ЛІ́ДА,

горад у Гродзенскай вобл., на р. Лідзея (бас. р. Нёман). Цэнтр Лідскага р-на. За 112 км на ПнУ ад Гродна. Вузел чыгунак на Гродна, Вільнюс, Маладзечна, Баранавічы. 99,9, тыс. ж. (1998).

Датай узнікнення Л. лічаць 1323 — пач. буд-ва Лідскага замка, вакол якога паступова вырас горад. У 15—16 ст. горад быў значным цэнтрам рамяства і гандлю, звязаны з Вільняй, Навагрудкам, Мінскам, Полацкам. У гэты час горад складаўся з рыначнай плошчы і 4 вуліц; да яго прымыкала прадмесце Зарэчча. З 1568 цэнтр Лідскага павета Віленскага ваяводства. У 1590 Л. атрымала магдэбургскае права і герб (у левай частцы шчыта выява льва на чырвоным і ў правай — 2 скрыжаваныя ключы на блакітным фоне). З 2-й пал. 17 ст. ў выніку войнаў і феад. анархіі Л. прыйшла ў заняпад, з сярэдзіны 18 ст. пачалося адраджэнне яе эканомікі. У 1756—1834 дзейнічаў Лідскі піярскі калегіум. У 1786 у Л. 514 ж· 3 1795 у Рас. імперыі, пав. цэнтр. Слонімскай (1795), Літоўскай (1797), Гродзенскай (1801) губерняў. З 1842 пав. горад Віленскай губ. У 1863 і 1873 у Л. пабудаваны піўзаводы, у 1870—80-я г. — гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая ф-ка, крухмальны з-д. У 1884 пракладзена чыг. лінія Вільня—Лунінец, у 1907 — Маладзечна—Масты. У 1897 у Л. было 8626 ж., дваранскае і пав. двухкласнае вучылішчы, прыходскае вучылішча з жаночым аддзяленнем, яўр. школа. У 1899 адкрыта бальніца, у канцы 19 — пач. 20 ст. пушчаны чыгуналіцейны, лесапільны і інш. з-ды, развіты промысел па вырабе Лідскіх куфраў. У 1901—18 існавалі Лідскія гімназіі. У 1904 у Л. 1 тыс. дамоў (275 мураваных), 14 дробных прадпрыемстваў, 170 рамесных майстэрань, 4 бальніцы, 6 пач. навуч. устаноў. У 1921—39 у складзе Польшчы, павятовы цэнтр Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Лідскага раёна Баранавіцкай вобл., горад абл. падпарадкавання. З 27.6.1941 да 9.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 25 149 чал. Дзейнічала Лідскае патрыятычнае падполле. У 1972—49,7 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы машынабудавання (Лідскі доследны завод «Нёман», Лідскі завод сельскагаспадарчых машын, Лідскі завод электравырабаў, з-ды прыладабудаўнічы, аўтарамонтны), харчовай (Лідскі завод харчовых канцэнтратаў, Лідскі малочнакансервавы камбінат, піваварны з-д), буд. матэрыялаў (камбінат буд. матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў), дрэваапр. прам-сці, Лідскі лакафарбавы завод, Лідская абутковая фабрыка. Лідскі краязнаўчы музей, Лідскі індустрыяльны тэхнікум. Брацкія магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, курган Бессмяротнасці і інш. Помнікі чырвонаармейцам, якія загінулі ў вер. 1920, сав. воінам і партызанам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Лідскі замак, Лідскі Крыжаўзвіжанскі касцёл, Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў.

Літ.:

Лида: Ист.-экон. очерк. Мн.,1976.

І.І.Коўкель.

Герб Ліды. 1590.
Ліда. Курган Бессмяротнасці.
Ліда. Плошча імя 600-годдзя горада.

т. 9, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)