сістэматызаваны набор лінгвістычных карт, на якіх пры дапамозе ўмоўных знакаў адлюстравана пашырэнне ў межах беларускай мовы разнастайных асаблівасцей яе гаворак. Выдадзены ў 1963. Адзін з найб. поўных лінгвістычных атласаў, адлюстроўвае стан развіцця бел. гаворак у іх прасторавых узаемаадносінах у сярэдзіне 20 ст. Ствараўся на аснове метадалагічных прынцыпаў і метадычных прыёмаў, прынятых сав. школай лінгвістычнай геаграфіі. Яго складанню папярэднічаў працяглы перыяд абследавання жывых гаворак у межах нац.тэр. Беларусі па спец. праграме, арыентаванай на выяўленне сістэмна звязаных дыялектных адрозненняў. У аснове Атласа — тэорыя акад. Р.І.Аванесава. Складаецца з 2 раздзелаў. У 1-м змешчаны 7 гіст.-адм. і 338 лінгвістычных карт, якія даюць максімальную інфармацыю пра фанет. сістэму, грамат. структуру і лексічныя асаблівасці бел. гаворак. 2-і раздзел уключае ўступныя артыкулы, каментарыі да карт, даведачны і фактычны матэрыял. Калектыву аўтараў (Г.У.Арашонкава, М.В.Бірыла, Н.Т.Вайтовіч, І.М.Гайдукевіч, А.П.Груца, З.Ф.Краўчанка, А.А.Крывіцкі, Ю.Ф.Мацкевіч, А.Р.Мурашка, Я.М.Рамановіч, А.І.Чабярук, В.М.Шэлег) і рэдактараў (Аванесаў, К.Крапіва, Мацкевіч) за комплекс работ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯРА́МА (ад дыя... + грэч. horama від, відовішча),
від жывапісу, у якім стужкападобная карціна нацягнута на ўнутр. паверхні паўкруглага ў плане падрамніка; спалучаецца з аб’ёмным (бутафорскім) пярэднім планам, макетамі. Разлічана на штучнае асвятленне. Вял. Д. размешчаны ў спец. будынках.
Стварае ілюзію шырокіх прастораў і паказвае пераважна батальныя сцэны. У адрозненне ад панарамы ахоплівае толькі частку гарызонту. Д. ствараецца з 19 ст. Першапачаткова жывапісныя выявы выконваліся па абодвух баках матэрыялу, які прасвечваўся. Пры змене напрамку і інтэнсіўнасці асвятлення змянялася і бачная гледачу карціна. Першую такую Д. стварыў Л.Ж.Дагер у Парыжы (1822). У сучасным мастацтве такія Д. часам выкарыстоўваюць ў тэатральна-дэкарацыйным мастацтве.
З вядомых Д. у бел. мастацтве «Фашысцкі лагер смерці Малы Трасцянец» (1968, Я.Красоўскі, І.Пешкур), «Мінскі касцёл» «Мінскі кацёл» (1969—71, П.Крохалеў, У.Лагун, Л.Асядоўскі, Б.Аракчэеў; абедзве ў Бел.дзярж. музеі гісторыі Вял.Айч. Вайны), «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, П.Дурчын, Ф.Зільберт, Брэсцкі абл. краязнаўчы музей), «Ф.Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта» (1991—96, П.Драчоў, Музей медыцыны ў Мінску).
Дыярама. «Ф.Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта». Мастак П.Драчоў. 1991—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЗА́ТАЎ (Расул Гамзатавіч) (н. 8.9.1923, с. Цада Хунзахскага р-на, Дагестан),
аварскі паэт.Нар. паэт Дагестана (1959). Герой Сац. Працы (1974). Сын Г.Цадаса. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1950). Друкуецца з 1937. Першы паэт. зборнік «Любоў натхнёная і гнеў вогненны» (1943) прысвечаны падзеям Вял.Айч. вайны. Аўтар зб-каў «Нашы горы» (1947), «Год майго нараджэння» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Дагестанская вясна» (1955), «У гарах маё сэрца» (1959), «Высокія зоркі» (1962, Ленінская прэмія 1963), «І зорка з зоркаю гаворыць» (1964), «Пацеркі гадоў» (1968), «Востраў жанчын» (1983), «Кола жыцця» (1987), паэм «Размова з бацькам» (1953), «Гаранка» (1958), лірычнай аповесці «Мой Дагестан» (кн. 1—2, 1967—71), кн. «Вершы і паэмы» (1974), «Сказанні» (1975) і інш. Творчасць Гамзатава, прасякнутая любоўю да роднай зямлі, адлюстроўвае жыццё горцаў, іх духоўны свет, звычаі. Яна адметная нац. каларытам, высокім лірызмам, нар. гумарам. На бел. мову творы Гамзатава перакладалі А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, А.Бачыла, А.Грачанікаў, С.Грахоўскі, А.Лойка, Я.Сіпакоў, Я.Семяжон, М.Танк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕЯСЛО́Ў,
знамянальная часціна мовы, якая абазначае працэс, што адбываецца ў часе. Паняцце працэсу аб’ядноўвае прыватныя значэнні фіз. дзеяння, руху, перамяшчэння, стану, адносін, выяўлення ці змены прыкметы. У бел. мове Дз. мае формы стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку, зваротнасці і незваротнасці (гл. адпаведныя арт.). Дз. ўмоўнага ладу і прошлага часу абвеснага ладу маюць род — мужчынскі, жаночы, ніякі («ішоў», «ішла», «ішло»). Неспрагальныя формы Дз. — інфінітыў, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе. Асобную групу складаюць безасабовыя Дз. («світае», «пацяплела», «шанцуе»).
У старабел. мове закончанае і незакончанае трыванні не проціпастаўляліся, але было болей форм часу (перфект. аорыст. плюсквамперфект, будучы I, будучы II і інш.), якія паказвалі закончанасць ці працягласць дзеяння; часцей ужываліся дзеепрыметнікі. Словаўтварэнне Дз. у сучаснай бел. мове надзвычай багатае прэфіксацыяй («ехаць — аб’ехаць — выехаць — даехаць — з’ехаць — наехаць — недаехаць — паехаць — пераехаць — прыехаць — уз’ехаць» і г.д.). Асн. сінтаксічная роля Дз. — быць выказнікам. Інфінітыў, дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе выступаюць і ў ролі інш. членаў сказа. У залежнасці ад адносін да аб’екта Дз. падзяляюцца на пераходныя, якія спалучаюцца з прамым дапаўненнем («будаваць дом», «выпіць квасу», «гандляваць агароднінай»), і непераходныя («ісці», «бялець», «сталярнічаць»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРКЕ́СТР СІМФАНІ́ЧНАЙ І ЭСТРА́ДНАЙ МУ́ЗЫКІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ Створаны ў 1987. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор М.Фінберг. У складзе аркестра «Бігбэнд»
ансамбль салістаў (кіраўнік Б.Нічкоў). ансамбль І.Сацэвіча. Аранжыроўшчыкі аркестра А.Шпянёў. У.Ткачэнка; сярод артыстаў В.Шчарыца (труба), вакалісты М.Скорыкаў, Я.Навуменка. У рэпертуары эстр. песні, творы сімф., джазавай і эстр. музыкі сучасных, у т. л.бел., кампазітараў: У.Алоўнікава, А.Багатырова, У.Будніка, Г.Вагнера, Я.Глебава, Г.Гарэлавай, А.Елісеенкава, Э.Зарыцкага, Л.Захлеўнага, В.Іванова, У.Кур’яна, І.Лучанка, І.Паліводы, У.Прохарава, В.Раінчыка, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, Р.Суруса, Шпянёва, Г.Гараняна, А.Мажукова, А.Пахмутавай, А.Пятрова, Ю.Саульскага, Г.Свірыдава, М.Фрадкіна, Дз.Шастаковіча, Р.Шчадрына і інш На базе аркестра праведзены фестывалі польскай песні (1988—1991), «Славянскі кірмаш» (1992—97) у Віцебску, бел. песні і паэзіі ў г. Маладзечна (1993—96), джазавай музыкі ў Мінску (1994—97), «Музы Нясвіжа» (1996, 1997), 3 фестывалі «Ступень да Парнаса» (Масква), аўтарскія вечары песні на словы паэтаў Я.Купалы, М.Багдановіча, А.Куляшова, Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна, Л.Дранько-Майсюка, У.Карызны, У.Някляева і інш.
Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў ВІ́ЦЕБСКАЙ ВО́БЛАСЦІ 3 1862 у Віцебску існаваў Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў, з 1903 — губ. архіў. У 1919 заснавана губ. архівасховішча Віцебскага губ. архіўнага ўпраўлення, з 1924 Віцебскі акр. аддзел Цэнтр. архіва БССР, з 1927 Віцебскі гіст. архіў, з 1930 Віцебскае аддзяленне Цэнтр. архіўнага ўпраўлення БССР (у 1933—36 Паўн.-Бел., з 1938 Віцебскі абл. архіў). На 1.1.1997 у архіве 6219 фондаў, 1 033 696 спраў з 1917. Зберагае дакументы губ., пав., валасных, акруговых, раённых, гар. і сельскіх устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў. якія дзейнічалі на тэр. Віцебскай вобл., асабістыя фонды. Сярод іх матэрыялы пра гісторыка і краязнаўца А.П.Сапунова, пра Віцебскую нар. мастацкую школу і мастакоў М.Шагала, К.Малевіча, Ю.Пэна, В.Ермалаеву, нар. кансерваторыю і дырыжора М.А.Малько, кампазітара М.В.Анцава, якія працавалі ў ёй, і інш.; успаміны Р.Я.Арансона «Карнілаўскія дні ў Віцебску», дакументы па гісторыі нэпа і калектывізацыі, перыяду Вял.Айч. вайны і інш. Дакументы на бел., рус., ням. і яўр. мовах.
Аддзелы: камплектавання, ведамасных архіваў і справаводства; забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; інфарм.-пошукавых сістэм: выкарыстання дакументаў; гасп.-разліковы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКУМЕНТАЗНА́ЎСТВА,
навуковая дысцыпліна, якая вывучае заканамернасці складання дакументаў, распрацоўвае спосабы іх стварэння, прынцыпы арганізацыі дакументаабарачэння і пабудовы сістэм дакументацыі. Вылучылася з архівазнаўства і архіўнай службы. Звязана з крыніцазнаўствам, якое таксама мае аб’ектам даследавання дакумент. Задачы Д.: павышэнне эфектыўнасці дакументацыйнага забеспячэння аператыўнага кіравання, барацьба з ростам выдаткавання паперы і павелічэння плошчаў, занятых пад сховішчы інфармацыі. Д. выконвае канкрэтныя патрэбы грамадства ў дакументальнай сферы: паляпшэнне якасці дакумента і прыстасаванне яго да ўмоў машыннай апрацоўкі інфармацыі; стварэнне машыначытальных дакументаў, мініяцюрызацыя носьбітаў і пераход да бездакументных камунікацый; забеспячэнне выкарыстання дакументаў у аўтаматызаваных банках даных; стварэнне інфармацыйна-пошукавай сістэмы (ІПС) па дакументах, што функцыяніруюць у апараце, і яе сумяшчальнасць з ІПС дзярж. архіваў; распрацоўка рацыянальнай сістэмы ўліку і захоўвання дакументаў; наданне юрыд. сілы інфармацыі, запісанай на машынных носьбітах. З 1966 даследаваннямі ў галіне Д. займаўся Усесаюзны НДІ Д. і архіўнай справы; у якасці сураспрацоўшчыкаў тэм выступалі цэнтр.дзярж. архівы Беларусі. Пытаннямі Д. займаюцца аддзел справаводства і фарміравання Нац. архіўнага фонду Дзярж.к-та па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь і Бел.НДІ Д. і архіўнай справы (у 1992—95 Бел.н.-д. цэнтр Д., археаграфіі і архіўнай справы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІЛАМЁДАЎ (Уладзімір Васілевіч) (н. 26.12.1937, в. Кругель Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Чл.-кар.АН Беларусі (1994), д-рфілал.н. (1987). Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1959). Настаўнічаў. З 1965 у Ін-це л-ры АН Беларусі (з 1976 нам. дырэктара, адначасова з 1977 заг. сектара тэорыі л-ры), у 1969—76 у апараце ЦККПБ. Гал. тэма яго навук. прац — сучасная бел. паэзія. Аўтар творчых партрэтаў І.Мележа («Іван Мележ», 1984), В.Зуёнка («Праўда зерня: Творчы партрэт Васіля Зуёнка», 1992), П.Броўкі, К.Кірэенкі, А.Куляшова, Е.Лось і інш. За дапаможнік для настаўнікаў «Янка Купала: Новы погляд» (1995) Літ. прэмія імя У.Калесніка 1996.
Тв.:
Лірычны летапіс часу. Мн., 1967;
Традыцыі і наватарства. Мн., 1972;
Упоравень з векам. Мн., 1976;
Як само жыццё. Мн., 1980;
Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1983;
Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984;
Пафас жыццесцвярджэння. Мн., 1985;
Класікі і сучаснікі. Мн., 1987.
Літ.:
Юревич В. Исследуется современная поэзия // Нёман. 1974. №1;
Мішчанчук М. Гаворку трэба прадоўжыць // Полымя. 1977. №4;
Семашкевіч Р. Паэзія ў полі зроку навукі // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЕКТАЛО́ГІЯ (ад дэфект + ...логія),
навука пра заканамернасці псіхічнага развіцця, выхавання і навучання дзяцей, якія патрабуюць асаблівай увагі: глухіх, сляпых, са слабым зрокам ці слыхам, разумова адсталых, з затрымкай псіхічнага развіцця, цяжкімі парушэннямі маўлення, вынікамі дзіцячага цэрэбральнага паралічу, комплекснымі парушэннямі (слепаглухіх, глухіх з разумовай адсталасцю, сляпых з затрымкай псіхічнага развіцця і інш. камбінацыямі). Як самаст. галіна навукі склалася ў пач. 19 ст. Сучасная Д. апіраецца на дасягненні псіхалогіі, педагогікі, у т. л. народнай, прыродазнаўства, медыцыны, тэхнікі, радыёэлектронікі. Вызначае структуру і сістэму метадаў і методык дыягностыкі і дыферэнцыяльнай дыягностыкі стану своеасаблівага псіхічнага развіцця дзяцей з парушэннямі ў сістэме аналізатараў, ц. н. с., маўленчай дзейнасці; распрацоўвае прынцыпы, абгрунтоўвае змест, метады і сродкі карэкцыйна накіраванага навучання і выхавання; даследуе праблемы абілітацыі (стварэнне механізмаў кампенсацыі ў дзяцей з прыроджаным дэфектам), рэабілітацыі (сістэма мер па рэадаптацыі асоб з набытым дэфектам), сац. адаптацыі, прафарыентацыі. У Беларусі праблемы Д. распрацоўваюцца на кафедрах дэфекталагічнага ф-та Бел.пед. ун-та, у сектарах аддзялення Д. Нац. ін-та адукацыі, на кафедры Д. Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Спецыялістаў для спец. дзіцячых устаноў рыхтуе Бел.пед.ун-т і педвучылішча № 2 у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЙКА,
старажытны духавы язычковы музычны інструмент класа аэрафонаў. Вядома ў бел., рус., укр. народаў (на Беларусі наз. таксама дудка, ражок, пішчык, чаротка). Ж. — важны канструкцыйны элемент дуды. Канструкцыя Ж. пры захаванні вызначальнай адзінкі — адзінарнага язычка-пішчыка — дапускае варыянтнасць інш. элементаў. Мясц. разнавіднасці Ж. адрозніваюцца матэрыялам (дрэва, саломіна, гусінае пяро, чарот, рог), колькасцю адтулін (4—12, ёсць і без іх), адсутнасцю або наяўнасцю раструба, прынцыпамі вырабу і мацавання язычка (наразны або прывязаны), памерамі (100—360 мм). Гучанне моцнае, рэзкае, крыху гугнявае. Ігралі на Ж. сола і ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі, гармонікам паасобку і ў розных камбінацыях (часам і з барабанам). У рэпертуары жалеечнікаў песенныя і танц. мелодыі, вясельныя маршы, часам пастухоўскія сігнальныя найгрышы. Інструмент быў пашыраны ва ўсёй Беларусі ў музыкантаў-прафесіяналаў і аматараў, у т. л. пастухоў. У пач. 20 ст. ўведзена В.Андрэевым у аркестр рус.нар. інструментаў. З сярэдзіны 19 ст. выцясняецца кларнетам. У наш час трапляецца рэдка. Ж. апета ў бел.нар. песнях і ў прафес. паэзіі (першы зб. вершаў Я.Купалы наз. «Жалейка», 1908).