СЫСО́ЕЎ Георгій Васілевіч (н. 17.10.1919, г. Волагда, Расія),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Чл.-кар. Пятроўскай акадэміі навук і мастацтва ў Пецярбургу (1994). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я.Рэпіна (1949). Працаваў у ін-тах «Белдзяржпраект» (1952—60), «Белдзіпрагандаль» (1966—71), «Мінскпраект» (1960—66 і 1971—90). У 1952—64 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы і Бел.тэатр.-маст. ін-це. У 1990—94 кіраваў персанальнай творчай майстэрняй пры Бел. саюзе архітэктараў. Гал. работы ў Мінску: праект планіроўкі і забудовы 2-й чаргі праспекта Скарыны (жылыя дамы з магазінамі «1000 дробязей», «Кветкі», «Сілуэт», «Сінтэтыка», «Дом абутку», «Акадэмкніга» і інш., усе 1955—64), магазін «Тэхніка ў побыце» на Юбілейнай пл. (1965), 11-павярховыя дамы на бульвары Луначарскага (1965—72), гасцініца «Мінск» (2-я чарга, 1969), будынак гар. Савета нар. дэпутатаў (1964; усе ў сааўт.) і інш. Адзін з аўтараў мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой, помніка-бюста С.І.Грыцаўцу ў Мінску (скульпт. З.Азгур, 1956), помніка К.С.Заслонаву ў г. Орша Віцебскай вобл. (скульпт. С.Селіханаў, 1955). Кіраваў рэканструкцыяй інтэр’ера Дома афіцэраў у Мінску (1974). Дзярж. прэмія Беларусі 1968.