ЖУК (Алесь) (Аляксандр Аляксандравіч; н. 1.4.1948, в. Клешаў Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1970). Працаваў у выд-ве «Мастацкая літаратура», час. «Маладосць», у апараце ЦККПБ, гал.рэд.газ. «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя». З 1997 гал.рэд.час. «Нёман». Друкуецца з 1965. Аўтар кніг прозы «Асеннія халады» (1972), «Паляванне на старых азёрах» (1975), «Зоркі над палігонам» (1977, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978), «Не забывай мяне» (1978), «Па саннай дарозе» (1979), «Паўстанак вяртання» (1981, Літ. прэмія імя І.Мележа 1982), «Паляванне на Апошняга Жураўля» (1982), «Чорны павой» (1986), «На дазорнай сцяжыне» (1990), «Помста матылькоў» (1991), «Праклятая любоў» (1991, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1992). Раскрывае праблемы сучаснасці ва ўсёй іх вастрыні і складанасці. Творы Ж. адметныя апісаннем багатага спектра чалавечых характараў і ўзаемаадносін, роздумам над пытаннямі жыцця і лёсу, неспакоем за стан навакольнага асяроддзя, лірычна-спавядальнай манерай перадачы некаторых аўтабіяграф. фактаў, выкарыстаннем міфічна-казачнай сімволікі. На бел. мову пераклаў аповесці і апавяданні М.Кацюбінскага, А.Упіта, Г.Траяпольскага, В.Астаф’ева і інш., раманы Ж.Жубера, Н.Сафарава, Т.Джумагельдыева, раман М.Булгакава «Майстар і Маргарыта» (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЎСКІ (Васіль Андрэевіч) (9.2.1783, с. Мішанскае Тульскай вобл., Расія — 24.4.1852),
рускі паэт, адзін з заснавальнікаў рус. рамантызму. Акад. Пецярбургскай АН (з 1841). Выхавальнік пры царскім двары (1815—41). Бараніў ад урадавай рэакцыі А.Пушкіна, М.Лермантава, дзекабрыстаў, садзейнічаў выкупу з прыгонніцкай няволі Т.Шаўчэнкі. Удзельнік групы «Арзамас». Выступіў у л-ры як паэт-сентыменталіст (элегіі «Сельскія могілкі», 1802, «Вечар», 1806). Аўтар рамант. балад «Людміла» (1808), «Касандра» (1809), «Святлана» (1808—12), «Вадзім» (1814—17), «Іванаў вечар» (1822) і інш., оды «Пясняр у стане рускіх воінаў» (1812). Паэзіі Ж. ўласцівы інтанацыйна-рытмічнае багацце, эмац. выразнасць, музыкальнасць. Шырока вядомы яго пераклады балад і драмы Ф.Шылера «Арлеанская дзева» (1817—21), «Адысеі» Гамера (1842—49), часткі паэмы Фірдаўсі «Шахнамэ» і інш. Аўтар вершаваных апрацовак нар. казак, якія трапілі ў бел. фальклор (зб. А.Глінскага). На бел. мову творы Ж. перакладалі В.Зуёнак, Э.Валасевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЫ́ГІН (Сяргей Паўлавіч) (н. 6.12.1913, в. Дурасаўка, Башкортастан),
рускі пісьменнік. Акад.Рас.АН (1991). Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Омскі с.-г.ін-т (1939). Працаваў інжынерам-гідратэхнікам, у Сібірскім аддзяленні АНСССР. З 1986 гал. рэдактар час. «Новый мир». Першыя зб-кі «Апавяданні» (1941), «На Вялікую зямлю» (1952), «Нарысы і апавяданні» (1953). У раманах «Сцежкі Алтая» (1962), «Салёная Падзь» (ч. 1—2, 1967—68, Дзярж. прэмія СССР 1968), «Паўднёваамерыканскі варыянт» (1973), «Камісія» (1975), «Пасля буры» (кн. 1—2, 1980—85), «Свабода выбару: раман без сюжэта» (1996) звяртаецца да найважнейшых пераломных этапаў паслярэв. гісторыі Расіі і сучаснага жыцця Зах. Сібіры. Як публіцыст актыўна адстойвае сваю пазіцыю (у 1980-я г. выступаў супраць павароту паўн. рэк), імкнецца асэнсаваць складаныя працэсы сучаснага жыцця («Мая дэмакратыя. Нататкі па ходу жыцця. З успамінаў пісьменніка», 1996). Аўтар літ.-знаўчых прац пра А.Чэхава, Л.Талстога, А.Платонава. Творы З. на бел. мову пераклалі А.Кудравец, В.Адамчык.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1989—91;
Бел.пер. — На Іртышы: Аповесць, апавяданні. Мн., 1991.
Літ.:
Дедков И.А. Сергей Залыгин: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛО́ТНІЦТВА,
выраб рэчаў з каштоўных металаў; від ювелірнага мастацтва. Шырока вядома ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Амерыцы, краінах Усходу, сярэдневяковых Індыі і Кітаі, краінах Еўропы 15—18 ст. На Беларусі вядома з часоў жал. веку (7—6 ст. да н.э. — 8—9 ст.н.э.). Найб. пашырана як гар. рамяство ў 12—18 ст.Бел. майстры-злотнікі валодалі рознымі тэхнікамі апрацоўкі (ліццё, коўка, чаканка, гравіраванне) і аздаблення металаў, пераважна серабра (залачэнне, чарненне, зярненне, пацініраванне). Выраблялі посуд, абклады кніг і абразоў, крыжы, дарахавальніцы і інш. Шэдэўр З. часоў сярэдневякоўя — крыж Ефрасінні Полацкай работы Лазара Богшы (1161). У 16—17 ст. майстэрні і цэхі злотнікаў існавалі ў Віцебску, Брэсце, Кобрыне, Гродне, Магілёве, Нясвіжы, Слуцку і інш. У 2-й пал. 17 ст. больш за 50 бел. злотнікаў, пераважна з Віцебска, Полацка, Магілёва, працавалі ў Залатой, Сярэбранай і Аружэйнай палатах Маскоўскага Крамля, у т. л. П.Заборскі, В.Карпаў, М.Логінаў, Я.Магілёвец і інш. Яны выраблялі посуд, абклады абразоў і кніг, зброю. Пашырэнне мех. апрацоўкі металаў у сярэдзіне 19 ст. прывяло да заняпаду 3.
Я.М.Сахута.
Да арт.Злотніцтва. Абклад абраза. Пач. 17 ст.Да арт.Злотніцтва. Пацір з Навагрудка. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КІ ДАРО́ЖНЫЯ,
элементы абсталявання дарог вызначанай формы, памеру і афарбоўкі з умоўнымі абазначэннямі і надпісамі. Устанаўліваюцца на аўтамаб. дарогах і вуліцах населеных пунктаў і даюць інфармацыю аб рэжыме, умовах, напрамках і маршрутах руху, месцах адпачынку, аб’ектах сервісу і інш.
У Расіі першыя З.д. зацверджаны ў 1805. Спроба ўпарадкаваць З.д. пачата ў 1909 у Парыжы на 1-й Міжнар. канферэнцыі па рэгламентацыі руху. У СССР стандартызаваныя З.д. пачалі выкарыстоўваць з 1927 як састаўную частку правіл руху. Дзеючая сістэма З.д. распрацавана на аснове Канвенцыі аб дарожных знаках і сігналах (1968, Вена), дапоўненай Еўрап. пагадненнем (1971, Жэнева). Стандартам прадугледжаны папераджальныя, пераважальныя (знакі прыярытэту), забараняльныя, прадпісальныя, інфарм.-ўказальныя, сервісу і дадатковай інфармацыі (таблічкі). Адрозніваюць іх па форме, афарбоўцы і малюнку (умоўным абазначэнні). Устанаўліваюць іх відарысам насустрач руху пераважна ўздоўж дарогі на спец. калонках, слупах, на кранштэйнах, тросах-расцяжках і рамах над праезджай часткай. Іх асвятляюць або пакрываюць святлоадбівальнымі матэрыяламі. Надпісы на інфарм.-ўказальных знаках, устаноўленых на дарогах Беларусі, выконваюцца на бел. мове за выключэннем міжнар. трас, дзе яны зроблены на бел. і англ. мовах.
Літ.:
Хомяк Я.В., Гончаренко Ф.П., Копилевич С.Л. Инженерное оборудование автомобильных дорог. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЫНЕ́РНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,
галіна геалогіі, якая вывучае верхнія гарызонты зямной кары і яе дынаміку ў сувязі з інж. дзейнасцю чалавека. Асн. аб’ектамі вывучэння з’яўляюцца фіз.-мех. ўласцівасці горных парод і змены іх у часе; геал. працэсы, іх прагнозная ацэнка і накіраванасць. Выкарыстоўвае метады геафіз. (электраразведка, мікрасейсміка, розныя віды каратажу), петралагічныя, хім., фіз., аптычныя і інш. Складаецца з раздзелаў: грунтазнаўства, механіка грунтоў, інж. геадынаміка, рэгіянальная і спецыяльная І.г. (буд., дарожная, ваен., марская і інш.). Цесна звязана з гідрагеалогіяй, петраграфіяй, геакрыялогіяй, дынамічнай геалогіяй і інш. Пачала развівацца ў 19 ст. Вялікі ўклад у І.г. зрабілі вучоныя рас. Ф.П.Саварэнскі, І.В.Папоў, М.М.Маслаў, В.А.Прыклонскі, Я.М.Сяргееў, В.Д.Ламтадзе, В.Ц.Трафімаў і інш., амер. К.Тэрцагі, Р.Пек, Дж.Тэйлар, англ. А.Скемптан, чэш. К.Заруба і М.Матула, югасл. Б.Куюнджыч і М.Яніч і інш. На Беларусі пытаннямі І.г. займаліся К.І.Лукашоў, Ю.А.Сабалеўскі, Г.А.Калпашнікаў, У.Р.Лабадзенка, В.Ф.Вішнеўскі, І.А.Бусел. Даследаванні І.г. праводзяцца ў Бел.дзярж. ін-це інж. вышуканняў «Геасэрвіс», Бел.н.-д. геолага-разведачным ін-це, Бел.дзярж.політэхн. акадэміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́ВА (Рыма Фёдараўна) (н. 27.1.1932, г. Севастопаль, Украіна),
руская паэтэса. Яе бацька родам з Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл., дзяцінства яе прайшло на Полаччыне. Скончыла Ленінградскі ун-т (1954). Працавала на Д. Усходзе. Друкуецца з 1955. Аўтар зб-каў паэзіі «Сустрэнемся на Усходзе» (1958), «Пятніцы» (1965), «Елкі зялёныя» (1969), «Снежная баба» (1972), «Начыста» (1977), «Краіна Любоў» (1980), «Пробны камень» (1982), «Сюжэт надзеі» (1991), «Ломка» (1997), публіцыстыкі — «Наўгад» (1995), «Палюбі» (1996) і інш. Тэматыка лірыкі: родная прырода, каханне і мацярынства, роздум над складанымі праблемамі часу, думкі і пачуцці сучасніка і інш. Творчасць К. адметная глыбокай шчырасцю, задушэўнасцю выказвання, рамант. пафасам, аптыміст. сцвярджэннем стваральнага пачатку, актыўнасцю грамадз. пазіцыі, тэмпераментнасцю, раскаванасцю паэт. мовы. Некат. яе вершы спароджаны бел. тэматыкай («Зязюля»), На рус. мову пераклала зб. В.Вярбы «Ветразь на лузе» (1971), М.Аўрамчыка «Прасвятленне» (1973), Я.Янішчыц «Запытай у чабора» (1985), паасобныя творы Д.Бічэль-Загнетавай, А.Вярцінскага (у зб. «Вечны ўзыход», 1982), С.Законнікава. На бел. мову яе вершы перакладалі Аўрамчык, Бічэль-Загнетава, Вярцінскі, Н.Гілевіч, Ю.Свірка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦО́Ў (Аляксей Васілевіч) (15.10.1809, г. Варонеж, Расія — 10.11.1842),
рускі паэт. Дэбютаваў ананімна ў 1830. Адзіны прыжыццёвы зб. паэзіі «Вершы» (1835). На лёс К. як паэта і на фарміраванне яго ідэйна-маст. поглядаў паўплывала знаёмства з А.Пушкіным і В.Бялінскім. У вершах 1825—30, напісаных у духу сентыментальнай і рамант. паэзіі, паявіліся і рэаліст. рысы («Падарожны», «Начлег чумакоў»). Пісаў пасланні, элегіі, рамансы, мадрыгалы, трыялеты. Вяршыня творчасці К. — песні, створаныя ў традыцыях рус. фальклору. Многія сталі нар. песнямі. Апяваў працу земляроба, красу роднай прыроды («Песня аратага», «Ураджай», «Касец»), расказваў пра цяжкі лёс беднаты («Горкая доля», «Гора», «Доля бедняка»), пра імкненне нар. мас да лепшай долі, выказваў пратэст супраць прыгонніцтва («Дума сокала», «Лес»). Паэзія К. вызначаецца рэалізмам і народнасцю, глыбокім лірызмам і шчырасцю, выразнасцю мовы, рытміка-інтанацыйным багаццем. Паасобныя вершы К. на бел. мову пераклалі Л.Дайнека, Я.Міклашэўскі, М.Мятліцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ (Длужык-Каменскі) Адам Рыгор, бел. пісьменнік-мемуарыст 17 ст. З аршанскай шляхты. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 ваяваў пад харугвай кароннага гетмана С.Чарнецкага. У час бітвы на р. Бася 20.10.1660 трапіў у маск. палон. У Сібірскім прыказе залічаны ў «казакі літоўскага спісу», з 1662 служыў у Якуцкім астрозе турэмным наглядчыкам. Пасля Андрусаўскага перамір’я 1667 адпушчаны ў Маскву, у 1669 ці 1670 — на радзіму. У «Дыярыушы» (выяўлены і апубл. на польск. мове ў 1874) апісаў гарады і народы, што сустракаў, а таксама экспедыцыі рус. землепраходцаў В.Паяркава на Амур і М.Стадухіна на Поўнач, пра якія сабраў звесткі ў Якуцку. «Дыярыуш» К. — каштоўны помнік мемуарнай л-ры Беларусі, у якім яскрава адлюстраваны пытанні геаграфіі і этнаграфіі Сібіры і Д. Усходу.
Тв.:
Бел.пер. — Дыяруш маскоўскага палону з апісаннем гарадоў і мясцовасцей // Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. Мн., 1974. Вып. 2.
Літ.:
Коршунаў А. Нататкі з падарожжа па Сібіры ў XVII ст. («Дыярыуш» Адама Каменскага) // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1973. № 1;
Ласкоў І. Нашчадкі таямнічае Літвы // Полымя. 1991. № 8;
Ефремов К. Польские ссыльные о якутах // Национальные отношения в регионах страны. Якутск, 1992. Ч. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМКО́Ў (Уладзімір Цярэнцьевіч) (н. 5.9.1950, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),
бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980), нар.арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1968). Працаваў у т-рах оперы і балета Вільнюса і Харкава. У 1973—95 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1981—91 выкладаў у харэаграфічным вучылішчы. Танец К. вызначаецца мужнасцю, энергіяй, пластычнай выразнасцю, яго індывідуальнасці найб. блізкія партыі героіка-патрыят. плана. Майстэрства К. найб. выявілася ў балетах, пастаўленых В.Елізар’евым. Сярод лепшых партый: Тыль і Інквізітар, Машэка і Князь («Тыль Уленшпігель» і «Курган» Я.Глебава), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Адам («Стварэнне свету» А.Пятрова); з інш. партый — Прынц, Ротбарт («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Альберт, Конрад («Жызэль», «Карсар» А.Адана), Кален («Ліза і Кален» Ф.Герольда), а таксама гал. партыі ў аднаактовых балетах «Фестываль кветак у Чэнзана» Э.Хельстэда, «Прывал кавалерыі» Г.Армсгеймера, «Адажыета» на муз. Г.Малера, «Камерная сюіта» на муз. Шчадрына, «Вальпургіева ноч» Ш.Гуно, «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 127—131.