ХО́ДЗЬКА Дамінік Цэзары (1800, б. маёнтак Яварова Віленскага пав. — 1863),
бел. фалькларыст, этнограф, літаратар. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Чл. т-ва філарэтаў. Зблізіўся з Я.Чачотам, Т.Занам. Чл. Віленскай археалагічнай камісіі. Настаўнічаў у Вільні, на Случчыне. Апублікаваў успаміны і нататкі пра жыццё і дзейнасць К.Брадзінскага (1845), Я.Ходзьку (1858), Л.Бароўскага, Ю.Крашэўскага і інш., урывак са «Збору некаторых успамінаў... да гісторыі Віленскага ун-та. I. Віленская акадэмія ў часы езуітаў» (1862). Збіраў і апрацоўваў бел. вусную нар. творчасць. Аўтар працы пра рэкі Беларусі і Літвы (рукапіс перадаў Віленскай археал. камісіі). Супрацоўнічаў з А.Кіркорам, Я. і К. Тышкевічамі. Распрацаваў біяграфію З.Даленгі-Хадакоўскага і надрукаваў яе ў польскай энцыклапедыі Я.Глюксберга, потым у час. «Athenaeum» («Атэнэум», 1842, т. 1, 4) і «Teka Wileńska» («Віленскі зборнік», 1857, № 2).
Г.А.Каханоўскі.
т. 17, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)