ХАРУ́ЗІН Аляксей Мікалаевіч (12.3.1864, Масква — 1933),
расійскі этнограф, археолаг і антраполаг. Вывучаў побыт паўд. славян, народаў Каўказа, Крыма і Сярэдняй Азіі, удзельнічаў у распрацоўцы навук. асноў этнагр. аддзела Рус. музея ў С.-Пецярбургу. У пач. 20 ст. працаваў у канцылярыі Віленскага ген.-губернатара, рэдагаваў перыяд. зб. «Виленский временник» і вывучаў бел. нар. жыллё. Сабраў значныя матэрыялы па традыц. жыллі беларусаў, пераважна з Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губ. Аўтар працы «Славянскае жыллё ў Паўночна-Заходнім краі» (Вільня, 1907), у якой з пазіцый эвалюцыянізму разглядаў бел. жыллё ў кантэксце з жыллём інш. слав. народаў, гал. чынам паўд. і зах. славян.
Тв.:
Материалы по истории развития славянских жилищ. Жилище словинца Верхней Крайны // Живая старина. М., 1902. Вып. 3-4.
Літ.:
Токарев С.А. История русской этнографии. М., 1966;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст. Мн., 1970.
В.К.Бандарчык.
т. 16, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)