Я́СЕНЬ (Fraxinus),

род кветкавых раслін сям. маслінавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, з’яўляецца важнай лесаўтваральнай пародай цёплаўмераных абласцей. На Беларусі 1 дзікарослы від — Я. звычайны, або еўрапейскі (F. excelsior). Трапляецца ў мяшаных і шыракалістых лясах. Утварае ясянёвыя лясы. На Беларусі культывуюць Я.: амерыканскі (F. americana), ланцэтны, ці зялёны (F. lanceolata), пенсільванскі (F. pensylvanica), якія часам дзічэюць.

Лістападныя дрэвы выш. да 50 м, радзей кусты. Жывуць да 350 гадоў. Крона падоўжана-яйцападобная. Кара шэрая або карычневая, з трэшчынамі. Лісце непарнаперыстае (з 3—17 лісцікаў), на доўгіх чаранках, супраціўнае. Кветкі дробныя, адна- або двухполыя ў шчыльных пучках або мяцёлках. Плод — крылатая сямянка. Плады вісяць на дрэве амаль усю зіму, паядаюцца птушкамі. Драўніна з прыгожым малюнкам, гнуткая, пругкая, трывалая, выкарыстоўваецца ў авія-, судна- і вагонабудаванні, мэблевай прам-сці. Кара і насенне ідуць на сурагат хініну, ужываюцца як лек. сродкі, з кары таксама вырабляюць дубільныя рэчывы і фарбу. З Я. маннавага (F. omus) атрымліваюць манну — салодкі сок, што застывае на паветры, слабільны сродак. На Я. кітайскім (F. chinensis) разводзяць ілжэшчытоўку, якая дае белы воск, што ідзе на выраб свечак, выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі, тэкст. прам-сці. Тэхн., дэкар. расліны.

Ясень звычайны.

т. 18, кн. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)