АЗАФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

клас фарбавальнікаў, у малекуле якіх адна ці некалькі азагруп -N=N-, звязаных з радыкаламі арган. злучэнняў (араматычных, гетэраараматычных, з актыўнымі CH2-групамі). У склад малекулы ўваходзяць таксама замяшчальныя і незамяшчальныя аміна- і гідраксігрупы, сульфакіслотная група SO3H, нітратная NO3, карбаксільная COOH і інш. Сінтэз азафарбавальнікаў заснаваны пераважна на рэакцыі азаспалучэння. Па колькасці азагруп адрозніваюць мона-, ды- і поліазафарбавальнікі.

Колер монаазафарбавальнікаў залежыць ад хім. будовы радыкалаў, звязаных з азагрупай, колькасці і месцазнаходжання замяшчальнікаў у іх. Прасцейшыя азафарбавальнікі звычайна жоўтага, аранжавага ці чырв. колеру. Паглыбленне колеру звязана з колькасцю аміна-, гідраксі- і азагруп, велічынёй сістэмы спалучэння малекулы азафарбавальнікаў, яе палярызацыяй, наяўнасцю спалучэння паміж азагрупамі. Паводле хім. будовы, асаблівасцяў узаемадзеяння з матэрыяламі азафарбавальнікі падзяляюцца на: пігменты; дысперсныя азафарбавальнікі (нерастваральныя ў вадзе, растваральныя ў арган. растваральніках і палімерах); асноўныя фарбавальнікі; кіслотныя фарбавальнікі; лакі (звычайна нерастваральныя ў вадзе солі барыю ці кальцыю кіслотных фарбавальнікаў); пратраўныя фарбавальнікі, прамыя фарбавальнікі; актыўныя фарбавальнікі (уступаюць у хім. рэакцыі з малекуламі матэрыялаў); азагены; металазмяшчальныя комплексныя злучэнні азафарбавальнікаў. Уключаюць фарбавальнікі ўсіх колераў і адценняў, усіх груп па тэхнал. выкарыстанні. На долю азафарбавальнікаў прыпадае больш за палову вытв-сці фарбавальнікаў. Выкарыстоўваюцца на фарбаванне прыродных і сінт. валокнаў, скуры, паперы, гумы, пластмас, як пігменты для лакаў, фарбаў, пры вытв-сці каляровых алоўкаў і інш.

Літ.:

Аналитическая химия синтетических красителей: Пер. с англ. Л., 1979.

т. 1, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВА́ЦЦАЦЬ ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД КПБ (нечарговы). Адбыўся 14—15.1.1959 у Мінску. Прысутнічала 645 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 187 909 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і задачы Кампартыі Беларусі (К.​Т.​Мазураў). Падрыхтоўка да з’езда супала са святкаваннем 40-годдзя БССР і КПБ, узнагароджаннем рэспублікі другім ордэнам Леніна. У дакладзе адзначаліся вынікі эканам. развіцця Беларусі за 1956—58: аб’ём прамысл. вытв-сці павялічыўся на 41%, у лік дзеючых уступілі Мінскія з-ды аўтам. ліній, трактарных запчастак, гадзіннікавы, электратэхнічны, ацяпляльнага абсталявання, камвольны камбінат; Полацкі з-д шкловалакна, 1-я чарга Васілевіцкай, 2-я чарга Смалявіцкай ДРЭС. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі ў 1953—58 вырасла ў 2,2 раза, у т. л. жывёлагадоўлі ў 3,1 раза. Павялічваліся маштабы буд-ва (у 1958 пабудавана 1,7 млн. м² жылля, у вёсцы — 28 тыс. дамоў). Аднак дакладчык і выступаючыя ў спрэчках (24 чал.) адзначалі недахопы ў развіцці нар. гаспадаркі, культуры: невыкананне многімі прамысл. і с.-г. прадпрыемствамі даведзеных ім заданняў, марудны рост прадукцыйнасці працы, вял. выдаткі на выпуск адзінкі прадукцыі, вял. аб’ём незавершанага буд-ва і інш. З’езд ухваліў кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і дырэктыўныя ўстаноўкі для Беларусі.

Р.​П.​Платонаў.

т. 6, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕ́РВАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці. Ажыццяўляе перапрацоўку рознай сыравіны расліннага і жывёльнага паходжання (агародніны, садавіны, ягад, грыбоў, малака, мяса, рыбы) у паўфабрыкаты і гатовыя да спажывання харч. прадукты, пераважна ў герметычнай тары. У залежнасці ад зыходнай сыравіны вылучаюць пладова-агароднінакансервавую, малочна-, мяса- і рыбакансервавую (рыбную) прам-сць.

Узнікла К.п. у пач. 19 ст. Развіта ў многіх краінах свету, найб. у ЗША, Германіі, Расіі. Францыі, Украіне, Вялікабрытаніі. У свеце пераважае вытв-сць агароднінных і пладова-агароднінных кансерваў. Мясных кансерваў найб. вырабляецца ў ЗША і Германіі, рыбных — у ЗША, Расіі, Японіі.

На Беларусі выраб кансерваў пачаты ў 1915 у Віцебску. На пач. 1997 было больш за 60 прадпрыемстваў, спецыялізаваных на вырабе розных відаў кансерваў. Пераважаюць пладова-агароднінакансервавыя прадпрыемствы (51). Найбольшыя: Глыбоцкі і Рагачоўскі малочнакансервавыя камбінаты, Аршанскі, Баранавіцкі і Бярозаўскі мясакансервавыя камбінаты, Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, Ганцавіцкі эксперым. кансервава-агароднінасушыльны камбінат, Кобрынскі, Слуцкі, Полацкі, Барысаўскі, Глыбоцкі, Клецкі, Мінскі, Ляхавіцкі, Гарынскі, Бабруйскі, Гомельскі, Рэчыцкі кансервавыя і пладовакансервавыя з-ды. Па выпуску прадуктаў дзіцячага харчавання спецыялізуюцца Клецкі кансервавы завод і сумеснае прадпрыемства «Беллакт» у Ваўкавыску. Перапрацоўку рыбы ўласных вадаёмаў і марской ажыццяўляюць Мінскае доследнае рыбаперапрацоўчае комплекснае прадпрыемства, рыбазаводы ў Полацку, Нарачы, Браславе. Агульная вытв-сць кансерваў на Беларусі ў 1996 склала 317,4 млн. ўмоўных бляшанак.

С.​І.​Сідор.

т. 7, с. 590

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЕ́НА (Siena),

горад у Цэнтр. Італіі. Адм. ц. аднайм. правінцыі. Каля 70 тыс. ж. (2001). Трансп. вузел. Прам-сць: харч., дрэваапр., хім., эл.-тэхн., радыёэлектронная. Апрацоўка мармуру. Ун-т. Акадэміі прыгожых мастацтваў і музычная. Музеі: археал., Нац. пінакатэка (сіенскі жывапіс 12—16 ст.), «Опера Метрапалітана» (музей сабора). Цэнтр турызму.

Засн. рымлянамі як ваен. калонія ў 1 ст. да н.э. З 8 ст. н.э. — рэзідэнцыя біскупа. З 12 ст. камуна, апора гібелінаў (гл. Гвельфы і гібеліны) у Сярэдняй Італіі, якая варагавала з Фларэнцыяй. У 13—14 ст. С. — найбуйн. еўрап. банкаўска-ліхвярскі і рамесніцкі (сукнаробства) цэнтр. У 1240 засн. ун-т. У 14 ст. зараджаюцца мануфактуры. У 1399—1404 С. пад уладай міланскіх герцагаў Вісконці, у 1487—1525 у С. тыранія Петручы. У 1531—52, 1555—57 — ісп. уладанне. З 1557 у складзе Фларэнційскага герцагства, з 1860 — Сардзінскага (з 1861 — Італьянскага) каралеўства.

Старая ч. горада захавала сярэдневяковае, пераважна гатычнае аблічча. Сярод арх. помнікаў: сабор (1284—1376, арх. Дж.​Пізана і інш.; амбон скульпт. Н.​Пізана), касцёлы Сан-Даменіка (1293—1391), Сан-Франчэска (1326—1476), палацы Таламеі (з 1205), Публіка (1297—1310, дабудовы 17 ст.; фрэскі А.​Ларэнцэці, С.​Марціні і інш.), Лоджыя дэль Папа (1460, арх. А.​Федэрыгі, Франчэска ды Джорджа) і інш.

т. 14, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАСЕ́ЛЛЕ,

вёска ў Старасельскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса. За 20 км на ПнЗ ад г. Шклоў, 50 км ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Копысь. 478 ж., 192 двары (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, ацтэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. За 2 км на ПнУ ад вёскі магіла сав. ваеннапалонных і мірных жыхароў.

Вядома з 16 ст. як маёнтак у Аршанскім пав. Віцебскага ваяв. ВКЛ; уладанне Сапегаў. У 1606 у С. быў касцёл. З 1656 уладанне Нерушэвічаў, потым пратэстанцкай царквы. Вёска спалена ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З 1772 у Рас. імперыі, у Копыскай акрузе, у 19 ст. ў Аршанскім пав. Магілёўскай губ.; смалакурна-шкіпінарнае прадпрыемства (1859), Троіцкая царква і царк.-прыходская школа (1862). У 1868 уладанне Л.​Цітова; 2 крупадзёрныя, вінакурны і цагельны з-ды, сукнавальня, 2 млыны, карчма. З 1886 мястэчка, цэнтр воласці Аршанскага пав.; 242 ж., 33 двары, валасное і мяшчанскае праўленне, 2 царквы, касцёл, сінагога, 2 кірмашы на год. У 1909—450 ж., 88 двароў. З 1919 у Гомельскай, з 1920 у Віцебскай губ., з 1924 у БССР. З 1924 цэнтр сельсавета Копыскага, з 1931 — Талачынскага, Шклоўскага р-наў, з 1938 у Магілёўскай вобл.

В.​В.​Віталёва.

т. 15, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫНТАРЭ́ТА [Tintoretto; сапр. Рабусці

(Robusti)] Якопа (29.9.1518, г. Венецыя, Італія — 31.5.1594),

італьянскі жывапісец Позняга Адраджэння; прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Вучыўся ў Тыцыяна, зазнаў уплыў Мікеланджэла, Парміджаніна, Л.Лота. Працаваў у Венецыі. Ужо раннім творам Т. ўласцівы дасканаласць малюнка ў перадачы складаных ракурсаў, драм. эфекты асвятлення, цеплыня і мяккасць колеравага вырашэння: «Нараджэнне Іаана Хрысціцеля» (канец 1540-х г.), «Абмыванне ног» (1547), «Цуд святога Марка» (1548). У сталы перыяд (1550—60-я г.) праз выяўленне масавых сцэн перадаваў рэакцыю людзей на падзеі, звяртаўся да смелых прасторавых пабудоў, асіметрычнай кампазіцыі з прарывамі ў глыбіню, святлоценявых кантрастаў, колеравы строй набыў эмац. напружанасць, пералівы халодных вытанчаных адценняў: цыклы карцін, прысвечаных жыццю св. Марка (1562—64), пано для Скуола ды Сан-Рока ў Венецыі (1565—88; у т. л. «Пакланенне пастухоў», «Уцёкі ў Егіпет», «Галгофа», «Укрыжаванне», «Хрыстос перад Пілатам» і інш.). Манументальнасць і феерычнасць светлавых эфектаў уласцівы размалёўкам «Пакланенне залатому цяльцу» і «Страшны суд» (1556; апсіда царквы Санта-Марыя дэль Орта), «Бітва каля Зары» (каля 1585; Палац дожаў), «Тайная вячэра» (1592—94; царква Сан-Джорджа Маджорэ), «Алегорыі» (1577, Антыкаледжо ў Палацы дожаў) і інш. Яго лепшыя партрэты вылучаюцца строгай прастатой і глыбокім псіхалагізмам («Аўтапартрэт», каля 1590). Іл. гл. таксама да арт. Венецыянская школа жывапісу.

Літ.:

Виппер Б.Р. Тинторетто. М., 1948.

Т.​В.​Пешына.

Тынтарэта. Нараджэнне Іаана Хрысціцеля.

т. 16, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЧЫ,

горад абл. падпарадкавання ў Беларусі ў Брэсцкай вобл., цэнтр раёна. Размешчаны на Баранавіцкай раўніне, у міжрэччы Шчары і яе прытока Мышанкі. За 206 км ад Брэста. Вузел чыгунак (напрамкі на Брэст, Ваўкавыск, Ліду, Мінск, Слуцк, Лунінец) і аўтадарог. 172,9 тыс. ж. (1995).

Узнікненне Баранавічаў звязана з буд-вам Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Пачатак гораду дала чыг. ст. Баранавічы (назва ад вёскі ў Навагрудскім пав.), здадзеная ў эксплуатацыю ў ліст. 1871. Вакол яе ўзнік пасёлак, які ў сярэдзіне 1880-х г. налічваў каля 1,5 тыс. жыхароў, 120 дамоў. У маі 1884 пасёлку нададзены статус мястэчка пад назвай Развадова (ад прозвішча ўладальніцы мясц. маёнтка Развадоўскай). У снеж. 1884 пачаў дзейнічаць участак чыг. Вільня—Лунінец—Пінск, новая станцыя Баранавічы Палескай чыгункі стала другім цэнтрам фарміравання горада. Пасёлак, што пачаў фарміравацца вакол станцыі, атрымаў назву Новыя Баранавічы. У 1890-я г. пасёлкі зліліся і ўтварылі Баранавічы. Паводле перапісу 1897 у Баранавічах 8718 ж., 834 будынкі, 4 прадпрыемствы, двухкласныя школы чыг. і дабрачыннага т-ва. У рэв. 1905—07 адбылося Баранавіцкае выступленне рабочых і салдатаў 1905. У 1912 у Баранавічах каля 30 тыс. ж. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працавалі 3 цагельныя, маслабойны, 2 лесапільныя, чыгуналіцейны з-ды, 3 ф-кі млынавых жорнаў. У пач. 1-й сусв. вайны ў Баранавічаз размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага рус. арміяй. З вер. 1915 да 5.1.1919 акупіраваны герм. войскамі. У ваколіцах Баранавічаў праходзіла лінія фронту. У чэрв.—ліп. 1916 рус. войскі правялі Баранавіцкую аперацыю 1916. 5.1.1919 устаноўлена сав. ўлада. З 6.2.1919 горад, цэнтр Баранавіцкага пав. Мінскай губ. У сак. 1919 — ліп. 1920 і з вер. 1920 акупіраваны польск. войскамі. У 1921 — 39 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, са снеж. 1939 цэнтр Баранавіцкай вобласці, каля 27 тыс. ж. Дзейнічалі Баранавіцкі абласны драматычны тэатр, Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 27.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў ваколіцах і горадзе 127,5 тыс. чал., дзейнічалі Баранавіцкая акруговая антыфашысцкая арганізацыя і Баранавіцкае гарадское патрыятычнае падполле. З 1954 у Брэсцкай вобл., цэнтр Навамышскага, з 1957 Баранавіцкага раёнаў. У 1959 — 58,1 тыс. ж., у 1970 — 101,5 тыс. ж.

Прадпрыемствы: Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне і вытв. дрэваапр. аб’яднанне, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Баранавіцкі завод гандлёвага машынабудавання, Баранавіцкі завод станкапрылад, з-ды санэлектразагатовак, доследна-механічны, жалезабетонных вырабаў (2); фабрыкі трыкатажная, швейная, абутковая, мэблевая, маст. вырабаў, цацак; камбінаты мясакансервавы, харч. прадуктаў, малочны, жалезабетонных канструкцый, Баранавіцкі камбінат сянажных вежаў. Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці, тэхналагічны тэхнікум, муз., мед. і пед. вучылішчы. Баранавіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і падпольшчыкаў, сав. ваеннапалонных і ахвяраў фашызму. Помнікі: Вызвалення, двойчы Герою Сав. Саюза С.​І.​Грыцаўцу. Помнік архітэктуры — Баранавіцкі Пакроўскі сабор. Мемарыяльны комплекс «Урочышча Гай».

Горад Баранавічы.

т. 2, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДА,

горад у Гродзенскай вобл., на р. Лідзея (бас. р. Нёман). Цэнтр Лідскага р-на. За 112 км на ПнУ ад Гродна. Вузел чыгунак на Гродна, Вільнюс, Маладзечна, Баранавічы. 99,9, тыс. ж. (1998).

Датай узнікнення Л. лічаць 1323 — пач. буд-ва Лідскага замка, вакол якога паступова вырас горад. У 15—16 ст. горад быў значным цэнтрам рамяства і гандлю, звязаны з Вільняй, Навагрудкам, Мінскам, Полацкам. У гэты час горад складаўся з рыначнай плошчы і 4 вуліц; да яго прымыкала прадмесце Зарэчча. З 1568 цэнтр Лідскага павета Віленскага ваяводства. У 1590 Л. атрымала магдэбургскае права і герб (у левай частцы шчыта выява льва на чырвоным і ў правай — 2 скрыжаваныя ключы на блакітным фоне). З 2-й пал. 17 ст. ў выніку войнаў і феад. анархіі Л. прыйшла ў заняпад, з сярэдзіны 18 ст. пачалося адраджэнне яе эканомікі. У 1756—1834 дзейнічаў Лідскі піярскі калегіум. У 1786 у Л. 514 ж. 3 1795 у Рас. імперыі, пав. цэнтр. Слонімскай (1795), Літоўскай (1797), Гродзенскай (1801) губерняў. З 1842 пав. горад Віленскай губ. У 1863 і 1873 у Л. пабудаваны піўзаводы, у 1870—80-я г. — гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая ф-ка, крухмальны з-д. У 1884 пракладзена чыг. лінія Вільня—Лунінец, у 1907 — Маладзечна—Масты. У 1897 у Л. было 8626 ж., дваранскае і пав. двухкласнае вучылішчы, прыходскае вучылішча з жаночым аддзяленнем, яўр. школа. У 1899 адкрыта бальніца, у канцы 19 — пач. 20 ст. пушчаны чыгуналіцейны, лесапільны і інш. з-ды, развіты промысел па вырабе Лідскіх куфраў. У 1901—18 існавалі Лідскія гімназіі. У 1904 у Л. 1 тыс. дамоў (275 мураваных), 14 дробных прадпрыемстваў, 170 рамесных майстэрань, 4 бальніцы, 6 пач. навуч. устаноў. У 1921—39 у складзе Польшчы, павятовы цэнтр Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Лідскага раёна Баранавіцкай вобл., горад абл. падпарадкавання. З 27.6.1941 да 9.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 25 149 чал. Дзейнічала Лідскае патрыятычнае падполле. У 1972—49,7 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы машынабудавання (Лідскі доследны завод «Нёман», Лідскі завод сельскагаспадарчых машын, Лідскі завод электравырабаў, з-ды прыладабудаўнічы, аўтарамонтны), харчовай (Лідскі завод харчовых канцэнтратаў, Лідскі малочнакансервавы камбінат, піваварны з-д), буд. матэрыялаў (камбінат буд. матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў), дрэваапр. прам-сці, Лідскі лакафарбавы завод, Лідская абутковая фабрыка, Лідскі краязнаўчы музей, Лідскі індустрыяльны тэхнікум. Брацкія магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, курган Бессмяротнасці і інш. Помнікі чырвонаармейцам, якія загінулі ў вер. 1920, сав. воінам і партызанам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Лідскі замак, Лідскі Крыжаўзвіжанскі касцёл, Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў.

Літ.:

Лида: Ист.-экон. очерк. Мн.,1976.

І.​І.​Коўкель.

Герб Ліды. 1590.
Ліда. Курган Бессмяротнасці.
Ліда. Плошча імя 600-годдзя горада.

т. 9, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПХЕНЬЯ́Н,

горад, сталіца Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР). Адм. ц. правінцыі Пхёнан-Намдо, вылучаны ў асобную адм. адзінку цэнтр. падпарадкавання. Знаходзіцца на З краіны, на р. Тэданган, за 90 км ад Жоўтага м. 3197 тыс. ж. (2000). Паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Сунан; аванпорт П. на Жоўтым м. — г. Нампхо, р. Тэданган часткова суднаходная. З суседнімі гарадамі П. утварае буйны індустр. раён: чорная і каляровая металургія, шматгаліновае машынабудаванне (з-ды дакладнага, тэкст. і трансп. машынабудавання, вымяральных прылад і інш.), эл.-тэхн., тэкст. (буйнейшы ў КНДР камбінат), харч. і харчасмакавая, хім. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэм. і цагельныя з-ды); абутковыя, фармацэўтычныя, фарфора-фаянсавыя, дрэваапр. прадпрыемствы. П. — цэнтр буйнейшага ў краіне вугальнага басейна. ЦЭС. Метрапалітэн (з 1973). АН КНДР. Ун-т. Тэатры. Музеі, у т. л. нар. рэвалюцыі, выяўл. мастацтва; Кар. філармонія.

Крэпасць П. засн. ў пач. 4 ст. У 427—668 П. — сталіца дзяржавы Кагуро. У час існавання дзяржавы Каро — зах. сталіца пад назвай Сагён (ці Садо). На працягу стагоддзяў П. — важны апорны пункт у барацьбе супраць іншаземных захопнікаў (кіт. дынастыі Суй і Тан, кідані, манголы, чжурчжэні, маньчжуры, японцы і інш.). У 1592—93 захоплены японцамі, вызвалены карэйска-кіт. войскамі. У 1899 горад адкрыты для замежнага гандлю. У час яп. панавання (1905—45) П. — цэнтр нац.-вызв. руху (у 1919 тут адбылося антыяп. паўстанне). У 1945 вызвалены Сав. Арміяй. З 1948 П. — сталіца КНДР. Моцна разбураны ў час Карэйскай вайны 1950—53, адбудаваны.

На правым беразе р. Тэданган — стараж. ч. горада, абкружаная крапасной сцяной (даўж. 16 км, выш. 7 м; захавалася часткова), з дазорнай вежай Ыльмільдэ (246, перабудавана ў 14 ст.) і манум. брамамі, у т. л. Тэданмун (982 г., перабудавана ў 1635), Патханмун (997 г., перабудавана ў 1473). На левым беразе — прамысл. раён з радыяльнай планіроўкай (узнік у пач. 20 ст.). Сярод арх. помнікаў: павільёны — Пубеклу (Енменлу; 4 ст., рэстаўрыраваны ў 1616), манастыра Ёнмёнса (засн. ў 392 г. зруйнаваны ў 1953), Ёнгванджон (1111, рэстаўрыраваны ў 1670); пагады — 13-ярусная храма Пахёнса, храма Ёнмёнса (абодва 11 ст.); будыйскі храм Сунрэнджон (1439). Да 20 ст. П. забудоўваўся пераважна невял. дамамі з унутр. дварамі і тэрасамі. У 1953 прыняты генплан рэканструкцыі і аднаўлення П. Створаны новыя плошчы, вуліцы. жылыя масівы, комплексы культ.-быт. прызначэння. Сярод збудаванняў 2-й пал. 20 ст.: т-ры «Маранбон» (1953, арх. Кан Чахван і інш.) і Вялікі (1960, арх. Кім Чанхі, Сін Сунгён і інш.), ун-т, гасцініца «Пхеньян» (абодва 1960), палацы навучэнцаў і піянераў (1963), спорту (1973), культуры (1974). Паркі: Тэсансан, Маладзёжны. Помнікі: сав. воінам-вызваліцелям на гары Маранбон (1945), воінам Нар. кар. арміі, што загінулі (1959), манумент Чхаліма (1961), статуя Кім Ір Сена, помнік рэв. вызв. барацьбы (абодва 1972) і інш. Каля П. — шматлікія грабніцы перыяду Кагуро.

Панарама Пхеньяна.
Пхеньян. Брама Тэданмун.
Пхеньян. Комплексы культурна-бытавога прызначэння.

т. 13, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАПРАМЫСЛО́ВАЯ ІНТЭГРА́ЦЫЯ,

форма арганізацыі вытв.-эканам. сувязяў сельскай гаспадаркі з інш. галінамі матэрыяльнай вытв-сці, якія яе абслугоўваюць. З’яўляецца спецыфічнай формай тэр.-вытв. міжгаліновага кааперавання прадпрыемстваў розных галін з адасобленымі, але арганічна звязанымі паміж сабой тэхнал. працэсамі. Аграпрамысловая інтэграцыя забяспечвае ўмацаванне кааперацыі працы і вытв-сці, завершанасць тэхнал. цыкла, павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі.

Дыферэнцыруецца на вертыкальную і гарызантальную. Вертыкальная аграпрамысловая інтэграцыя — міжгаліновае каапераванне прадпрыемстваў і вытв-сцяў розных галін нар. гаспадаркі, якое забяспечвае аптымальнае праходжанне таварнай масы ў адзіным тэхнал. працэсе з адной фазы ў другую (вытворчасць — перапрацоўка — рэалізацыя). Уключае прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і вытв-сці прадуктаў харчавання, па захаванні і збыту прадукцыі, а таксама нарыхтоўчыя і транспартныя. У АПК вылучаюць шэраг інтэгравальных блокаў: мясны (прадпрыемствы па дагадоўванні і адкорме буйн. раг. жывёлы, свіней і авечак; птушкафабрыкі па вытв-сці бройлераў, мясакамбінаты, халадзільнікі, гандаль; буракацукровы (бураканасенняводчыя, буракасеючыя гаспадаркі, цукровыя і рафінадныя з-ды) і інш. Гарызантальная аграпрамысловая інтэграцыя — унутрыгаліновае каапераванне прадпрыемстваў і вытв-сцяў адной ці некалькіх падгалін, якое забяспечвае паглыбленне спецыялізацыі асобных звенняў адзінага тэхнал. працэсу (напр., вытв.-эканам. сувязі ў малочнай і мясной жывёлагадоўлі на аснове пастадыйнай спецыялізацыі, інтэграцыя насенняводчых, рэпрадукцыйных гаспадарак і прадпрыемстваў па вытв-сці таварнага зерня і г.д.). Гарызантальная інтэграцыя развіваецца на аснове доўгатэрміновых устойлівых вытв.-эканам. сувязей на прынцыпах куплі-продажу, а таксама праз стварэнне сумесных і змешаных прадпрыемстваў.

М.​А.​Бычкоў, У.​Р.​Гусакоў.

т. 1, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)