БЯЛЯ́ЕЎ (Іван Дзмітрыевіч) (1810, Масква — 1.12.1873),
рускі гісторык, славянафіл. З 1852 праф. Маскоўскага ун-та, сакратар Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх. Працы па гісторыі рус. сялянства, права, ваен. справы, летапісання. Даследаваў пытанні гісторыі Беларусі да 16 ст. У «Гісторыі Полацка ці Паўночна-Заходняй Русі...» (1872), прааналізаваў сац. і нац. склад насельніцтва, гісторыю царквы, адміністрацыі Кіеўскай Русі і ВКЛ. Першы з рус. гісторыкаў даў этнагр. апісанне беларусаў, якіх называў крывічамі. Сабраў калекцыю стараж.-рус. рукапісаў.
Тв.:
Очерк истории Северо-Западного края России. Вильна, 1876;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́К, губа авечая,
хрушч (Albatrellus ovinus),
шапкавы базідыяльны грыб з роду альбатрэлус сям. скутыгеравых. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў Аўстраліі. На Беларусі трапляецца ў хвойных лясах (пераважна ў старых ельніках). Расце групамі, зросткамі і адзіночна.
Шапка дыям. 5—10 см, пукатая, потым пляскатая, гладкая або слабатрэшчынаваталускаватая, белая, часта са светла-жоўтымі плямамі. Мякаць шчыльная, сырападобная, белая або крыху жаўтаватая, з грыбным пахам і смакам, пры высыханні жаўцее. Ножка даўж. 3—4 см, аднаго колеру з шапкай. У маладым узросце ядомы грыб (спажываецца свежы, сушаны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРНО́ВА,
возера ў Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Обаль, за 22 км на ПдЗ ад г. Гарадок. Пл. 2,8 км², даўж. 3,5 км, найб.шыр. 1,62 км, найб.глыб. 10,9 м, даўж. берагавой лініі 10,2 км. Пл. вадазбору 57 км².
Схілы катлавіны выш. 15—25 м, на Пн 5—10 м, параслі хмызняком, на ПнУ і ПнЗ разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пн забалочаныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно глеістае. 4 астравы агульнай пл. 0,1 га. Упадае р. Віраўлянка, выцякае р. Бярозаўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Бярозавае возера,
у Беларусі, ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 23 км на З ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 4,9 км², даўж. 4,1 км, найб.шыр. 1,5 км, найб.глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 12 км. Пл. вадазбору 458 км².
Схілы катлавіны выш. 3—5 м, усх. пад лесам і хмызняком, на З і ПдЗ разараныя. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя і сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае. Зарастае. Злучана ручаём з воз. Глыбач, праз возера працякае р. Дзіва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Крывінка, за 10 км на ПнУ ад г. Сянно. Пл. 2,6 км², даўж. 5,1 км, найб.шыр. 1,05 км, найб.глыб. 15,8 м, даўж. берагавой лініі 18,9 км. Пл. вадазбору 25,8 км².
Схілы катлавіны выш. 2—8 м, парослыя хмызняком, у верхняй ч. разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, на ПдУ высокія, пад хмызняком. Дно з упадзінамі і мелямі, уздоўж берагоў пясчанае, глыбей сапрапелістае. 4 астравы агульнай пл. 3,8 га. Выцякае р. Бярозка (прыток Крывінкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАПЕ́РЫЦА (Hottonia),
род кветкавых раслін сям. першакветных. 2 віды. Пашыраны пераважна ў Еўропе, М. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах трапляецца вадаперыца балотная (H. palustris). Расце ў стаячай вадзе ў сажалках, канавах, на балотах.
Шматгадовыя травяністыя павольнаплаваючыя расліны без каранёў, з падводным косаўзыходным сцяблом даўж. 15—60 см. Лісце перыстарассечанае, кальчаковае, у разетцы каля асновы доўгага кветаноса, які ў час цвіцення ўздымаецца над вадой. Кветкі белыя ці ружаватыя, у зеве жоўтыя, сабраныя ў гронкападобныя суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. (прыдатныя для аквакультуры) і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНА́Я ПА́РАў атмасферы,
вада ў газападобным стане, якая пастаянна ёсць у паветры. Бесперапынна паступае ў атмасферу ў выніку выпарэння з паверхні вадаёмаў і вадацёкаў, глебы, снегу, лёду і праз транспірацыю раслінамі. Колькасная характарыстыка — вільготнасць (гл.Вільготнасць паветра). 90% вадзяной пары ў ніжніх 5 км атмасферы. Уплывае на выпраменьванне і паглынанне сонечнай радыяцыі. Над тэр.Беларусі ў ліп. каля 5,4 км³, у студзені каля 1,7 км³ вадзяной пары. Пры кандэнсацыі яе ўтвараюцца воблакі, туман, раса, іней, шэрань, галалёд. Выкарыстоўваецца для прывядзення ў рух паравых турбін і машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНЫ́ ПАВУ́К (Argyroneta aquatica),
адзіны від павукоў аднайм. сямейства. Некат. даследчыкі адносяць вадзянога павука да сям. лейкавых. Пашыраны ў Еўропе. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі. Жыве ў стаячых або з павольным цячэннем вадаёмах.
Даўж. цела да 20 мм, самцы буйнейшыя за самак. У вадзе валасістае брушка абкружана захопленым з паверхні паветрам, якім ён дыхае, і блішчыць накшталт кроплі ртуці. Самка будуе з павуціны шчыльнае гняздо ў выглядзе каўпака велічынёй з напарстак, напаўняе яго паветрам. Гняздо — месца размнажэння і паядання здабычы. Корміцца лічынкамі насякомых, ракападобнымі, маляўкамі рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙЦАХО́ВІЧ (Сяргей Рыгоравіч) (20.3.1903, в. Сярагі Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 3.9.1977),
адзін з кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Пінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Камуніст.ун-тБеларусі (1932). З 1921 на сав. і парт. рабоце ў Слуцку, з 1938 інструктар ЦККП(б)Б, з крас. 1941 сакратар Пінскага абкома КП(б)Б. У Вял.Айч. вайну з 23.4.1943 да ліп. 1944 2-і сакратар Пінскага падп. абкома КП(б)Б. У 1944—47 сакратар Пінскага абкома КП(б)Б.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСНО́Е ПРАЎЛЕ́ННЕ,
выканаўчы орган саслоўнага сял. кіравання воласцю ў Рас. імперыі. Уведзена ў 1797 для дзярж. сялян. Пасля рэформы дзярж. вёскі 1830—50-х г. выбіралася валасным сходам на 3 гады. Валасное праўленне ўзначальваў валасны старшына (галава). На Беларусі, Правабярэжнай Украіне і ў Літве валасныя праўленні перасталі існаваць у сувязі са скасаваннем тут валасцей паводле названай рэформы. Пасля сялянскай рэформы 1861 дзейнічалі на землях б. памешчыцкіх, з 2-й пал. 1860-х г. — і б.дзярж. сялян. Выконвалі абмежаваныя функцыі. 3.6.1917 скасаваны разам з валаснымі сходамі Часовым урадам.