ЯЧМЕ́НЬ (Hordeum) род кветкавых раслін сям. метлюжковых
(злакаў). Каля 30 відаў. Пашыраны ў нетрапічных абласцях Паўн. паўшар’я, у Паўд. Амерыцы, некат. ў высакагор’ях тропікаў. Як харч. і кармавая культура Я. вядомы з 12—10-га тыс. да н.э., радзіма — Пярэдняя Азія. На Беларусі 4 віды Я.: грывасты (H. jubatum),
двухрадковы (H. distichon), звычайны, або шматрадковы (H. vulgare), мышыны (H. murinum). Трапляюцца ўздоўж дарог, па травяністых схілах, на сметніках. Як заносныя адзначаны Я. дзікі (H. spontaneum) і каленчаты (H. geniculatum). Культывуюць аднагадовыя віды Я. двухрадковага і звычайнага, вядомыя на Беларусі з 11 ст., якія часам аб’ядноўваюць у паліморфны від Я. пасяўны (H. sativum).
Шматгадовыя (утвараюць дзярніны) або аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 135 см. Каранёвая сістэма валасніковістая. Сцябло — саломіна. Лісце лінейнае. Суквецце — колас, аднакветкавыя каласкі размешчаны па 3 у 2 радкі (або 6 радкоў) па баках коласа. Плод — зярняўка. З зерня вырабляюць ячныя крупы і ячменную муку, выкарыстоўваюць у вытв-сці піва і соладавага экстракту; асн. маса, як і салома, ідзе на корм жывёле. Усе шматгадовыя Я. — каштоўныя кармавыя травы. Я. грывасты з доўгімі асцюкамі вырошчваюць як дэкар. расліну.