляхоў зносін. Аўтар успамінаў.
Тв.:
Ostatnie dnie konnego litewskiego oddziału // W czterdziestą rocznicę powstania styczniowego 1863—1903. Lwów, 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНО́ШКІН (Іван Архіпавіч) (н. 21.1.1928, в. Антонаўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1964). Настаўнічаў, працаваў у друку. З 1981 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення СП Беларусі. Аўтар кн. апавяданняў і гумарэсак «Лішні мінус» (1959), «Брантазаўр» (1973), «Херувім з чорнымі крыламі» (1984), «Курам не да смеху» (1985), зб. аповесцяў і апавяданняў «Землякі» (1978). Кн. для дзяцей: «Навічок» (1966), «Алёнчын сакрэт» (1969), «Антонаў ясень» (1981) і інш. Аповесць «Чырвоная каліна стаяла...» (1985) пра барацьбу зах.-бел. сялян супраць сац. і нац. прыгнёту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЦЫ́ПА (Анцыпа-Чыкунскі) Ільдафонс Дзяменцьевіч
(1815 ?, в. Мілавань каля Гродна — 6.6.1863),
удзельнік рэв. руху на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Слонімскім павятовым вучылішчы. Удзельнік паўстання 1830—31. У эміграцыі (Францыя) чл. Польскага дэмакр.т-ва, выступаў у друку па пытаннях арганізацыі ўзбр. паўстання. У час паўстання 1848 камандаваў сял. атрадам на Пазнаншчыне. У 1859 вярнуўся ў Расію, жыў пад наглядам паліцыі ў маёнтку брата на Быхаўшчыне. У час паўстання 1863—64 узначаліў паўстанцкі атрад у Быхаўскім пав. 28.4.1863 яго атрад разбіты. Анцыпа расстраляны ў Магілёве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТА́ЦЫЯ (ад лац. optatio жаданне),
у міжнародным праве выбар асобай грамадзянства паводле закону або міжнар. дагавора. Адбываецца пры пераходзе тэрыторыі ад адной дзяржавы да другой, пры вырашэнні пытанняў пра асоб з двайным грамадзянствам (біпатрыдаў), пры абмене насельніцтвам. Дзеці пры аптацыі звычайна прымаюць грамадзянства бацькоў. Міжнар. права не мае адзінай агульнапрызнанай рэгламентацыі аптацыі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь і яе пагадненняў з інш. краінамі аптацыя праводзіцца на добраахвотных пачатках з улікам інтарэсаў бакоў. Так адбывалася аптацыя на аснове бел.-польск. пагадненняў пасля вызвалення тэр.Беларусі і Польшчы ад ням. фашыстаў.