УРУБЛЕ́ЎСКІ Тадэвуш (8.11.1858, Вільня — 3.7.1925),

адвакат, публіцыст, грамадскі дзеяч-краёвец. Вучыўся ў Пецярбургскай медыка-хірург. акадэміі, Варшаўскім ун-це, скончыў Пецярбургскі ун-т (1886). За прыналежнасць да польскай рэв. арг-цыі «Пралетарыят» у 1880 арыштаваны і на 2 гады сасланы ў Сібір. З 1886 працаваў адвакатам у Пецярбургу, Вільні, юрысконсультам ва ўправе Палескіх чыгунак. У час рэвалюцыі 1905—07 выступаў абаронцам на судовых працэсах над удзельнікамі рэв. падзей, у т. л. матросамі з браняносца «Пацёмкін», крэйсера «Ачакаў» на чале з лейтэнантам П.​П.​Шмітам, пазней — прадстаўнікамі бел. інтэлігенцыі: Я.​Коласам, А.​Пашкевіч (Цёткай), А.​Уласавым. У шэрагу публікацый праводзіў ідэі развіцця ў Расіі грамадз. супольнасці, пашырэння правоў мясц. самакіраўніцтва. У 1923 у Беластоку быў абаронцам у судзе над 49 бел. эсэрамі, абвінавачанымі ў падрыхтоўцы антыпольскага паўстання ў Зах. Беларусі. Друкаваўся ў зах.-бел. выданнях (пад псеўд. Т.​Вароніч), у т. л. ў газ. «Беларускія ведамасці», рэдактарам якой быў М.​Гарэцкі. Пасля арышту і дэпартацыі апошняга з Вільні дамагаўся яго вяртання. Дапамагаў старшыні Бел. пасольскага клуба Б.​А.​Тарашкевічу ў падрыхтоўцы праекта аўтаноміі Зах. Беларусі. Аўтар працы «Народ і дзяржава» (зб. «Заходняя Беларусь», 1923), дзе навукова абгрунтаваў права кожнага народа на дзярж. існаванне.

А.​С.​Ліс.

т. 16, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)